Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацька дырэктаркі «Белсату» атрымаў грашовую кампэнсацыю


Зьбігнеў Рамашэўскі

Зьбігнеў Рамашэўскі

240 тысячаў злотых (каля 67 тыс. даляраў) атрымае паводле судовага выраку Зьбігнеў Рамашэўскі — колішні актывіст антыкамуністычнай апазыцыі ў ПНР.

У 1982 годзе Рамашэўскага прысудзілі да 4,5 турэмнага зьняволеньня за стварэньне падпольнага радыё «Салідарнасьць». Ён быў вызвалены ў 1984-м у выніку амністыі, а ў 1991-м быў цалкам рэабілітаваны.

Спадар Рамашэўскі браў удзел у незалежніцкім руху яшчэ ў 60-х, пазьней быў стваральнікам Камітэту абароны працоўных, «Салідарнасьці». Пасьля падзеньня камуністычнага рэжыму цягам дзьвюх дзесяцігодзьдзяў быў сэнатарам.

У часе працэсу Зьбігнеў Рамашэўскі заявіў, што праз перасьлед з боку камуністычных уладаў страціў працу, пазбавіўся магчымасьці навуковай працы ў ЗША, а ў турме пагоршыўся стан ягонага здароўя.

Зьбігнеў Рамашэўскі — бацька дырэктаркі тэлеканалу «Белсат» Агнешкі Рамашэўскай-Гузы.

Магчымасьць атрымаць грашовую кампэнсацыю ад дзяржавы за перасьлед у камуністычнай Польшчы стварыў закон, прыняты польскім парлямэнтам у верасьні 2007 году (папраўкі да яго ўносіліся ў сьнежні 2009 году).

У адносінах да дзеячаў польскай апазыцыі, якія былі рэпрэсаваныя пасьля ўвядзеньня ваеннага становішча 13 сьнежня 1981 году, закон дае магчымасьць выступаць з патрабаваньнем кампэнсацыі асобам, якія былі арыштаваныя (інтэрнаваныя) адразу пасьля ўвядзеньня ваеннага становішча або былі прысуджаныя да зьняволеньня падчас гэтага становішча.

Агулам падчас ваеннага становішча камуністычныя ўлады Польшчы арыштавалі каля 10 тысяч чалавек — дзеячаў «Салідарнасьці», інтэлектуалістаў, ўдзельнікаў антыкамуністычных пратэстаў. У адносінах ды 4 тысяч адбыліся суды, якія ў большасьці выпадкаў завяршаліся турэмнымі прысудамі.

У 2009 годзе грашовую кампэнсацыю за перасьлед у час ваеннага становішча атрымаў гісторык і вядомы дзеяч беларускай нацыянальнай меншасьці ў Польшчы Алег Латышонак. Ён быў затрыманы ў красавіку 1982 году за дзейнасьць у «Салідарнасьці» і правёў восем месяцаў у турме.
XS
SM
MD
LG