Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лісты з Каліфорніі


Папулярнаму вядучаму тэлепраграмы “Позна ўвечары з Джэем Лена” прысьніўся сон: у Амэрыку прыляцелі іншаплянэтнікі і просяць: “Правядзі нас да вашага лідэра!” Лена ў жаху прачнуўся.

Амэрыка зараз нэрвова чакае вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў – адна калега прызналася, што ўжо некалькі дзён нічога ня робіць на працы, бо ўвесь час сочыць за навінамі і ня можа ні на чым іншым засяродзіцца. Урыўкі размоваў, якія міжволі чуеш на вуліцы, у дэмакратычным Макдольдзу ці элітным японскім рэстаране круцяцца вакол няскончанай прэзыдэнцкай гонкі. Сто мільёнаў выбаршчыкаў выбітыя з каляіны, і ў гэтага чаканьня ёсьць свая цана – палітычная, эканамічная, сацыяльная, псыхалягічная.

Хто безумоўна зарабіў на паўзе – гэта клоўны: аўдыторыя вечаровых пацяшальных перадачаў за апошні тыдзень падвоілася. Некалі неад’емная частка цыркавой праграмы, часам сольны нумар, але пераважна запаўняльнікі паўзаў паміж вялікімі атракцыёнамі, амэрыканскія клоўны зараз кожны дзень на нацыянальнай тэлеарэне.

Комікі прапануюць запускаць кандыдатаў у Белы Дом па чарзе – адзін дзень начуе Гор, наступны Буш. Паведамляюць навіну: “Кандыдат ад рэспубліканцаў на мінулых выбарах Доўл патрабуе пераліку галасоў 1996 году!” Складзены сьпіс 10 плюсаў жыцьця без прэзыдэнта: напрыклад, у школе настаўнікі перастануць пужаць дзяцей, што калі тыя вырастуць, дык могуць стаць прэзыдэнтам; сярод 10 мінусаў – практыканты ў Белым доме будуць вымушаныя займацца сэксам паміж сабой. “Тата, ты ж абяцаў!” – парадысты дражняць Буша, перакрыўляюць мэханістычныя інтанацыі Гора.

Амэрыканская індустрыя сьмеху апошнія гады няблага існавала за кошт Біла Клінтана. І ня толькі амэрыканская: тут ў архівах Гувэраўскага інстытуту захоўваюцца нумары абсалютна незалежнай менскай газэты “Навінкі”, якая летась у студзені надрукавала супэр-тэст да амэрыканскіх прэзыдэнцкіх выбараў, які павінен быў дапамагчы чытачам вызначыць, за каго галасаваць. Сярод пытаньняў – ці граеце вы на саксафоне, ці выпісваеце газэту “Рэспубліка” і ці Арканзас – самая высокая гара ў Беларусі. Гіронія не патрабуе перакладу.

Большасьць галасавых гукаў, якія ня ёсьць словамі, звычайна адносяць да далінгвістычнай мовы – але сьмех уяўляе асаблівую форму камунікацыі, а найбольш блізкім да сьмеху паводле прыроды ёсьць ягоная супрацьлегласьць – плач. Амэрыканскія выбары адрозьніваюцца ад беларускіх тым, што ў Амэрыцы ніяк не палічаць галасы, а ў Беларусі яны палічаныя перад галасаваньнем. Розьніца як паміж сьмехам і плачам.

Тое, што здарылася ў Амэрыцы 8 лістапада, нагадвае формулу сьмеху, якую вывеў Імануіл Кант: раптоўны пераход напружанага чаканьня ў нішто.

Цім Расэрт, адзін з аўтарытэтных амэрыканскіх журналістаў, вядучы ўплывовай праграмы “Сустрэча з прэсай”, прадказвае, што хто б ні быў прызнаны пераможцам выбараў сёлета, новая прэзыдэнцкая кампанія пачнецца ўжо ў наступным годзе. Можна таксама меркаваць, што прэса будзе ня толькі суб’ектам, але і аб’ектам сатыры.

Miami Herald – газэта места, дзе разгортваецца выбарчая драма – прызнае: “Мы, журналісты, зрабілі некалькі дзіцячых памылак у дзень выбараў. Мы мелі рацыю ў асноўных дэталях: правільна паведамілі дату выбараў, імёны кандыдатаў і колькасьць штатаў у Амэрыцы. Недакладнымі былі толькі нязначныя дэталі: кшталту таго, хто выйграў выбары. Так здарылася, бо СМІ засяроджаныя на хуткасьці. Галоўная задача – апярэдзіць супернікаў. Калі б агэнцтвы навінаў валодалі авіякампаніямі, нас бы нашмат менш цікавіла, колькі самалётаў разьбілася, чым тое, зь якой хуткасьцю яны падалі”.

На мінулых выбарах у Флярыдзе праславіліся гаіцяне, якія пераехалі сюды на жыхарства і ўпершыню атрымалі права голасу. Яны прагаласавалі за свайго кандыдата, а таксама за ягонага апанэнта – іначай было б няветліва, тлумачылі далікатныя астравіцяне зьбянтэжанай выбарчай камісіі.

Ужо абвешчана пра выпуск кнігі “Памерці можна толькі двойчы” – у сьпісе выбаршчыкаў значылася асоба, якая, на думку адной партыі, даўно галасуе на выбарах арханелаў, а паводле другой, выбірае лепшых качагараў у пекле. Далібог, прасьцей было б перакласьці што-небудзь зь беларускай мовы – у Беларусі нябожчыкі галасуюць рэгулярна, масава і заўсёды за таго кандыдата, што ва ўладзе. Трэба прызнаць, што абодвум амэрыканскім кандыдатам далёка да першага беларускага прэзыдэнта, а ўзровень Ведзьмака Лысагорскага пераўзыйсьці цяжка нават амэрыканскім прафэсіяналам шоў-бізнэса.

Кажуць, самае страшнае, што можа здарыцца з палітыкам – ён стане сьмешным. (Па-мойму, гэта перабольшаньне, ёсьць куды больш страшныя варыянты – напрыклад, страта легітымнасьці ці імпічмэнт). Я чуў меркаваньне, што бясконцыя пародыі і кпіны з палітыкаў таксама спрычыняюцца да апатыі выбаршчыкаў і падзеннья прэстыжу, калі разабрацца, сапраўды паважанай і складанай прафэсіі. Палітычны кляс у Амэрыцы ў сваёй абсалютнай большасьці складаецца з годных і вартых павагі людзей з рознымі поглядамі. Аднак пытаньне іншае – ці уплываюць сродкі маскультуры на палітычны працэс.

І Джордж Буш, і Альбэрт Гор адказалі на гэтае пытаньне станоўча: абодва ўдзельнічалі ў вечаровых гумарыстычных праграмах і зрабілі адзінае, што можна было зрабіць – сьмяяліся з саміх сябе. Калі вядучы комік папярэдзіў, што зараз будзе страшна і апрануў гумавую маску Буша, той сказаў: “А ў мяне ёсьць нешта больш страшнае,” – і апрануў маску Гора – так у масках яны і працягвалі дыялёг. Гор, якога абвінавачваюць у перабольшаньнях, у тым ліку, быццам ён прыдумаў Інтэрнэт, заявіў : “Я даў вам Інтэрнэт – я магу і забраць”. Кандыдат у віцэ-прэзыдэнты адзначае перавагі сваёй пасады: калі заплюшчыць левае вока, дык надпіс на пячатцы чытаецца “прэзыдэнт ЗША”. Цяпер я ведаю, як тлумачыць цікаўным, чаму такой пасады няма ў Беларусі.

Арыстотэль зьвязваў сьмех з выродлівасьцю і прыніжэньнем, Цыцэрон з вульгарнасьцю і выродствам, Дэкарт лічыў яго праявай радасьці, спалучанай з раптоўнасьцю ці нянавісьцю. Французскі філёзаф Анры Бэргсон вызначаў сьмех як форму пратэсту супраць мэханічнасьці чалавечых паводзінаў і прыроды, а яшчэ адзін клясык 20-га стагодзьдзя Зыгмунд Фройд выводзіў яго ад прыціснутага сэксуальнага пачуцьця. Клясычным лічыцца тлумачэньне Томаса Гобса, аўтара “Левіятана”, які ў 1651 пісаў: “Жарсьць сьмеху ёсьць ні што іншае, як раптоўная слава, што паходзіць зь нечаканага ўсьведамленьня пэўнай уласнай выбітнасьці ў параўнаньні да слабасьці іншага ці сваёй ранейшай”.

Хто б ня выйграў прэзыдэнцкія выбары ў Амэрыцы, як мінімум 50 мільёнаў чалавек будуць сьмяяцца. Нягледзячы на спрэчкі, усе тэарэтыкі пагаджаюцца ў адным: эмоцыі, якія разраджаюцца ў сьмеху, заўсёды маюць элемэнт агрэсіі, якая раптам губляе сваю мэту. Так што, верагодна, будуць сьмяяцца і астатнія 50 мільёнаў выбаршчыкаў – што зусім нядрэнна .

Першымі, як заўсёды, сьмяяліся студэнты. У мінулы панядзелак па Стэнфардзе ішла жалобная працэсія: біў барабан унівэрсытэцкага вулічнага аркестру, каля сотні студэнтаў, апранутых ва ўсё чорнае, ішлі за вурнай для галасаваньня, падобнай да труны. Пасьля адбыўся жалобны мітынг. Акцыя выглядала досыць бяскрыўднай ў параўнаньні з адной мясцовай традыцыяй танчыць на магілах.

Пра яе неяк пазьней, а пакуль адзначу, што напрыканцы эры Біла Клінтана ў кулюарах індустрыі сьмеху пачалі выказваць сур’ёзную заклапочанасьць тым, што адсутнасьць такой калярытнай асобы пазбавіць вечаровыя шоў перцу і солі. Што ў сваю чаргу прывядзе да страты аўдыторыі ды, адпаведна, заказаў на рэкляму і даходаў. Зараз парадысты ўздыхнулі з палёгкай: супрацьстаяньне ў Флярыдзе дае прафэсійным гумарыстам падставу глядзець у будучыню ўпэўнена – г.зн. са сьмехам.

Як казаў Вальтэр, мастацтва лячэньня палягае ў тым, каб забаўляць пацыэнта, пакуль прырода, а ў нашым выпадку выбарчая камісія, робіць сваю справу.

Аляксандар Лукашук,
Гувэраўскі інстытут, Стэнфард

XS
SM
MD
LG