Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У панядзелак міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу рэзка выказаўся супраць таго, што ў расейскім войску дагэтуль выкарыстоўваюцца анучы. У Германскай Дэмакратычнай Рэспубліцы ад анучаў адмовіліся яшчэ ў 1968 годзе. У суседняй Украіне войска адмовілася ад анучаў у 2004 годзе.

У Беларусі яшчэ ў 2010 годзе быў загад, згодна зь якім усё войска павінна быць пераведзена на берцы і шкарпэткі. Як тыя, хто служыў у войску і ўмее намотваць анучы, да іх ставіцца?

Фотарэпартэр «Нашай Нівы» Сяргей Гудзілін — пераможца конкурсу «Прэс-фота Беларусь» менавіта за вайсковыя рэпартажы. Сам служыў у войску ў 2009–2011 годзе. Ён прыхільнік анучаў:

«Анучы ў нейкіх пэўных экстрэмальных умовах нават лепшыя. Пры нейкіх дрэнных кліматычных умовах, марш-кідках, працах зручнейшыя боты і анучы. Пры маёй службе гэта яшчэ было, мы карысталіся анучамі. І ў гэтым ёсьць свае плюсы. Зімой у іх можа быць цяплей, чым у шкарпэтках, яны зручней могуць прымаць форму тваёй стапы».

Павал Белавус трапіў у войска летам 2010 году:
Анучу можна перамотваць вышэй, ніжэй, яна можа быць з аднаго боку мокрая, а з другога — сухая

«Якраз з нашага прызыву ўжо цалкам усім салдатам не выдавалі керзавыя боты і анучы, а выдавалі берцы і шкарпэткі. Праблема адразу ўзьнікала ў тых, хто ў берцах ніколі не хадзіў. Адразу зьяўляліся мазалі, у кагосьці прэлі ногі. А таму гэты, так бы мовіць, аспэкт анучаў заставаўся. Бо калі ты ўжо большы час адслужыў, зьяўлялася такая тэндэнцыя, што ты зноў пераходзіў на керзавыя боты. У цябе знаёмыя сярод начальнікаў складоў, а ботаў і анучаў там яшчэ заставалася шмат. І вось часьцяком перад „дэмбэлем“ шмат хто зноў вяртаўся да керзаў і анучаў, і гэта ўжо станавілася модай: ні ў кога няма, а ў цябе ёсьць. Летам, калі анучы тонкія, у вялікіх ботах з анучамі можа быць ня так сьпякотна, як у шкарпэтках Тым больш, анучу можна перамотваць вышэй, ніжэй, яна можа быць з аднаго боку мокрая, а з другога — сухая. Таму я стаўлюся да анучаў хутчэй пазытыўна, чым адмоўна. Сапраўды, нейкая ўнівэрсальная рэч, якая ў любых умовах можа ўратаваць пры адсутнасьці шкарпэтак».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG