Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А горад падумаў: вучэньні ідуць


У гэты дзень роўна сто сем гадоў таму менскі губэрнатар Курлоў выправіўся ў Петрапаўлаўскі сабор на адпяваньне памерлага генэрала Курча — і сам ледзь ня склаў нябожчыку кампанію.

Цела генэрала ўжо выносілі з царквы, губэрнатар узяўся за свой шынэль, разважаючы пра менскія укбар і тлён і наогул пра тленнасьць усяго існага — і тут у яго паляцела самая сапраўдная бомба.

За сэкунду перад вачыма Курлова прамільгнула ўсё ягонае жыцьцё: кавалерыйскае вучылішча ў Мікалаеве і конна-грэнадэрскі полк, avec nous наш порах і авёс на шпорах, пракурорства ў Волагдзе, якое, вядома, не пракуратарства ў Юдэі, але таксама весьма і assez bien, і Масква-с — да-с!, і накіраваньне ў богам забыты Курск, адкуль ён і ўзяў ня так даўно курс на богам забыты Менск. Прамільгнуў менскі вакзал, дзе яму давялося год таму ўтаймоўваць бунт, самы настаяшчы — і хто яго асудзіць за тое, што крыві тады не ўдалося пазьбегнуць?... Гаўляйтар ён ці не? То бок, пардон, губэрнатар?

Бомба ўпала да ног губэрнатара і засталася ляжаць там, быццам з кішэні ў кагосьці выпала. Курлову вельмі хацелася падштурхнуць яе нагой, бліжэй да паліцмайстра, але ён проста нацягнуў урэшце шынэль і кінуўся наўцёкі. У той дзень ён чамусьці адчуў сябе асабліва тленным, хаця і не такім, як генэрал Курч. А сам бамбіст Іван Пуліхаў, 27-гадовы тэрарыст-эсэр, пабачыўшы, што клятая бомба ня выбухнула, паспрабаваў неўпрыкмет высьлізнуць з натоўпу.

Але, як піша ў сваёй знакамітай кнізе Захар Шыбека, аднаўляючы ход тых падзеяў па матэрыялах судовага сьледзтва, напярэймы Пуліхаву кінуліся маці і дзьве дочкі Старовы. Гэта былі тры дужыя, як праваслаўе, самадзяржаўе і народнасьць, кабеты, да таго ж адданыя цару ды някрасаўскаму запавету спыняць любога каня на скаку. З крыкамі «Mersavets! Ne-go-diay! Merde!» яны скруцілі Пуліхава і перадалі ў рукі набеглага АМОНу. Праўда, гэта быў яшчэ не канец гісторыі. Калі паліцмайстар Нораў праз хвіліну наблізіўся да месца здарэньня, у яго раптам пачалі страляць. Гэта паплечніца Пуліхава Аляксандра Ізмайловіч, што ціха кусала вусны побач, дастала свой браўнінг. Праўда, выпусьціўшы пяць куляў, Норава яна так і не забіла — затое падстрэліла нораўскі каўнер, а заадно паштальёна і салдата-радавога, якія стаялі сярод публікі. Прамахнуўся і паліцмайстар. Ды гэта было ўжо няважна — схапілі і Ізмайловіч.

...Нават дзіўна, што ў гэтай бойні ля Петрапаўлаўскай царквы ўсе засталіся жывыя. Прынамсі, 27 студзеня. Толькі генэрал Курч жывым не застаўся — але, як мы памятаем, ён меў на гэта паважную прычыну.

Яшчэ больш дзіўна і злавесна, а месцамі і сымбалічна выглядае саслоўны партрэт удзельнікаў і пацярпелых гэтае драмы. Дваранін, mersavets et negodiay Пуліхаў кідае бомбу ў двараніна Курлова. Дваранка, генэральская дачка Ізмайловіч, сястра якой праз тыдзень пасьля менскіх падзей спрабавала забіць аднаго з царскіх адміралаў, страляе ў двараніна Норава. Дваране Старовы кідаюцца на двараніна Пуліхава. Народ ні пры чым, народ стаіць сярод публікі і служыць у паліцыі, і кулі дастаюцца радавым і паштальёнам — як ад двараніна Курлова, так і ад дваранкі Ізмайловіч.

Івана Пуліхава павесілі на вежы Пішчалаўскага замку 26 лютага. Перад гэтым таварышы па партыі спрабавалі арганізаваць ягоныя ўцёкі з турмы, але здрада сарвала іхны плян. Цела яго спачатку пахавалі на Старажоўскіх могілках, а потым, пасьля другой сусьветнай вайны, перапахавалі на Вайсковых. Ізмайловіч сьмяротнае пакараньне замянілі катаргай. Былога губэрнатара Курлова тленнасьць дагнала ў Бэрліне, куды ён уцёк, ратуючыся ад ЧК. Традыцыя запрашаць для ўтаймаваньня непакорных менчукоў кавалерыстаў з Волагды, Курску і Масквы-с дажыла да нашых дзён. А іншая традыцыя — называць менскія вуліцы імёнамі тэрарыстаў, забойцаў і людзей з сумнеўнай рэпутацыяй — ня надта спрыяе выхаваньню ў гараджан пакорлівасьці і законапаслухмянасьці. Аднак гэты Пуліхаў, як ні круці, чамусьці падаецца значна больш сымпатычнай асобай за ўсіх Мясьніковых і Кнорыных, разам узятых.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG