Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лукашэнка: Будзе Лукашэнка столькі тэрмінаў, колькі вы яго выбераце


Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка

15 студзеня Аляксандар Лукашэнка сустрэўся з журналістамі. На прэсавую канфэрэнцыю запрасілі 350 прадстаўнікоў розных мэдыяў.

Экспэрт Свабоды Віталь Цыганкоў: У цэлым прэс-канфэрэнцыі зрабіла супярэчлівае ўражаньне. Так і не стала зразумела, для чаго яна ўвогуле была. Ніякіх новых прынцыповых заяваў ад Лукашэнкі не прагучала, ніякага яснага мэсіджу беларусам ці замежжу не было даслана. Новых ідэяў ці стратэгічных плянаў не было выказана. Бадай, найбольш папулярным словам было «мадэрнізацыя», але тлумачэньні Лукашэнкі наконт яе не выглядалі пераканаўча. Такія прэс-канфэрэнцыі сталі рутынай, пасьля якіх у памяці застаюцца пераважна толькі камічныя фразы кшталту «паставілі Эгіпет ракам».

«Лукашэнка блытаецца ў вас пад нагамі ўжо дваццаць гадоў»


На пытаньне Натальлі Правалінскай (Белгазета), каго з апазыцыйных палітыкаў вам было б цікава бачыць на наступных выбарах, Аляксандр Лукашэнка адказаў:

"Як прэзыдэнт вам пакуль кажу, а не як кандыдат. Аднаму Богу вядома, ці будзе кандыдатам цяперашні прэзыдэнт. Шчыра кажу.

Я ўвогуле ў Беларусі на кіраўнічых пастах апазыцыйных кандыдатаў бачыць не хачу як беларус. Гэта здраднікі інтарэсаў беларускага народу. Кепскі Лукашэнка, не падабаецца, але ён прэзыдэнт. Трэба паважаць выбар народу. Цярпіце, крытыкуйце, але не на шкоду беларусу.

Нават калі б Лукашэнка кагосьці кінуў, падмануў, але ж у тваіх, негодяй, інтарэсах. Прыйдзі ты да Лукашэнка, я табе ўсё патлумачу.
Мне страшна, што пасьля мяне ўсё пойдзе з малатка? Як вы лічыце, я мушу за гэта перажываць?

Фядута і Лябедзька былі тут каля карыта, чмокалі больш за ўсіх. Яны ж Лукашэнку да ўлады прыводзілі, былі побач, грамадзтва гэта помніць. Вы ж за Лукашэнка хадзілі, агітавалі, дык адказвайце цяпер. Усе яны былі ў апазыцыі з Лукашэнкам. АЛукашэнка ж не з улады прыйшоў, а з апазыцыі. У нас былі ў апазацыі Шушкевіч, Кебіч, Пазьняк. Я выпадкова аказаўся ў гэтай кампаніі, я заўжды так казаў.

Народ зразумеў, што краіна гэтым шляхам ісьці не мусіць. Паставілі на Лукашэнку. Вось так Лукашэнка прыйшоў да ўлады — з апазыцыяй. Але не з нацыяналістычнай, не з радыкальнай.

У першым туры фальсыфікавалі выбары, я гэта цяпер ведаю. І той жа Вячаслаў Францавіч, які гэтым займаўся. Я ніколі супраць іх не ваяў. У яго хто быў начальнікам штаба? Міхаіл Мясьніковіч! Галоўны змагар супраць мяне. Ён стаў кіраўніком адміністрацыі ў мяне. І ад цяперашняй пятай калёны — Лябедзька, Фядута, Ганчар Віктар быў, Карпенка... Ідзіце працуйце!

Але Лябедзька сказаў: міністрам адукацыі я не пайду, я пайду толькі міністрам замежных справаў. Я кажу: Анатоль, хто ж з табой будзе размаўляць? Ганчар не захацеў быў віцэ-прэм’ерам па сацыяльных пытаньняў. Карпенка таксама ворагам быў. Папрацавалі і пайшлі.

Лічылі, што тэрмін жыцьця Лукашэнкі — тры месяцы. А гэты Лукашэнка вазьмі ды выжывы. І блытаецца ў вас пад нагамі два дзясяткі гадоў. Вось як было.

