Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі галоўным быў ня зьмест сказанага. У сказаным не было асаблівых сэнсацый. Ну зразумела, можна вызначыць нейкія аспэкты — пра супрацоўніцтва з Кітаем, пра мадэрнізацыю, пра Лябедзьку і Фядуту, якія сышлі ў апазыцыю, не атрымаўшы жаданых пасадаў. Але галоўнае — тон, стыль.

Пачалося гэта яшчэ да прэсавай канфэрэнцыі — у тым, што на яе была запрошаная безьліч журналістаў — адмовы, так выглядае, не атрымаў ніхто. Гэта працягвалася на самой імпрэзе, пачынаючы з таго, што Лукашэнка пачаў яе адказамі на пытаньні, якія напярэдадні былі апублікаваныя на партале TUT. BY і ў «так званай» «Салідарнасьці».

Некалі, напачатку прэзыдэнцкай кар’еры, Лукашэнка прапаноўваў журналістам ня проста задаваць яму пытаньні, але і выказваць свае меркаваньні, весьці дыялёг. Магчыма, тады ў гэтым была пэўная палітычная нехлямяжасьць, няведаньне этыкету стасункаў улады і друку. Але тое, што праз 18 гадоў кіраваньня вопытны палітык і ўладар вяртаецца да таго дзіўнаватага фармату — у гэтым няма нічога, акрамя халоднага разьліку, прыёму, труку. Прэсавая канфэрэнцыя была субстытутам, заменьнікам паўнацэннага палітычнага жыцьця, раз на год прэзыдэнт размаўляе як бы на роўных з прадстаўнікамі народу. Ну і хопіць.

Гэтая навізна формы павінна прыкрыць, прыхаваць абсалютную нязьменнасьць, непахіснасьць зьместу

Давялося некалі прачытаць пра бліскучы выбарчы ролік часоў выбарчай кампаніі Рэйгана 1980 году. На стале звоніць тэлефон. Доўга, паўхвіліны. Голас за кадрам: «Гэта тэлефон прэзыдэнта ЗША Джымі Картэра. Але ніхто не падыме слухаўку, Картэр даўно ўжо ня чуе амэрыканскі народ. Рэйгана — ў прэзыдэнты». Здорава, праўда? Дык вось — уся пяцігадзінная прэсавая канфэрэнцыя Лукашэнкі — насамрэч можа быць сьціснутая ў такі ж кароткі ролік, толькі з адваротным зьместам: прэзыдэнт слухае свой народ, слухае журналістаў, якім ён пеў хваласьпевы, як прадстаўнікоў, выразьнікаў меркаваньняў таго самага народу. Са зьместу сказана ўжо заўтра нічога не застанецца ў памяці, вобраз — застанецца.

І гэта ўкладаецца ў адзін шэраг з наведваньнем сынамі кіраўніка дзяржавы сем’яў простых людзей напярэдадні Новага году — новая форма палітычнай камунікацыі.

Гэтая навізна формы павінна прыкрыць, прыхаваць абсалютную нязьменнасьць, непахіснасьць зьместу — па ўсіх аспэктах было сказана, што як было, гэтак і будзе.

Гэты стыль сардэчнай дыктатуры, ня выключана, стане цяпер стрыжнем дзяржаўнай палітыкі. Піяр? Ну так, але піяр не сынонім адно падману. Піяр — гэта камунікацыя, гэта палітычнае лідэрства ў рэшце. У пэўным сэнсе Лукашэнка паспрабаваў зрабіць кола ў часе, вярнуцца ў 1994 год, калі харызматычны папуліст зьбіраў натоўпы людзей, якія верылі ў яго, як у Збаўцу.

Тое, што новае (дакладней, забытае старое) шукаецца выключна ў сфэры камунікацыі, яскравае сьведчаньне таго, што ў іншых сфэрах новых ідэяў небагата. І прыгадваецца біблейнае пра новае віно і старыя мяхі. Толькі тут наадварот — мяхі нібы новыя, але вось зьмесьціва... На аматараў.
XS
SM
MD
LG