Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва аддае Швэцыі справу “плюшавага дэсанту”


Плюшавыя мядзьведзі, скінутыя на беларускую тэрыторыю швэдзкімі актывітстамі.

Генэральная пракуратура Літвы пастанавіла зьвярнуцца да Швэцыі з просьбаю пераняць крымінальны перасьлед у сувязі зь незаконным перасячэньнем літоўска-беларускай мяжы 4 ліпеня мінулага году, паведамляе Baltic News Service.

Гаворка ідзе пра акцыю швэдзкіх актывістаў, якія ўляцелі лёгкаматорным самалётам зь Літвы ў паветраную прастору Беларусі і скінулі сотні плюшавых мядзьведзяў зь лёзунгамі, якія заклікаюць да свабоды слова.

У распаўсюджаным сёньня паведамленьні пракуратура адзначае, што ў Літве праведзеныя ўсе магчымыя дзеяньні ў рамках крымінальнага працэсу, а далейшы крымінальны перасьлед магчымы толькі ў Швэцыі.

Літоўскія пракуроры прызналі за падазраваных двух чалавек. Прэсавая сакратарка пракуратуры Рыта Стундзене сказала BNS, што падазраваныя зьяўляюцца жыхарамі Швэцыі, аднак іх грамадзянства не называецца.

Паводле зьвестак Генэральнай пракуратуры, у выніку расьсьледаваньня ўстаноўлена, што 4 ліпеня самалёт Jodel з швэдзкім рэгістрацыйным нумарам, парушыўшы лётныя правілы, без патрэбных дакумэнтаў і дазволу перасячы дзяржаўную мяжу, вылецеў зь Літвы ў Беларусь, а затым вярнуўся ў Літву.

Цяпер просьба пракуратуры разам з матэрыяламі справы перадаецца літоўскаму Міністэрству юстыцыі, якое, згодна з прадугледжаным міжнароднай дамоваю парадкам перадачы, будзе выступаць пасярэднікам у перасыланьні і далейшым разглядзе справы ў Швэцыі.
XS
SM
MD
LG