Віталь Цыганкоў

Віталь Цыганкоў

Экспэрт Свабоды Віталь Цыганкоў: На пытаньне пра сваіх апанэнтаў Лукашэнка кажа — «гэта здраднікі беларускага народу». Што заўгодна можа мяняцца, але не мяняецца тон і зьмест выказваньняў Лукашэнкі пра сваіх палітычных апанэнтаў — зьдзеклівыя, раздражнёныя, эмацыйныя. Кіраўнік Беларусі фактычна не стаў адказваць пра сваіх будучых апанэнтаў. З пункту гледжаньня піяру і палітыкі — гэта цалкам лягічны крок. Маўляў, калі я кагосьці назаву, — значыць, я пастаўлю яго нароўні з сабой. А Лукашэнка гэтага ня можа дапусьціць.



Виталь Цыганкоў

Виталь Цыганкоў

Экспэрт Свабоды Віталь Цыганкоў: Трэці раз падчас прэсавай канфэрэнцыі у розных аспэктах Лукашэнка кажа літаральна так — «прадпрымальнікі, жулікі, бандыты». То бок гэтыя тры прафэсіі ў яго яўна зьліліся ў адну, бо ён гэта прамаўляе без паўзы, што называецца, без коскі. Што ж, такім чынам у краіне ствараецца «адпаведная» атмасфэра для разьвіцьця бізнэсу і інвэстыцыяў


Пра лёс сваіх дзяцей


На пытаньне, якога лёсу ён хоча сваім дзецям, Лукашэнка адказаў:

«Старэйшыя ўжо вызначыліся, адзін на спартовай ніве працуе, другі бацьку падстрахоўвае. Я падтрымаў. А малы неяк сказаў, што хоча быць вайсковым, радзіму абараняць. Я падтрымліваю».

Пра раскопкі ў Курапатах


На пытаньне Польскага радыё, ці пагодзіцца беларускі бок на дадатковыя раскопкі ў Курапатах, каб высьветліць, ці ёсьць там ахвяры з катынскага сьпісу:

«Плаціце грошы, мы ўсё зробім. Але нам не трэба польскія спэцыялісты. Нашы спэцыялісты самі справяцца».

Пра палітвязьняў і Захад


«Добра, вы запісалі Статкевіча ў палітвязьні. Але вы туды бандытаў і хуліганаў запісалі. Калі чалавек замешаны ў масавых беспарадках, чаму вы мне прэтэнзіі вылучаеце, калі яго засудзілі па артыкуле крымінальнага кодэкса. У нас падзел уладаў, а вы мяне ў гэтую тэму цягнеце. Тыя, хто дапусьцілі масавыя беспарадкі, добра разумелі, што могуць атрымаць на поўную катушку».

Лукашэнка пры гэтым кажа, што ў адрозьненьне ад краін Захаду ў Беларусі ні разу не выкарыстоўвалі вадамёты. У адказ на закіды Захаду аб палітвязьняў Лукашэнка ня пешы раз кажа: «Вы навошта Лібію разбамбілі, навошта Ірак разбурылі».

Пры гэтым Лукашэнка заклікае Захад да перамоваў:

«Замест гэтага зрабілі 232 неўязных, нават маіх дзяцей туды ўнесьлі. Вы судзьдзям забаранілі ўезд — За што? Гэта ціск на правасудзьдзе».


Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

Экспэрт Свабоды Валер Карбалевіч: Пра палітвязьняў. Лукашэнка кажа, чаго вы да мяне зьвяртаецеся? У Нямеччыне ж канцлер ня можа вызваліць зьняволенага, дык чаго вы да мяне зьвяртаецеся? Справа ў тым, што ў Нямеччыне канцлер не садзіць чалавека ў турму. А Лукашэнка ня раз прызнаваўся, што сам кантралюе гэтае пытаньне. На пытаньне, што перашкаджае наладзіць адносіны Беларусі з ЭЗ, Лукашэнка адказвае: а навошта вы разбамбілі Лівію?! Лукашэнка кажа: «Я не ўзяў не рубля ад прадпрынімальнікаў». А хто ж падараваў гадзіньнік і аўтамабіль?

Пра адносіны з Польшчай і юбілей паўстаньня Каліноўскага


Лукашэнка адказаў на пытаньне ПАП, калі ўступіць у сілу падпісаная польска-беларуская дамова аб малым памежным руху:

«У той жа час, як зь Літвою. Гэта не ад нас залежыць. У нас шмат пытаньняў да польскага боку, перш за ўсё палітычныя, ёсьць шэраг нявырашаных пытаньняў. Яны нас насьцярожваюць. Тэхнічныя пытаньні тут не галоўныя. Трэба ўсё вырашаць у комплексе».

Адказваючы на пытаньне пра сумесныя захады з Польшчай з нагоды 150-годзьдзя паўстаньня Каліноўскага, Лукашэнка адказаў, што нічога не ведае на гэты конт, але ня супраць.


Віталь Цыганкоў

Віталь Цыганкоў

Экспэрт Свабоды Віталь Цыганкоў: На пытаньне польскага агенцтва пра малы памежны рух з Польшчай Лукашэнка відавочна стрымліваў сябе, гаворачы пра беларуска-польскія праблемы. Сказаў, што такіх праблемаў вельмі шмат, аднак абмежаваўся агульнымі фразамі. Выглядае, што кіраўнік Беларусі на гэты раз не пажадаў лішні раз абрынуцца на Польшчу і ўвогуле на Захад — нічога такога не гучала падчас прэсавай канфэрэнцыі. Магчыма, гэта ўскосна сьведчыць пра тое, што зараз Лукашэнка зацікаўлены ў паляпшэньні стасункаў з Эўропай.


Пра працоўную эміграцыю


«Гэта тэма больш уздымаецца СМІ. Людзей ня спыніш. Будаўнікі пачалі вяртацца.»


Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

Экспэрт Свабоды Валер Карбалевіч: Фактычна Лукашэнка адмахнуўся ад праблемы эміграцыі працоўных рэсурсаў з Беларусі. Маўляў, 2 тысчы будаўнікоў выехала. І людзі выязджаюць зусім не таму, што заробкі малыя. Насамрэч, гэта вялікая і балючая праблема. Пытаньне ў тым, ці ён сапраўды не разумее усёй вастрыні гэтай тэмы, ці проста ня хоча пра гэта публічна казаць.

Віталь Цыганкоў

Віталь Цыганкоў

Экспэрт Свабоды Віталь Цыганкоў: Лукашэнка пра выезд людзей з краіны — «гэта нармальна, гэта не спыніш». Ён не лічыць, што гэта нейкая надта драматычная тэма. Ён назваў гэта вечным пытаньнем, сказаў, што праблему «вырашым ужо ў гэтай пяцігодцы», але не патлумачыў, як. Увогуле адказаў на гэтае пытаньне вельмі коратка і незьмястоўна. Выглядае, што кіраўніку дзяржавы няма чаго сказаць па гэтай праблеме, якую незалежная прэса і эканамісты лічаць найважнейшай.

Пра зьбіцьцё Сарочыка


Лукашэнка згадаў, што калі прачытаў у незалежных СМІ пра зьбіцьцё ў міліцыі вартаўніка Васіля Сарочыка, пацікавіўся гэтай справай у Натальлі Пяткевіч:

«Але калі даведаўся, што тут жанчына зьбіла мужыка, то ў мяне цікавасьць да гэта прапала. Але генэральны пракурор адкажа».


Сарочык: «Яна ж сапраўдны монстар»

Васіль Сарочык

Васіль Сарочык

«Там што мужык, што жанчына — усе аднолькавыя. Яна горш за ўсіх была, гэта — монстар. Сапраўдны монстар. І гэта ўжо ня першы зь ёй выпадак, як мне распавядалі.

Я гэтую справу не пакіну. Будзем узбуджаць маю справу па новай. Будзем ісьці далей і далей. Да канца».





