Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
У 1886 годзе насельніцтва Зямлі налічвала прыкладна паўтара мільярда чалавек. 26 (паводле іншых зьвестак 29) студзеня гэтага слаўнага году ўсе яны — ад паўднёваафрыканскіх бураў да пінскае шляхты, ад алганкінаў да ангельцаў, ад эскімосаў да кітайскіх кулі — раптоўна і без абвяшчэньня вайны зрабіліся пешаходамі. Бо менавіта ў гэтыя зімовыя дні нямецкаму вынаходніку Карлу Бэнцу прыйшла ў галаву ідэя запатэнтаваць нарэшце сваё таемнае дзіця: першы ў сьвеце аўтамабіль.

Як і належыць дзіцяці, аўтамабіль Бэнца меў формы даволі інфантыльныя, нагадваючы трохколавы ровар. Зрэшты, мяно першынец атрымаў саліднае: Motorwagen. Маторвагэн жор бэнзін з апэтытам сялянскага байструка і меў у сваіх мэталічных цягліцах сілу ўладзімірскага цяжкавоза. Зьявіўшыся на сьвет і атрымаўшы легалізацыю, маторвагэн адразу ж пачаў пладзіцца і памнажацца: празь некалькі гадоў такіх вагэнаў бегала ўжо дваццаць пяць. А яшчэ празь некалькі — дваццаць пяць тысяч.

І ўсё ж той, першы, быў лепшы: як толькі арыгінал можа быць лепшы за копію. У яго і цяпер немагчыма не закахацца: у адным чорным дэрматыне ягонага сядзеньня або ў матавым пераліве сьпіцаў шарму ня менш, а то і больш, чым у якога-небудзь спартовага фэрары, ці каля чаго вы там любіце фатаграфавацца ў гэтым сэзоне.

Так 26 студзеня 1886 паступова, паволі, але няўхільна пачалося выцісканьне чалавека на ходнік, да сьценаў, на ўзбочыну. Гэта была сапраўдная рэвалюцыя: са сваімі ахвярамі, барыкадамі, трыбунамі і трыбуналамі. Дарогі назад ужо не было, заднім ходам аўтамабіль Бэнца ня езьдзіў. Прыдумаўшы маторвагэн, чалавецтва мусіла прыдумаць процьму іншых рэчаў. Аўтазапраўкі (першыя маторвагэны запраўляліся ў аптэках, бо толькі там прадаваўся бэнзін як сродак супраць перхаці). Пасьведчаньне кіроўцы. Сьветлафор. Зімовую гуму. Леташнюю цукерку ў бардачку. Трупы ў багажніку. Асьвяжальнік паветра ў форме ялінкі. Постэр зь Міс СССР-89. Эвакуатар. McDrive. Казьлевіча. Гаражны панк. Mini Mk-2 з нумарам RNT 996H. Гарбаты запарожац. Рамяні бясьпекі. Сэкс на заднім сядзеньні. Даішнікаў. Невыключальную, як неапалімая купіна, сыгналізацыю на стаянцы проста пад вокнамі. Баранку гэтага пыласоса. Платную паркоўку. Радары кантролю хітрасьці. Бляндынак за стырном. Заторы на Магілёўскай шашы. Навігатары з голасам прастытутак. Ралі Парыж-Дакар. Гонкі на трактарах. Танаванае шкло. Слова «драндулет». Часопіс «За рулём». Песьню «The Passenger». Менскую кальцавую дарогу. Варанок. Дарожны знак «Асьцярожна: кенгуру!». І шмат іншых рэчаў, безь якіх ня тое што жыцьцё, але і банальную сьмерць уявіць сабе ўжо немагчыма.
XS
SM
MD
LG