Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дызэльнае паліва будзе каштаваць 8000, дызельнае паліва «Арктыка» — 9300, АІ-95 — 7800, АІ-92-К-5 —7400. Кошты на паліва падымаюць на 5%. Прычым такое падвышэньне можа адбывацца штоквартальна. Такое рашэньне Міністэрства эканомікі прыняла напарэдадні 2013 году.

Экспэрт Тацяна Манёнак кажа, што спадзявацца толькі на такое адносна невялікае падвышэньне марна. Паліва будзе непазьбежна даражэць, хаця ў Беларусі гэты працэс рэгулюецца дзяржавай: «Урад стрымлівае гэты працэс, бо ад гэтага залежаць і паказчыкі інфляцыі».

Цана на паліва, тлумачыць экспэрт, залежыць шмат ад якіх фактараў: ад фінансавага становішча нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў, ад умоваў імпарту расейскай нафты, ад кошту нафты на сусьветных рынках і іншага:

Тацяна Манёнак

Тацяна Манёнак

«Улічыце той факт, што ўмовы пастаўкі расейскай нафты прынамсі ў першым квартале пагоршыліся ў параўнаньні зь мінулым годам. На першы квартал мы па трубе ад Расеі атрымаем 5, 025 млн тон нафты, а астатнія 625 тысяч тон — па чыгунцы. Гэта больш затратныя пастаўкі і эфэктыўнасьць перапрацоўкі будзе ніжэйшая. Таму і кошты будуць падвышацца».

Экспэрт зьвяртае ўвагу, што і летась цэны на нафтапрадукты падвышаліся некалькі разоў.

Яшчэ адзін фактар, які ўплывае на кошт паліва — гэта падвышэньне акцызаў на нафтапрадукты.

Манёнак: «Акцызную палітыку Беларусь мусіць гарманізаваць у межах стварэньня адзінай эканамічнай прасторы».

Папярэдняе павышэньне цэнаў адбылося 3 кастрычніка 2012 году.
XS
SM
MD
LG