Аб ідэалягічнай ролі дзяржаўных СМІ


На пытаньне «Народнай волі» аб газэтным холдынгу і патрэбе разьдзяржаўленьня СМІ Лукашэнка адказаў:

«Разглядалася пытаньне аб разьдзяржаўленьні СМІ, але ўзьнікаюць іншыя пытаньні. У любой краіне ёсьць дзяржаўная прэса, а ў нашай маладой нестабільнай дзяржаве ад гэтага страху вялікага няма. Мы з ідэалягічнага сэктару не сыдзем, гэта на вельмі важна цяпер, а для гэтага трэба дзяржаўныя СМІ... А ў холдынгу вінаваты Павал Якубовіч, ён мяне пераканаў у гэтым, і я прыняў рашэньне, хай ён і раскажа».

Аднак Павал Якубовіч нешта тлумачыць тут жа адмовіўся, запрасіў журналістку «Народнай волі» да сябе.​

Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

Экспэрт Свабоды Валер Карбалевіч: Лукашэнка сьцьвярджае, што ў любой дзяржаве ёсьць дзяржаўная прэса. Гэта няпраўда. У дэмакратычных краінах няма дзяржаўных мэдыяў ўвогуле.


Пра палітвязьняў


Карэспандэнтка «Нашай нівы» спыталася, ці могуць выйсьці на волю палітвязьні Аўтуховіч, Бяляцкі, Дашкевіч, Статкевіч?

«Могуць. А што для гэтага трэба рабіць — пачытайце ў „Советской Белоруссии“. Адбудуць тэрмін — выйдуць. Могуць і датэрмінова — чытайце закон. У мяне няма у турмах апанэнтаў. Статкевіч мне не супернік».



Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

Экспэрт Свабоды Валер Карбалевіч: «Настаўнік — палітычная фігура». Гэта вельмі важны тэзіс. Структуры адукацыі — гэта найперш інстытуты для палітычнага выхаваньня і кантролю моладзі, і толькі пытым — сродак адукацыі. У гэтым — галоўная праблема беларускай сыстэмы адукацыі

Пра забарону Халіп на выезд


«Ірына Халіп сама адмовілася ехаць — яна разумее, што тут яна пакутніца, а зьедзе —там яна нікому не патрэбная будзе, як і яе муж».

Лукашэнка зазначыў, што карэспандэнтка БелаПАН заўтра зможа ў генэральнага пракурора больш даведацца пра названыя ёю факты міліцэйскага гвалту, а таксама забраць Ірыну Халіп з сабою.


Ірына Халіп: «Мне нельга зьяжджаць зь Беларусі, бо судзімасьць зь мяне ня зьнятая»

Ірына Халіп

Ірына Халіп

«Паводле ягонай вэрсіі гэта я не хачу выяжджаць зь Беларусі? Нагадаю, што гэта працяг той гісторыі, якая пачалася з пытаньня ўладальніка англійскіх газэт „Independent“ і „Evening Standard“ Яўгена Лебедзева. Той запытаў Лукашэнку, чаму Ірына Халіп ня можа выехаць у Маскву? І Лукашэнка тады сказаў, калі памятаеце, што хоць сёньня бярыце яе і выяжджайце ў Маскву. Яна, маўляў, свабодная, можа ехаць. Але насамрэч пасьля гэтага кантроль за мной стаў яшчэ большы. Міліцыянты прыходзяць да мяне кантраляваць яшчэ часьцей. Калі сюды прыехаў галоўны рэдактар Дзьмітры Муратаў, ён увогуле ня мог зразумець, як гэта — чалавек сказаў, а нічога не мяняецца. Муратаў хадзіў у крымінальна-выканаўчую інспэкцыю Партызанскага РАУС, размаўляў з начальніцай, якая яму патлумачыла, што я знаходжуся пад дзеяньнем судовага прысуду. У мяне адтэрміноўка выкананьня прысуду на два гады. А прысуд зь мяне ня зьняты, і сам Лукашэнка не падпісваў рашэньня аб памілаваньні. Таму як я магу кудысьці ехаць зь Беларусі? Супрацоўніца інспэкцыі паведаміла майму рэдактару Дзьмітрыю Муратаву, што калі я зьеду ў тую ж Маскву, мая адтэрміноўка на гэтым скончыцца і мяне адразу накіруюць на два гады ў Гомельскую жаночую турму».


Пра міліцэйскі гвалт


На пытаньне БелаПАН аб фактах жорсткага абыходжаньня міліцыі з грамадзянамі, Лукашэнка адказаў:

«Калі ўдзельнік масавых беспарадкаў, то няма чаго скардзіцца».



Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

Экспэрт Свабоды Валер Карбалевіч: «Калі ўдзельнічаў ў масавых беспарадках, то навошта скардзіцца» — гэта квінтэнсэнцыя ўяўленьня Лукашэнка пра закон і права. То бок, той, хто выступае супраць улады, пазбаўлены усялякіх канстытуцыйных правоў.


Пра Бяляцкага і даходы


Лукашэнка параіў шукаць зьвесткі пра яго маёмасьць у дэклярацыі, якую ён падаваў пад час выбараў. Пры гэтым ён выказаў недавер да дэклярацый сваіх апанэнтаў:

«Адзін быў паказваў даходы, а прыслалі з Літвы. Бяляцкі, яго вызвалілі ці ён яшчэ знаходзіцца ў турме?»



Віталь Цыганкоў

Віталь Цыганкоў

Экспэрт Свабоды Віталь Цыганкоў: Як заўсёды, нязручныя пытаньні даволі хутка выводзяць Лукашэнку з сябе. Тры запар пытаньне ад незалежных журналістаў — Радыё Свабода, Эўрарадыё, БелаПАН, паступова давялі да таго, што Лукашэнка пачаў выказвацца рэзка — «калі ўдзельнік масавых беспарадкаў, то і скардзіцца няма чаго». Яшчэ больш раздражнёным тонам Лукашэнка адказвае на пытаньне пра Ірыну Халіп. Увогуле, агульны настрой усёй прэс-канфэрэнцыі кардынальна зьмяніўся. Цяпер Лукашэнка адказвае ўжо без эмоцыяў, неяк стомлена, абыякава. Сапсавалі незалежныя яму настрой. "Злыя вы там усе", — кажучы ягонымі ж словамі

Пра хваробу Чавэса і свой стан


На яшчэ адно пытаньне Алеся Дашчынскага, якія высновы ён робіць з сытуацыі з хворым Чавэсам, ці варта так доўга сядзець на пасадзе, Лукашэнка адказаў:

«Усе пад Богам ходзім. Не трэба намякаць на тое, колькі тэрмінаў. Лукашэнка будзе столькі тэрмінаў, колькі народ абярэ. Калі ў вас ёсьць сумневы наконт майго здароўя — бярыце лыжы, канькі пазмагаемся. Хто выйграе, той і прэзыдэнт».

Пра самалёт і Майбах



Адказваючы на пытаньне карэспандэнта «Свабоды» аб неабходнасьці эканоміі ў год беражлівасьці, у прыватнасьці на «Майбаху», дарагім самалёце, купленым ў Туркмэністане, на новай рэзыдэнцыі, якая будуецца ў Менску.

«Я жыву ў рэзыдэнцыі, якую пабудаваў Машэраў, а за горадам я жыву ў старой рэзыдэнцыі, дзе жыў маршал. Жыву я ў старых рэзыдэнцыях.

А самалёты танна не каштуюць. У прэзыдэнта самалёты служаць 3–5 гадоў, і яго мяняюць, а залатых шторак там у душы няма. Ёсьць нейкі стандарт для прэзыдэнта і ў адзеньні, і ў гадзіньніку, гэта твар краіны».

Паводле Лукашэнкі, самалёт Туркмэнбашы каштаваў меней за 100 мільёнаў, а новы каштуе 250–300 мільёнаў.

Наконт Майбаха Лукашэнка заявіў яму, што яму падарылі гэтую машыну.




Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

Экспэрт Свабоды Валер Карбалевіч: Пытаньне Дашчынскага пра тое, што эканомію патрэбна пачынаць з прэзыдэнта — першае вострае пытаньне. Гадзіньнік і аўтамабіль мне падарылі на дзень народзінаў. На мове права гэта называецца хабар. Бо такія падаркі дзяржаўная асоба атрымоўваць не павінна.

Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

Экспэрт Свабоды Валер Карбалевіч: Лукашэнка развеяў усе прапагандысцкія міты беларускай дзяржаўнай прапаганды наконт важнай ролі СНД. А прэзыдэнт наўпрост заявіў, што СНД — гэта толькі перамоўная пляцоўка. І амаль усё.


