Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзеля чаго рытуал?


У адказах Лукашэнкі на пытаньні журналістаў ёсьць цікавы сюжэт. Ён сказаў, што раней думаў, нібыта валюту купляюць толькі багатыя людзі. Але было праведзена дасьледаваньне, зь якога высьветлілася, што шмат пэнсіянэраў купляюць даляры. Гэта стала для яго адкрыцьцём. І з гэтага ён робіць выснову, што ў Беларусі ўсе жывуць нябедна.

Сюжэт цікавы тым, наколькі ж ён адарваўся ад рэальнасьці. Ён не разумее, што народ ня верыць у беларускі рубель, што валюта — гэта сродак захаваньня даходаў.

Увогуле, узьнікае пытаньне, навошта ён праводзіў гэтую прэсавую канфэрэнцыю, калі нічога новага не сказаў, толькі паўтарыў усе тэзісы, якія агучваў шмат разоў. Каму патрэбен гэты рытуал, які цікавы больш журналістам, чым большасьці насельніцтва?

Рытуалы — гэта сродак замацаваньня ў сьвядомасьці людзей пэўнай рэальнасьці. Беларуская рэальнасьць — гэта Лукашэнка. Ён як элемэнт прыроды, як частка жыцьцядзейнасьці соцыюму. Віншаваньне з Новым годам, з Калядамі, правядзеньне нарадаў, наведваньне прадпрыемстваў і калгасаў — бяз гэтага звыклага рытуалу цяжка ўявіць сабе беларускую публічную прастору. Прэсавыя канфэрэнцыі раз ў год — частка гэтай рэчаіснасьці. Таму пытаньне «навошта?» — недарэчнае. Каб не забываліся пра рэальнасьць, якая фатальна наканаваная беларусам, як прыход новага году.

Гэта можа было б лічыць і рацыянальнай лёгікай, калі б не цяперашняя сытуацыя з грамадзкімі настроямі. Яны даволі неспрыяльныя для кіраўніка дзяржавы. Ён гэта разумее і робіць вялікія намаганьні, каб пераламіць такі неспрыяльны трэнд масавай сьвядомасьць. Пра гэта сьведчыць тая незвычайная актыўнасьць, якую Лукашэнка разьвіў пры канцы мінулага году. Таму варта было чакаць, што і цяперашнюю прэсавую канфэрэнцыю ён выкарыстае для нейкіх гучных заяваў, абяцаньняў, раскажа пра сьвятло у канцы тунэлю.

Але гэтага не адбылося. Абяцаньне вырашыць праблемы (нізкія заробкі настаўнікаў, працоўная міграцыя) прагучала неяк фармальна. Няма чаго сказаць? Ці ўпэўненасьць ў сіле інэрцыі, традыцыі, апатыі і палітычнага фаталізму? Мусіць і тое, і другое.

Напачатку прэсавай канфэрэнцыі здавалася, што Лукашэнка настроены міралюбіва, нават паблажліва. На вострыя пытаньні ён спрабаваў адказваць спакойна, жартаваў. То бок вытрымліваў вобраз мудрага палітыка, якога ніхто і нішто ня можа выбіць з раўнавагі. І на пытаньні пра адносіны з суседзямі ён адказваў, пазьбягаючы абвастрэньня, казаў агульнымі фразамі. Што дало падставу думаць пра пляны пра размарожваньне адносін з Захадам.

Першым пытаньнем, якое вывела яго з раўнавагі была тэма пра Ірыну Халіп. Тут мы ўбачылі звычайнага Лукашэнку. А потым было пытаньне пра прэтэнзіі да ЭЗ, дзе ён не вытрымаў ранейшага спакойнага, ураўнаважанага стылю, перайшоў на агрэсіўны тон. І апошняе, што вывела Лукашэнку з сябе, было пытаньне пра апазыцыю, пра тае, хто можа быць ягоным канкурэнтам на прэзыдэнцкіх выбарах. Тут ён сарваўся. І ня дзіва ж. Бо прэтэндаваць на прэзыдэнцкую пасаду ў Беларусі — гэта блюзьнерства, амаль злачынства.

А сюжэт пра Ірыну Халіп цяжка камэнтаваць. Тут толькі можна разьвесьці рукамі і доўга маўчаць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG