Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бэйсджампэраў здалі міліцыі грамадзяне


Description:Бэйсеры скочуць з тэлевежы ў Менску, фота з суполкі «Ўкантакце»

Description:Бэйсеры скочуць з тэлевежы ў Менску, фота з суполкі «Ўкантакце»

Двух бэйсджампэраў, якія ў мінулыя выходныя скокнулі з парашутамі зь менскай тэлевежы, арыштавалі і асудзілі на пяць сутак адміністрацыйнага арышту. Пакаралі аматараў экстрэмальнага спорту за пранікненьне на аб’ект, які ахоўваецца.

Пра гэта паведаміў Радыё Свабода прэс-сакратар ГУУС Менгарвыканкаму Аляксандар Ластоўскі. Падрабязнасьцяў справы ён не агалошвае. Кажа толькі, што ўсе ўдзельнікі скачку — жыхары Баранавіч. На пытаньне, як удалося тром хлапцам трапіць на аб’ект пад аховай ды яшчэ скокнуць зь яго з парашутамі, спадар Ластоўскі параіў зьвярнуцца ў дэпартамэнт аховы.

Прэс-служба дэпартамэнту аховы камэнтаваць выпадак адмовілася, бо сьледзтва яшчэ вядзецца. Затрымалі толькі двух хлопцаў, а асобу трэцяга яшчэ высьвятляюць. Які парадак аховы такіх аб’ектаў, прэс-служба распавядаць таксама не захацела.

У інтэрвію Радыё Свабода адзін з удзельнікаў скачка, Дзіма, ня стаў апавядаць, як менавіта яны трапілі на тэлевежу. Яшчэ ўчора міліцыя хлапцоў не турбавала.

Дзіма пацьвердзіў, што падчас скачка з тэлевежы хлопцы здымалі відэа, але пакуль не зьбіраюцца яго публікаваць:

«Відэа ёсьць. Але яно дарагое. Ня ў грошах. Яно вартае фэстывалю. Калі вы нам арганізуеце яшчэ адзін скачок альбо дазвол правесьці фэстываль бэйсджампінгу, тады відэа вам будзе».

Экстрэмальныя віды спорту, кшталту бэйсджампінгу (скачкоў з парашутам зь фіксаваных аб’ектаў), роўпджампінгу (скачкоў з адмысловай вяроўкай), руфэрства (лазаньня па дахах) і яшчэ дзясятку іншых, досыць папулярныя і ў Беларусі. Збольшага праваахоўныя органы зьвяртаюць увагу на такіх экстрэмалаў, толькі калі ідзецца пра сапраўды стратэгічныя аб’екты.

Больш за год таму расейскія руфэры зрабілі здымкі будынка КДБ, мэтро і іншых менскіх аб’ектаў, якім належыцца ахова. Прычым траплялі яны ў маладаступныя кропкі, адкуль здымалі, абсалютна бесьперашкодна.

Беларускі роўджампэр Дзяніс кажа, што такая актыўнасьць вельмі папулярная. Ён асабіста ведае сем камандаў, у якіх ад двух да пяці чалавек. Гэта толькі арганізатары. А ахвотных скокнуць — нашмат больш.

Праўда, для роўпджампінгу не патрэбныя такія адмысловыя аб’екты, як КДБ ці тэлевежа. Можна скакаць з мастоў ці зь недабудаваных гмахаў. Міліцыя можа затрымаць на тры гадзіны і паўшчуваць. Але каб затрымлівалі і судзілі — такога зь імі не было.

На пытаньне, што за кайф скакаць зь вяроўкай з вышыні, Дзяніс прапануе паспрабаваць. Гарантуе поўную бясьпеку. «У нас толькі сэртыфікаванае абсталяваньне, скачам у шаломах, ня страшна». Хоць траўмы, пацьвярджае ён, вядома, бываюць.
Фота з суполкі «Ўкантакце»

Фота з суполкі «Ўкантакце»


Звычайна экстрэмалы маюць суполкі ў сацыяльных сетках, а роўпджампэры — нават вэб-старонку. Інтэрнэт дапамагае аматарам экстрэмальнага спорту гуртавацца, паказваць свае дасягненьні, але ён жа і «здае» іх праваахоўным органам.

Бэйсджампэраў затрымалі дзякуючы інфармацыі, якую пільныя менчукі разьмясьцілі на інтэрнэт-праекце ГУУС Менгарвыканкаму «Перахоп».

«Людзі рэгулярна даюць нам інфармацыю, — распавядае Аляксандар Ластоўскі. — Перахоп нічым не рэглямэнтаваны. Але і нашая праца па прафіляктыцы злачынстваў у сеціве ніяк не рэглямэнтаваная».

За апошні тыдзень гэта ўжо другі рэзанансны выпадак, калі грамадзяне знаходзяць падазраваных у злачынстве ў інтэрнэце. Зусім нядаўна такім чынам знайшлі маладых людзей, якіх падазраюць у зьбіцьці інваліда ў мэтро. «Дапамога грамадзкасьці — гэта заўжды добра», — кажа Аляксандар Ластоўскі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG