Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За што яго было забіваць


Віктар Ільлін
Віктар Ільлін
Віктар Ільлін вырашыў забіць Леаніда Брэжнева. А вось Леанід Брэжнеў Віктара Ільліна забіваць зусім не зьбіраўся — па праўдзе кажучы, ён нават ня ведаў, хто гэта такі. Але нават ня ведаючы, даў Віктару Ільліну бясплатнае жытло, адукацыю, мэдыцыну і мірнае неба над галавой. Вось які ён быў, Леанід Брэжнеў. За што ж яго было забіваць?

Віктар Ільлін быў малодшы лейтэнант. А Леанід Брэжнеў быў генэральны сакратар. Леанід Брэжнеў сам быў некалі малодшым лейтэнантам, а Віктар Ільлін, калі б захацеў, сам мог бы стаць генэральным сакратаром. У краіне Леаніда Брэжнева для ўсіх былі роўныя магчымасьці.

Віктар Ільлін захапляўся менчуком Лі Гарві Освальдам. «Адзін стрэл — і славуты на ўвесь сьвет». А Леанід Брэжнеў захапляўся сам сабой. Дагэтуль невядома, што лепш.

Віктар Ільлін уцёк са сваёй вайсковай часьці з-пад Ленінграду і прыляцеў 22 студзеня 1969 году ў Маскву. А Леанід Брэжнеў жыў у Крамлі і нікуды адтуль не ўцякаў. Бо нікога ён не баяўся. Хіба што касманаўтаў трошачкі — бо ніхто ня ведае, як яно там наверсе можа адбыцца.

Брэжнеў і касманаўты
Брэжнеў і касманаўты


Уцякаючы, Віктар Ільлін скраў два пісталеты Макарава і патроны да іх. А Леанід Брэжнеў нічога ня краў. Яму народ усё сам аддаў. Добраахвотна.

Віктар Ільлін пераапрануўся ў міліцэйскую форму і прабраўся ў Крэмль. А Леанід Брэжнеў акурат сабраўся адтуль ненадоўга выехаць. Каб паглядзець, як жывуць такія, як Віктар Ільлін. Можа, падказаць што, дапамагчы. А Віктара Ільліна ніхто не хацеў слухаць.

Віктар Ільлін даведаўся, што Леанід Брэжнеў заўжды едзе ў другой машыне. Таму ён прапусьціў першую. А Леанід Брэжнеў пасадзіў у другую машыну касманаўтаў. Такі ён быў чалавек, Леанід Брэжнеў. За што яго было забіваць?

Віктар Ільлін прапусьціў першую машыну, выйшаў да другой і выпусьціў 11 куляў у яе лабавую шыбіну. А Леанід Брэжнеў спакойна выехаў празь іншую браму на трэцяй машыне.

Віктар Ільлін хацеў забіць Леаніда Брэжнева, а страляў у касманаўтаў Лявонава, Мікалаева, Берагавога і касманаўтку Церашкову. А Леанід Брэжнеў ні ў кога не страляў. Такі ён быў чалавек. За што яго было забіваць?

Віктар Ільлін забіў кіроўцу машыны, у якой ехалі касманаўты, і цяжка параніў міліцыянта, які кінуўся яму напярэймы. Касманаўты атрымалі лёгкія пашкоджаньні. А Леанід Брэжнеў — ні драпіны.

Добра мець уласных касманаўтаў.

Віктара Ільліна прызналі хворым. А Леаніда Брэжнева здаровым. Дагэтуль невядома, што лепш.

Рыхтуючыся зрабіцца тэрарыстам, памятай: страляючы ў Леаніда Брэжнева, ты можаш страляць у Віктара Ільліна. Ці наогул у Валяніціну Церашкову. За што іх забіваць?

***

Божанька столькі разоў ратаваў Гітлера, што Гагарын паляцеў у космас.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG