Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Верш на cвабоду


"Свабодай" –
назвалі газэту студэнты.
Прыдумана ў Санкт-Пецярбурзе,
адбіта у Лябёдцы
Лідзкага павету –
на дасьвецьці стагодзьдзя.
Беларускае слова
друкаванымі літарамі
было навіной.
Алаіза – адзіная зь іх дзяўчына –
дала верш:
Цяжка жыць, трудзіцца,
Калі няма долі.
Жыта не радзіцца
На мужыцкім полі…
Хтось напісаў надзённы артыкул –
аб беларусах і аб патрэбе волі.
Душою падпольнай рэдакцыі
быў Іваноўскі Вацлаў.
Дапамагалі браты –
Тадэвуш і Юры.
Першы стаў летувісам пазьней,
другі, што ня дзіўна, – палякам.
Памёр беларусам
толькі Вацлаў.
Яго напаткала куля.

Газэты ня знойдзеш той
у архівах
і бібліятэках.
Яна
стала легендай,
ня болей.
Але пры канцы ста гадоў
у раманным 1984-м
студэнт Альма матэр
закончыў вучобу
дыплёмнай работаю
аб "Свабодзе".
Гэтым студэнтам быў ты.
У новай газэце "Свабода"
агітаваў за волю.
Газэту забаранілі.
Свабода быццам застаецца на паперы.
Марай, прывідам,
усяго толькі словам…
Стагодзьдзе ж мінула.

Сілы трываць
надае вольны голас
на радыёхвалі.
З горада Пражскага,
скуль
наша кніга пайшла.
У хоры "Свабоды"
гучыць і твой голас.
Голас "Свабоды" цепліць
надзею
на волю.
Памірае надзея апошняй.
Але –
не заўжды памірае.

Сяргей Астраўцоў

XS
SM
MD
LG