Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Freedom House: Беларусь па-ранейшаму сярод несвабодных краін


Амэрыканская няўрадавая арганізацыя Freedom House абнародавала даклад аб свабодзе ў сьвеце ў 2012 годзе. Паводле справаздачы Беларусь застаецца ў ліку несвабодных краін.

Беларусь мае ацэнкі 7 (найгоршая з магчымых) паводле палітычных правоў і 6 паводле грамадзянскіх свабодаў.

В 2012 годзе са 195 краінаў у рэйтынгу Freedom House 90 былі свабоднымі. В 27 краінах назіралася пагаршэньне сытуацыі, у тым ліку ў Казахстане, Кеніі, Малі, Нігерыі, Расеі, Турэччыне і Украіне, ў той час як у 16 дзяржавах адбылося паляпшэньне. Гэта ўжо сёмы год запар, калі колькасьць краін, дзе сытуацыя пагоршылася, перавышала колькасьць тых, дзе сытуацыя стала лепш.

З 47 краін, названых несвабоднымі, дзевяць атрымалі мінімальна магчымыя рэйтынгі як паводле палітычных правоў, гэтак і паводле грамадзянскіх свабодаў: Эрытрэя, Экватарыяльная Гвінея, Паўночная Карэя, Саудаўская Аравія, Самалі, Судан, Сірыя, Туркмэністан і Узбэкістан. Яшчэ 5 краін атрымалі вынікі, якія былі крыху вышэй, чым у найгоршых, гэта Беларусь, Чад, Кітай, Куба, Лаос і Паўднёвая Асэтыя.

Адной з галоўных тэндэнцыяў 2012 сталі наступствы «арабскай вясны». Гэта выклікала паляпшэньне сытуацыі са ўзроўнем свабоды ў такіх краінах, як Лібія і Туніс.

Аднак падзеі ў краінах «арабскай вясны» выклікалі рэакцыю з боку аўтарытарных лідэраў у іншых краінах Блізкага Ўсходу, што зьменшыла ўзровень свабоды ў Іраку, Ярданіі, Кувэйце, Лібане, Амане, Сырыі і Аб’яднаных Арабскіх Эміратах.

Высновы справаздачы асабліва змрочныя для краін Эўразіі. Паводле Freedom House у Расеі адбылося істотнае пагаршэньне сытуацыі пасьля вяртаньня Ўладзіміра Пуціна на пасаду прэзыдэнта. У Расеі быў прыняты шэраг законаў, скіраваных на здушэньне апазыцыі, ў прыватнасьці, ўсталяваньне высокіх штрафаў за несанкцыянаваныя дэманстрацыі, абмежаваньне магчымасьці грамадзянскіх груп зьбіраць сродкі, а таксама ўмацаваньне кантролю ў інтэрнэце.

Сярод суседзяў Беларусі, Расея — як і Беларусь, несвабодная краіна, Украіна — часткова свабодная, Латвія, Літва і Польшча — свабодныя.

Даклад заклікае Злучаныя Штаты і іншыя дэмакратычныя краіны прадэманстраваць лідэрства ў барацьбе за свабоду. Дакумэнт крытыкуе і адміністрацыю Абамы, і апазыцыйную рэспубліканскую апазыцыю за няздольнасьць узяць на сябе гэтае лідэрства.

«Перамога свабоды адбываецца звычайна пры актыўнай падтрымцы дэмакратычных краін, такіх як Злучаныя Штаты і эўрапейскія дэмакратыі. А там, дзе яны адмовіліся ад барацьбы, вынік, як правіла, — гэта параза свабоды,» — заявіў кіраўнік Freedom House Дэйвід Крэймэр.
XS
SM
MD
LG