Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь і Расея рыхтуюцца да магчымай вайны з Польшчай


Беларускія вайскоўцы падчас сумесных манэўраў з расейскімі войскамі ў 2009 годзе

Беларускія вайскоўцы падчас сумесных манэўраў з расейскімі войскамі ў 2009 годзе

Такое меркаваньне выказаў выданьню «Uważam Rze» былы міністар абароны Польшчы Рамуальд Шарамецьеў.

Ён зьвярнуў увагу на тое, што ўвосень у Беларусі пройдуць беларуска-расейскія вучэньні «Захад-2013». Праведзеныя ў верасьні 2009 году вучэньні «Захад-2009» былі найбуйнейшым на працягу многіх гадоў, маштаб іх быў сувымерны з тымі, якія праводзіліся ў савецкія часы. У вучэньнях «Захад-2009» прынялі ўдзел каля 100 самалётаў і верталётаў і больш за 900 танкаў, самаходных гармат і іншы бронетэхнікі, а таксама караблі Балтыйскага, Чарнаморскага і Паўночнага флатоў Расеі.

Дэкляраванай задачай вучэньняў «Захад-2009» было адбіцьцё агрэсіі з Захаду. Тады міністар абароны Польшчы Богдан Кліх назваў гэтыя вучэньні «дэманстрацыяй сілы». Паводле яго гэтая задача не адпавядала рэчаіснасьці, паколькі ніводная з краін Паўночна-атлянтычнага альянсу не мае агрэсіўных намераў у дачыненьні да сваіх усходніх партнэраў.

Рамуальд Шарамецьеў, камэнтуючы падрыхтоўку да манэўраў «Захад-2013», мяркуе, што маштаб будзе такім жа, як і ў 2009 годзе. Ён таксама нагадаў, што прэзыдэнт Беларусі неаднаразова адзначаў, што Польшча пагражае Беларусі і хацела б вярнуць свае ранейшыя зямлі, у тым ліку Гародню і Берасьце.

Былы міністар абароны лічыць, што Польшча не гатовая да адбіцьця агрэсіі з боку ўсходніх суседзяў.

Спасылаючыся на апублікаваную справаздачу «Прыярытэтныя напрамкі дзейнасьці абароны і Ўзброеных сілаў у 2012 годзе», Шарамецьеў дадаў, што асноўная мэта міністэрства абароны зьяўляюцца вайсковыя місіі па-за межамі Польшчы.

Былы міністар таксама нагадаў, што Расея выразна вызначае, якія краіны зьяўляюцца яе патэнцыйнымі ворагамі — гэта Польшча, Эстонія, Фінляндыя, Літва, і нават Нямеччына.

Паводле экс-кіраўніка польскага міністэрства абароны, цяперашняе кіраўніцтва Польшчы ня бачыць аслабленьня альянсу НАТА і таго факту, што зьмены ў сусьветнай палітыцы неспрыяльныя для краіны. Рамуальд Шарамецьеў цытуе Зьбігнэва Бжазінскага, паводле якога «міжнародны крызіс пагражае бясьпецы Польшчы» і краіна павінна быць у стане абараніць сваю тэрыторыю.

«Альбо абараняць сябе альбо страціць незалежнасьць», — гэтак фармулюе дылему польскай палітыкі бясьпекі Рамуальд Шарамецьеў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG