Лінкі ўнівэрсальнага доступу

24 студзеня 1935 году ў ЗША зьявілася ў продажы Піва ў Бляшанках. Першымі гатункамі піва, зь якімі абышліся такім бесчалавечным чынам, зрабіліся «Krueger´s Finest Beer» i «Krueger´s Cream Ale». А першыя бляшанкі для яго вырабляліся са сталі і адкрываліся, як звычайныя кансэрвы. Як і любы жывы арганізм, калі яго засунуць у цёмны сталёвы цыліндар, дзе няма ні тэлевізара, ні вайфаю, піва ў такіх бляшанках хутка псавалася, таму пажадана было выпіваць яго адразу пасьля набыцьця. Але і гэта было няпроста, бо расчыніць такую бляшанку аказалася справай, падобнай да працы сапёра. Які, як вядома, памыляецца толькі аднойчы.

Ды нават гэта не спыніла пераможнага шэсьця Піва ў Бляшанках спачатку па Амэрыцы, а потым па ўсёй плянэце. У 1958 годзе на Гаваях прыдумалі замяніць сталь алюмініем, а неўзабаве ў Пітсбургу нейкі сапёр дапяў да ідэі зрабіць на бляшанцы адмысловы кляпан. У такім выглядзе Піўная Бляшанка дажыла да нашых дзён і, відавочна, будзе існаваць нават тады, калі нам ужо ня будзе хацецца ні піва, ні да піва. Хаця, цалкам магчыма, людзі, якія вераць у замагільны сьвет, з такой фармулёўкай не пагодзяцца. Бо і ў курортных райскіх садах, і ў ліцейцы лютага пекла бляшанка халоднага піва будзе як ніколі дарэчы. Пагатоў рабіць крыва тое, што прадракае аматару піва беларуская народная прымаўка, там ужо не давядзецца. Замагільны сьвет не прадугледжвае прыбіральняў.

Вось жа, хацелася напісаць: «запацелая бляшанка халоднага піва», але мова неяк спакваля супраціўляецца такому выразу. Так ужо павялося, што пры слове «запацелае» людзі бачаць не алюмініевы цыліндар і нават ня міс Беларусь у лазьні, а выключна шкло. І ўжо тады, калі яго працерці і добра прыгледзецца, можна пабачыць і прыгажуню, і бляшанку. І пажадана і тое, і другое не ў адзінкавым экзэмпляры. І можна бяз хлеба. Падыдуць салёныя арэшкі і сушаная рыба. Піўная бляшанка — сумны апатэоз жалезнага веку. Чалавек пачаў з таго, што зрабіў з жалеза сякеру і зброю. Потым прыйшла чарга іншых карысных прадметаў. Дайшоўшы да вынаходніцтва піўной бляшанкі, ён разгубіўся, каўтануў зь яе і ўзяўся за самога сябе. Так на сьвеце зьявіліся робаты. І што такое кампутар — як не ўдасканаленая, бяздонная піўная бляшанка, у якой боўтаецца чалавечы розум? Паменшаная да зручных памераў бочка Дыягена. Адкрывай і пі.
XS
SM
MD
LG