Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Бяляцкі: «На Новы год дазволілі пачуць бой курантаў»


Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

Палітвязень Алесь Бяляцкі даслаў дамоў ліст, у якім апісаў, як давялося сустракаць 2013 год.

«Параўнаў, як сустракаў 2012 год у Жодзінскім ізалятары, з тым, што было зараз у Бабруйскай калёніі. Тады ўжо ў 10 гадзінаў вечара ўсіх загналі спаць, а тут хоць дазволілі пачуць бой курантаў. Відаць, яны глядзелі тэлевізар», — паведаміла «Свабодзе» жонка праваабаронцы Натальля Пінчук.

Алесь Бяляцкі таксама напісаў, што ў яго мінулымі днямі было шмат працы па напісаньні лістоў тым, хто яго віншаваў са сьвятамі. «Яшчэ віншаваньні прыходзяць, але ў асноўным з-за мяжы», — паведаміла Натальля Пінчук. Паводле яе, Алесь Бяляцкі пачуваецца добра, на здароўе ня скардзіцца, штодня гуляе цягам 30–50 хвілінаў на сьвежым паветры ў дворыку для прагулак.

Кіраўнік «Вясны» Алесь Бяляцкі асуджаны на 4,5 года зьняволеньня за ўтойваньне прыбыткаў з-за мяжы. Праваабаронца заяўляў у судзе, што атрыманыя ім грошы ішлі на дапамогу ахвярам палітычных рэпрэсій у Беларусі.
XS
SM
MD
LG