Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лісты з Каліфорніі


У цэнтры Сан-Францыска я рэгулярна сустракаю акуратна апранутага чалавека з плякатам: “Імпічмэнт Клінтану! 12 галяктыкаў выказаліся “за”. Ён – частка гарадзкога пэйзажу і досыць бяскрыўдная – зрэшты, хаця б не выступае за татальную забарону сэксу, як робіць яшчэ адзін барадаты пэрсанаж з мэгафонам. Пераходзіш вуліцу, і раптам табе ў вуха нехта як гаркне пра шкоднасьць каханьня.

Я потым бачыў, як яго саджалі ў паліцэйскую машыну – спачатку з задняга сядзеньня выкацілі запасное кола, потым увапхнулі прамоўцу, прыціснулі гумай і павезьлі. Абаронцаў у прыхільніка альтэрнатыўных формаў працягу жыцьця не знайшлося. Праўда, забралі яго не за агітацыю, а за тое, што блякаваў праезд.

Свабода слова, як і свабода асацыяцыяў – добра вядомыя рысы жыцьця па-амэрыканску. Таму я ня надта зьдзівіўся, калі пачуў пра асацыяцыю сяброў цёмнага неба, якая вядзе змаганьне супраць сьвятла. Абы не перашкаджалі праезду – але аказалася, што даволі актыўна перашкаджаюць. І ня толькі ў Каліфорніі, але ва Ўкраіне і ў Польшчы, Расеі і Літве, Латвіі. Адзінае выключэньне ў цэнтральнай Эўропе – Беларусь.

Некалькі амэрыканцаў са штату Арызона, якія ў 1988 годзе заснавалі “Асацыяцыю Цёмнага Неба”, не належалі да акультных сэктаў ці гангстэрскіх груповак. Ноч цікавіла іх выключна ў мірных мэтах. Зорнае неба, якое заўсёды прыцягвала чалавека сваёй фантастычнай прыгажосьцю і невымернай тайнай, у 20-м стагодзьдзі паціху стала зьнікаць. Людзі, якія раней назіралі за ўзыходам Вэнэры з парогу дома, даўно жо ня бачаць сузор’яў свайго дзяцінства. Прычына – штучнае сьвятло. Агні гарадоў, яркая рэкляма, падсьвятленьне будынкаў і помнікаў, ілюмінацыя на дрэвах, магутныя лямпы на высокіх слупах уздоўж дарог кардынальна зьмянілі колер сучаснай ночы. Адзін астраном-аматар з Вашынгтону скардзіўся, што мусіць езьдзіць за 100 міляў ад сталіцы, каб нагледзецца на галяктыкі.

Задача сяброў “Цёмнага неба” – змагацца са сьветлавым забруджаньнем, неэфэктыўным вулічным асьвятленьнем, каб вярнуць ноч на Зямлю. Сёньня асацыяцыя налічвае больш за пяць тысячаў сяброў у 71 краіне і мае сваю старонку ў Інтэрнэце www.darksky.org

У штаб-кватэры, дзе я атрымаў гэтыя дадзеныя, мне пацьвердзілі, што ў Беларусі барацьбу за цёмную эўрапейскую ноч пакуль ніхто не вядзе і пацікавіліся, чаму. Я апраўдваўся тым, што у Беларусі пакуль праблемы з днём па-эўрапейску – але запэўніў, што існуе паважная традыцыя барацьбы з залішне яркім асьвятленьнем, асабліва на танцпляцоўках. Адмыслоўцы гасяць тыя лямпачкі з аднаго кідка.

Беларусы любяць і шануюць сваё неба ня менш за суседзяў. Вось што гаворыць герой адной беларускай кніжкі, выдадзенай каля ста гадоў таму:

“А колькі зоркаў на небі, гэтага яшчэ ніхто не зрахаваў і не зрахуець ніколі. А колькі яшчэ мігаціць на гэтым белым пасі зоркаў, каторы ў нас называюць млечным паясом, або Мінскім гасьцінцам, бо цягнецца ён як бы з Мінска да Вільна! Кажуць людзі, што гэта ня зоркі, але проста белая смуга; а яшчэ некаторыя гаворуць, што нехта ішоў па небі, разьбіў жбан з малаком, і малако разьлілося ўздоўж белай смугай; але гэта такая самая праўда, як тая, што на месяцы чорт хлопца на вілах трымаець”.

Кніга захоўваецца тут у Каліфорніі, на паліцах Гувэраўскай вежы і называцца “Гутаркі аб небі і зямлі”. Яна выйшла ў 1907 годзе ў Пецярбургу у рамках знакамітай сэрыі “Загляне сонцэ і ў нашэ ваконцэ!” Як кніжка патрапіла з друкарні К. Пянткоўскага, што была на Вялікай Пад’ячаскай вуліцы, у Стэнфард – дакладна ня ведаю, але я стаў першым чытачом – прынамсі, старонкі давялося разразаць спэцыяльным нажом для паперы. Сёньня яе герой, сялянскі хлопец, хіба ня змог бы пабачыць Менскі гасьцінец – той самы зорны пояс, што цягнецца зь Менску да Вільні. І прычына – сьветлавое забруджаньне.

Асацыяцыя цёмнага неба з дапамогай сатэлітных фатаграфіяў склала начную мапу Эўропы – увесь кантэнэнт у вагнях. У Беларусі вылучаюцца абласныя гарады, індустрыяльныя цэнтры – Бабруйск, Баранавічы, Мазыр, раённыя сталіцы, – усяго каля паўсотні сьветлавых кропак. Але самая яркая пляма ў гэтым рэгіёне Эўропы – якраз на лініі Менск – Вільня.

Адрас мапы ў Інтэрнэце:
http://debora.pd.astro.it/cinzano/defaulten.html

У Амэрыцы вулічнае асьвятленьне рэгулюецца спэцыяльным кодэксам, дакумэнтам даволі паважнага аб’ёму. Аматары цёмнага неба лічаць кодэкс карысным, але недастаткова канкрэтным, ягоныя рэкамэндацыі адрасаваныя перш за ўсё фэдэральным установам і арганізацыям. Сябры цемры ўзялі ініцыятыву ва ўласныя рукі і вядуць прапаганду якаснай ночы сярод сваіх знаёмых, мясцовых бізнэсмэнаў і палітыкаў. Замест начнога пражэктарнага асьвятленьня амэрыканскага сьцяга, напрыклад, прапануецца разам з заходам сонца прыспускаць зорна-паласатае палотнішча, як гэта традыцыйна рабілася на працягу стагодзьдзяў. З дапамогай псыхолягаў распрацаваны дапаможнік “Як пагаварыць з суседам, у якога дрэнная яркая лямпа”.

У Менскіх мікрараёнах адзін час была мода мацаваць магутныя ртутныя лямпы проста на панэль дома, каля вакна 3-4 паверхаў. Можна ўявіць, якія сны сьнілі ў тых пакоях. І можна ўявіць, як бы рэагавалі ў ЖЭСе, калі загаварыць зь імі пра ахову зорак і галяктыкаў на тэрыторыі мікрараёну.

Ноччу страшна – гэта галоўная прычына перанасычэньня гарадзкіх вуліц сьвятлом. Аматары цемры называюць нашыя начныя страхі атавізмам, які ідзе ад пячэрных часоў, калі ноч сапраўды належала драпежнікам. Вялікія вогнішчы, паходні, трэскі, сьвечкі, алей і газа ў лямпах і, нарэшце, электрычнасьць – так выглядае кароткая гісторыя змаганьня чалавецтва з цемрай. У 1997 годзе міністэрства юстыцыі ЗША падвяло вынікі гэтай барацьбы з начнымі жахамі. Дасьледаваньне засьведчыла: так, ярка асьветленыя вуліцы выклікаюць у людзей пачуцьцё бясьпекі; аднак статыстычнай сувязі паміж злачынствамі і сьвятлом няма. Іншымі словамі – абрабаваць з аднолькавымі шанцамі могуць і пад ліхтаром, і ў ценю.

Фактычна, неапраўданае пачуцьцё бясьпекі на асьветленай вуліцы – а менавіта такі эфэкт даюць яркія лямпы – вядзе да страты пільнасьці і падвышае шанцы стаць ахвярай.

Сябры “Цёмнага неба” выступаюць ня супраць сьвятла наагул, а за памяркоўнае асьвятленьне, скіраванае толькі туды, куды трэба, ужываньне ашчадных прыбораў. І іх чуюць: заканадаўцы ў штатах Арызона, Канэктыкут, Мэйн, Ню-Мэксіка, Тэхас прагаласавалі за законы, якія рэгулююць асьвятленьне; сотні гарадзкіх і іншых мясцовых радаў па ўсёй Амэрыцы прынялі адпаведныя пастановы і стандарты. А ў штаце Мічыган ля возеру Гудзон у 1992 годзе ўпершыню ў Амэрыцы быў утвораны запаведнік “Цёмнага неба”. Мясцовыя аматары і госьці хваляцца, што на плошчы 2650 акраў няма ніводнай лямпачкі і адтуль можна няўзброеным вокам бачыць сузор’е Андрамэды.

На мапе яркай эўрапейскай ночы першая істотная паводле памеру чорная пляма зьяўляецца якраз на поўдні Беларусі і поўначы Украіны.Так і хочацца сказаць ганарлівым мічыганцам – welcome to Pales’se, вось дзе ноч дык ноч – на тысячу квадратных кілямэтраў хоць вока выкалі. Але беларуская ноч стане прадметам экспарту не раней, чым прыйдзе эўрапейскі дзень.

Асабліва каштоўная цемра ў ваколіцах астранамічных абсэрваторыяў. Адзін з самых вядомых у сьвеце дасьледчых цэнтраў зорнага неба месьціцца ў Каліфорніі ў гарах Сьвятой Габрыэлы – але тутэйшыя астраномы скардзяцца на ўсё большае сьветлавое забруджаньне ад Лёс-Анджэлеса. А вось на Гаваях, дзе на гары Маўна Кеа сканцэнтраваная найбольшая ў сьвеце колькасьць тэлескопаў, мясцовы парлямэнт заканадаўча правёў замену неэфэктыўных ртутных лямпаў на эканамічныя серныя сьвяцільнікі нізкага ціску.

“Цёмнае Неба” заваявала аўтарытэт у Амэрыцы і днём. Сёлета асацыяцыя атрымала два гранты на сваю дзейнасьць – 150 тысячаў даляраў ад Нацыянальнага Навуковага Фонду і 100 тысячаў ад прыватнага фонду Эдвіна Полі з Каліфорніі. Імя аднаго з актывістаў “Цёмнага Неба”, Боба Гэнэта, нададзенае астэроіду нумар 10498 – гэта той самы зорнік, што выяжджае з Вашынгтону за сто міляў, каб паглядзець на галяктыкі і каметы.

Свае 30 даляраў – сяброўскі унёсак напэўна аддаў бы “Цёмнаму небу” і пастух са старой кнігі “Гутаркі аб небі і зямлі”, які прызнаецца: “Расьцягнуся бывала, дзе на лузі пад стогам і пазіраю на неба, – што бяз берага яно і бяз канца; як падумаеш сабе, што гэтыя маленькія зоркі – такія вялікія, як нашэ сонцэ, або яшчэ большыя; і што іх так многа, так аж у галаве чалавека закруціцца, і навэт страх думаць аб гэтым сьвеці Божым: німа яму ані канца, ані меры, ані рахунку!..”

Авечага пастуха зь беларускай вёскі і астранома-аматара з Амэрыкі аднолькава вабіць зорнае неба – нямецкі філёзаф Імануіл Кант называў яго першай зь дзвюх вялікіх тайнаў, якія ўсё жыцьцё займалі яго.

Пра другую тайну – у наступным лісьце з Каліфорніі.

Аляксандар Лукашук,
Гувэраўскі інстытут, Стэнфард

XS
SM
MD
LG