Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прайшла вочная стаўка падазраваных у «шпіёнскай справе»


Будынак КДБ у Віцебску

Будынак КДБ у Віцебску

Актывіст аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Ільля Багданаў пабываў у менскім СІЗА КДБ, дзе для яго зладзілі вочную стаўку з арыштаваным новапалачанінам Андрэем Гайдуковым, якога вінавацяць у «здрадзе дзяржаве».

Ільля Багданаў — падазраваны па «шпіёнскай справе», у гэтым статусе ён знаходзіцца са сьнежня мінулага году. Ён даў падпіску пра неразгалошваньне акалічнасьцяў справы, таму пра вочную стаўку з Гайдуковым змог сказаць няшмат:

«Вочная стаўка працягвалася прыкладна з 11-й раніцы да 16-й гадзіны. Андрэй выглядае нармальна, з выгляду ён здаровы і настрой у яго бадзёры. Абодва мы былі з адвакатамі. Бадай што нічога больш паведаміць журналістам не магу».

Паводле Ільлі Багданава, ён стаў падазраваным у «шпіёнскай справе», бо, на думку сьледчага Алега Барысевіча, іхныя паказаньні з Андрэем Гайдуковым не супадаюць. Вочная стаўка нічога істотна не зьмяніла: Багданаў па-ранейшаму падазраваны, але, у адрозьненьне ад Гайдукова, ён знаходзіцца на волі.

Андрэй Гайдукоў быў затрыманы ў Віцебску 8 лістапада мінулага году. Згодна з афіцыйнай інфармацыяй КДБ, яго затрымалі «падчас закладкі тайніка са зьвесткамі, якія могуць цікавіць замежныя спэцслужбы».

У тое, што Гайдукоў мог займацца шпіянажам, ня вераць ні яго родныя, ні сябры. Яны лічаць ціск з боку КДБ перасьледам за грамадзкую дзейнасьць і апазыцыйныя погляды, якіх Андрэй ніколі не хаваў.

Маці Гайдукова, спадарыня Вольга, мяркуе, што і цяпер на сына чыняць ціск:
Андрэй у Менску з 22 сьнежня, а адвакат трапіў да яго толькі 3 студзеня

«Яго затрымалі два месяцы таму. Спачатку месяц трымалі ў СІЗА КДБ у Менску, потым перавялі ў Віцебск, у СІЗА. 22 сьнежня зноў адправілі ў Менск. Чаму і навошта — мы ня ведаем. Калі была такая неабходнасьць, каб Андрэю быць менавіта ў СІЗА КДБ, то чаму з таго самага 22 сьнежня да сёньняшняга дня не было ніводнага афіцыйнага допыту? Прынамсі, адваката ні на якія сьледчыя дзеяньні, апрача вочнай стаўкі з Багданавым, не выклікалі. Сустрэцца з адвакатам для Андрэя ўвогуле зрабілася праблемай: адвакат спрабаваў некалькі разоў зь ім сустрэцца, але безвынікова. Андрэй у Менску з 22 сьнежня, а адвакат трапіў да яго толькі 3 студзеня. І ўжо наступны раз яны бачыліся толькі сёньня, 15 студзеня, падчас вочнай стаўкі».

Вольга Гайдукова кажа, што наладзілася ліставаньне з сынам. Але некуды зьнікла пасылка, адпраўленая для яго зь Віцебску 31 сьнежня — Андрэй дагэтуль яе не атрымаў, і прадукты маглі сапсавацца за гэты час.

Маці адзначае таксама, што Андрэй мусіў узяць акадэмічны адпачынак на вучобе. Ён завочна вучыцца ў Полацкім дзяржаўным унівэрсытэце на 5-м курсе, і якраз цяпер яго аднагрупнікі здаюць сэсію. Яму ж навучаньне давялося перарваць, і сям’я пра гэта шкадуе.

Ці будзе даведзена сьледзтва па «шпіёнскай справе» да суду, пакуль не вядома. Прынамсі, ні Гайдукоў у лістах, ні Багданаў у прыватных гутарках пра гэта нічога ня кажуць. Вядома толькі, што справу ініцыяваў КДБ паводле артыкула 365 Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь «Здрада дзяржаве ў форме правядзеньня агентурнай дзейнасьці».
XS
SM
MD
LG