Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнка даслаў змрочны мэсыдж»


У аўторак кіраўнік Беларусі правёў вялікую прэсавую канфэрэнцыю. Якое агульнае ўражаньне ад выступу Аляксандра Лукашэнкі? Ці ёсьць нейкія сэнсацыйныя заявы? Якія можна зрабіць палітычныя высновы?

Удзельнікі: палітоляг Уладзімер Падгол і палітычны аглядальнік газэты «Белорусы и рынок» Паўлюк Быкоўскі.


Якое агульнае ўражаньне ад выступу Лукашэнкі?


Паўлюк Быкоўскі
Паўлюк Быкоўскі
Уладзімер Падгол
Уладзімер Падгол
Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч: «Гэтыя прэсавыя канфэрэнцыі Лукашэнкі ўжо сталі традыцыйнымі. Яны праводзяцца рэгулярна напрыканцы году. Гэтым жа разам правялі на пачатку новага году. Якое агульнае ўражаньне ад гэтага мерапрыемства?»

Уладзімер Падгол: «У адрозьненьне ад ранейшых прэсавых канфэрэнцый Лукашэнку ўдалося пазьбегнуць сур’ёзнага аналізу крызіснай сытуацыі ў эканоміцы. Адчувалася, што ён у добрай палемічнай форме. Лукашэнка прыняў ад журналістаў незалежных мэдыяў аж па некалькі пытаньняў. Хоць ён не адказаў на іх па сутнасьці, а гаварыў што хацеў. Журналіст Радыё Свабода Дашчынскі пытаецца: што вы купляеце дарагі самалёт, будуеце новую рэзыдэнцыю? А Лукашэнка ў адказ дэмагагічна кажа, што наадварот, ён эканоміць і гатовы нават на вэлясыпэдзе езьдзіць. Гэта быў спэктакль. Лукашэнка проста гуляўся з аўдыторыяй».

Паўлюк Быкоўскі: «Паводле тэорыі, прэсавая канфэрэнцыя — мерапрыемства, якім кіруе той, хто яго арганізоўвае. Мы бачылі, як дырыжыраваліся пытаньні. Спачатку задаваліся такія пытаньні, якія ўлагоджвалі аўдыторыю. Збольшага Лукашэнка атрымаў тое, што хацеў».


Ці былі нейкія сэнсацыйныя заявы?


Карбалевіч: «Ці былі нейкія заявы, якія вывелі гэтую прэсавую канфэрэнцыю з руціны? Я, напрыклад, акрамя пытаньня пра Халіп, нічога больш не заўважыў».

Падгол: «Пэўнай сэнсацыяй стаў адкрыты ўльтыматум Польшчы і Літве. Пытаньне пра рэалізацыю спрошчанага памежнага пераходу Лукашэнка ўвязаў з палітычнымі патрабаваньнямі да суседзяў. Хоць канкрэтыкі там не было, але зразумела, што Лукашэнка б хацеў, каб Вільня і Варшава заплюшчылі вочы на праблему правоў чалавека ў Беларусі. Таксама цікавай была заява, што Беларусь корміць Літву: калі б не транзыт беларускіх грузаў, то Літва ляснулася б».

Быкоўскі: «Сэнсацыяў не было, але былі штрышкі да партрэту. Сапраўды, мы даведаліся прычыны таго, чаму не рэалізоўваецца малы памежны рух зь Літвой і Польшчай. Таксама даведаліся, што стаіць за кадравымі перастаноўкамі (пра Шэймана). Было незвычайна пачуць сьмелыя пытаньні некаторых незалежных журналістаў, асабліва жанчын. Перад імі можна зьняць капялюш».
На пачатку Лукашэнка быў настроены лагодна. Але ў канцы ня вытрымаў гэтую лінію і перайшоў на агрэсіўны тон

Карбалевіч: «На пачатку Лукашэнка быў настроены лагодна, спрабаваў жартаваць нават пры адказе на вострыя пытаньні. Але ў канцы ня вытрымаў гэтую лінію і перайшоў на агрэсіўны тон».

Падгол: «Ён зрываўся на непрыемных пытаньнях».

Карбалевіч: «Але пытаньне таго ж Дашчынскага было непрыемным, аднак ён быў спакойны, нават жартаваў».

Падгол: «Я б не сказаў. Там былі пагрозьлівыя інтанацыі. Нават двухсэнсоўна пажартаваў, што мы з вамі больш і не сустрэнемся».

Быкоўскі: «Але потым Лукашэнка паказаў, што гэта ўсё ж такі жарт».

Падгол: «А ён зразумеў, што ён сказаў. У яго вострае адчуваньне, ён добра разумее сэнс нават кожнага намёку».


Не было надзеі


Падгол: «Але вяртаюся да вашага ранейшага пытаньня. Думаю, самае галоўнае было ў тым, што не было сказана. Традыцыйна падчас такіх шоў гучыць абяцаньне падняць заробкі да пяцісот, да тысячы даляраў. А цяпер ён нічога не сказаў пра сьветлую будучыню. Значыць, ён не спадзяецца на ўсе свае мадэрнізацыі».

Быкоўскі: «Сапраўды, нават у пытаньнях журналістаў дзяржаўных мэдыяў былі праблемныя пытаньні. Лукашэнка ўсіх супакойваў, але без канкрэтыкі. Наперадзе няма вялікай электаральнай кампаніі, таму ня варта, палічыў ён, нешта абяцаць.
Лукашэнка ня тое што не дае надзеі. Ён не дае канкрэтнай надзеі

Нарэшце мы даведаліся, што пад мадэрнізацыяй Лукашэнка разумее проста рамонт цэхаў і замену абсталяваньня. Я б сказаў, што Лукашэнка ня тое што не дае надзеі. Ён не дае канкрэтнай надзеі».

Падгол: «Я б сказаў, што Лукашэнка даслаў змрочны мэсыдж. Ён казаў, што калі мы ня зьдзейсьнім мадэрнізацыю, то страцім рынкі збыту, бо Расея ўступіла ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю. І таксама мы мусім плаціць больш высокія камунальныя тарыфы».

Быкоўскі: «Думаю, адбыўся эфэкт накапленьня зараду. Лукашэнка, разумеючы, што будуць непрыемныя пытаньні, напачатку стрымліваў сябе. Бо калі чалавек злуецца, то ён ня мае рацыі. Але стрымліваць сябе цягам чатырох гадзінаў складана. Тым больш, некаторыя журналісты паводзілі сябе сьмела. Напрыклад, журналістка «Нашай Нівы» адмовілася гуляць у дыялёг, а адказала: «Я задаю вам пытаньне».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG