Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

100 мільёнаў за незаконнае зьняволеньне ў калёніі


Андрэй Бандарэнка

Андрэй Бандарэнка

Андрэй Бандарэнка: «Гэта перамога, пасьля якой застаецца пачуцьцё крыўды»

Калегія Менскага гарадзкога суду задаволіла пазоў Андрэя Бандарэнкі да Міністэрства фінансаў аб кампэнсацыі яму маральных стратаў, атрыманых падчас зьняволеньня, прызнанага судом незаконным. Былы прадпрымальнік, а цяпер праваабаронца атрымае 100 мільёнаў рублёў кампэнсацыі, хоць у пазове прасіў заплаціць яму 120 мільёнаў рублёў.

У 2010-м годзе, пасьля амаль году папярэдняга зьняволеньня прадпрымальнік Андрэй Бандарэнка быў асуджаны на 6 гадоў калёніі нібыта за крадзеж праз махлярства. У Бабруйскай калёніі, куды зьмясьцілі Андрэя Бандарэнку, ён некалькі разоў трымаў галадоўкі пратэсту супроць прысуду і ў выніку дамогся новага суду і апраўданьня. Андрэй Бандарэнка выйшаў на волю ў сакавіку 2011 году, заняўся праваабарончай дзейнасьцю, а паралельна дамагаўся кампэнсацыі нанесеных яму стратаў і пакараньня вінаватых у тым, што яго незаконна асудзілі. Першага ўдалося дамагчыся, другога — пакуль не, сказаў Андрэй Бандарэнка ў інтэрвію «Свабодзе» 16 студзеня.

Бандарэнка: «Безумоўна, гэта перамога, мы яе дасягнулі. І гэта галоўнае. Але калі разглядаць падрабязнасьці, то застаецца крыўда на сваю краіну. Крыўда на судзьдзяў, якія палічылі, што 120 мільёнаў — гэта зашмат для амаль двух гадоў турмы, і вырашылі зэканоміць. Цягам двух гадоў пасьля майго вызваленьня аспрэчвалі рашэньне, зацягвалі яго выкананьне. Шкада, што наша краіна ня цэніць сваіх грамадзянаў, а найперш цэніць тое, колькі грошай будзе ў бюджэце».

Карэспандэнт: «Гэта вам кампэнсуюць 22 месяцы ў зьняволеньні. А што наконт страчанага бізнэсу, іншых стратаў?»

«Нічога. Яшчэ толькі кампэнсавалі страты на адваката ў памеры 60 мільёнаў, а ўсё астатняе не кампэнсавалі, бо няма дакумэнтаў, якія б пацьвердзілі гэтыя страты. Атрымліваецца, цягам майго зьняволеньня сваякі мусілі браць квітанцыі на ўсе выдаткі, якія былі зьвязаныя са мной. Але зразумела, што тады ніхто не спадзяваўся на апраўдальны прысуд, таму ніякіх дакумэнтаў ніхто не зьбіраў. Адзінае, што можна было пацьвердзіць, — гэта выдаткі на адваката. Што і было зроблена».
Тады ніхто не спадзяваўся на апраўдальны прысуд, таму ніякіх дакумэнтаў ніхто не зьбіраў

Карэспандэнт: «На вашым працэсе фігураваў сьведка, які супроць вас сьведчыў тое, што потым не пацьвердзілася. Памятаю, вы ў судзе публічна абвінавачвалі яго ў паклёпе і даводзілі гэта суду. З тым сьведкам сьледчыя органы разьбіраліся?»

«Ніхто зь ім не разьбіраўся. І пазьней, нягледзячы на нашы запыты, на паказаньні, што ён быў асобай, зацікаўленай у абвінаваўчым прысудзе адносна мяне, цікаўнасьці да сьведкі праваахоўныя органы ня выявілі. Сьведка Пратасевіч і зараз працягвае працаваць на дзяржаўнай службе, хоць судом прызнана, што акт праверкі, які ён склаў, быў фактычна сфальшаваны».

Карэспандэнт: «То бок суд прызнаў, што вас прыцягнулі да суду незаконна, але ніхто за гэта пакараньня не панёс?»

«Так. Больш за тое: адна з судзьдзяў, Тацяна Равінская, якая мяне прысудзіла да зьняволеньня, атрымала падвышэньне. Яна цяпер працуе ў Менскім гарадзкім судзе. Магчыма, дзяржава больш зацікаўленая ў судзьдзях, якія выконваюць загады зьверху, чым у тых, хто найперш грунтуецца на законе».

У канцы 2012 году была зачыненая ўстанова «Плятформа», якую Андрэй Бандарэнка стварыў дзеля абароны правоў беларускіх вязьняў. Між тым праваабаронца не спыніўся і заснаваў новую ўстанову «Плятформа інавэйшн», празь якую зьбіраецца працягваць праваабарончую дзейнасьць.

Андрэй Бандарэнка нарадзіўся ў 1973 годзе ў Ваўкавыску Гарадзенскай вобласьці. Скончыў Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт. Працаваў перакладчыкам у Міністэрстве спорту і турызму. Пасьля заснаваў уласнае прадпрыемства, якое займалася будаўніцтвам і пастаўкай будаўнічага абсталяваньня. У 2006 годзе ўступіў у АГП.

У 2008-м удзельнічаў у выбарах у Палату прадстаўнікоў. Не пагадзіўся з афіцыйным вынікам выбараў, згодна зь якім прайграў. Пратэсты скончыліся тым, што супраць Бандарэнкі завялі крымінальную справу — нібыта ён абакраў былую ўласную фірму. На час зьехаў зь Беларусі. Вярнуўшыся, быў арыштаваны 22 траўня 2009 году. Абвінавачаны ў крадзяжы ў буйных памерах, злоўжываньні службовым становішчам і махлярстве.

9 кастрычніка 2009 году судзьдзя Першамайскага суду Менску Леанід Ярмоленкаў прызнаў Бандарэнку вінаватым у тым, што ён нібыта абакраў сваю фірму праз службовыя злоўжываньні, і асудзіў на 7 гадоў зьняволеньня. Бандарэнка адбываў пакараньне ў Бабруйскай калёніі № 2 узмоцненага рэжыму.

22 сакавіка 2011 году быў апраўданы Менскім гарадзкім судом.

Жанаты, мае дачку.

Сябра Нацыянальнага камітэту АГП.
XS
SM
MD
LG