Пра заробкі міністраў


Лукашэнка разважае, колькі павінен зарабляць беларускі міністар:

«Міністар у нас атрымлівае меней 2 тысяч даляраў. Іх у нас 22 ці 24, але разам з губэрнатарамі яны нясуць асноўную нагрузку па эканоміцы. Ім патрэбны дастойны заробак, дом ці кватэра. Тысячы тры ім было б нармальна. У Расеі міністры атрымліваюць на парадак болей».

Лукашэнка пацьвердзіў сваё рашэньне пра скарачэньне дзяржапарату на 25 працэнтаў, але не больш.

«Кіраўнікі прадпрыемстваў могуць зарабляць у чатыры разы болей, чым сярэдні заробак у калектыве».

Пра музыку і спорт


Лукашэнка сказаў, што больш не грае на баяне:

«Пальцы толькі клюшку ўмеюць трымаць, рука не слухаецца інструмэнта, мядзьвежая лапа. Я паводле сваёй прафэсіі амаль прафэсійны футбаліст... А ў часы прэзыдэнцтва я навучыўся бегаць на лыжах, на ролікавых каньках... Музыкай мне рэдка даводзіцца займацца».



Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

Экспэрт Свабоды Валер Карбалевіч: «Я амаль прафэсійны футбаліст». Новы гістарычны перл ад Лукашэнкі.




Пра інвэстыцыі Новікава і Якубовіча


«Прыходзіць інвэстар, кажа, хачу вашую калійную кампанію купіць. Да пабачэньня! Нашая калійная кампанія каштуе 30-32 мільярды даляраў».

«Камунарка», «Спартак», раздалі народу акцыі, прыйшоў жулік, пасьпеў скупіць 15 працэнтаў акцый, стварыў ручную назіральную раду, пачаў падкормліваць кіраўнікоў. Гэты дзеяч, седзячы ў Амэрыцы, падстаўляе фірму, якая пастаўляе какава-бабы, вырабілі шакаляд, прадалі ў Расею... Зрабіў «вілку», з двух бакоў заціснуў калектыў... Пінком пад зад і вылецеў зь Беларусі, як бы яго сябар Павал Якубовіч не абараняў. Як яго сапраўднае прозьвішча, Павел Ізотавіч падкажыце! Словуш? Мне ня важна хто, Словуш ці Новікаў, але працуй, як у Амэрыцы. Такія інвэстары нам не патрэбныя".



Віталь Цыганкоў

Віталь Цыганкоў

Экспэрт Свабоды Віталь Цыганкоў: «Што такое мадэрнізацыя? Гэта троху падрамантаваць памяшканьне і паставіць новыя станкі» — сказаў Лукашэнка. Гэтым ён шчыра паказаў, як разумее мадэрнізацыю. Не як працэс рэформы вытворчасьці, зьмены ўласнасьці, рэформы эканамічных адносінаў, а менавіта так — «троху падрамантаваць памяшканьне», вось вам і мадэрнізацыя.

Пра даўгі


Адказваючы на пытаньне ці трэба будзе прадаваць уласнасьць для вяртаньня зьнешніх пазык, Лукашэнка прызнаў, што сёлета з працэнтамі давядзецца выплаціць больш за 4 мільярда даляраў.

«Краіна не разбурыцца ад выплаты гэтых даўгоў, 3 мільярды ўжо ёсьць, патрэбна дадаткова знайсьці 1 мільярд, але мы можам папрасіць і адтэрміноўку».


Пра Грузію і СНД


Пра магчымасьць вяртаньня Грузіі ў СНД Лукашэнка заявіў:

«У мяне адбыліся кансультацыі па гэтым пытаньні. На сёньня я не бачу вялікага жаданьня рухацца ў гэтым кірунку, і перш за ўсё новай улады, Іванішвілі і іншых. Гэта будзе тэст для кіраўніцтва Грузіі, зразумела, што Грузію ад гэтага будуць утрымліваць... Але я ад гэтага не адступаюся. Я сустрэнуся з кіраўніцтвам Грузіі і пагутару на гэтую тэму».



Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

Экспэрт Свабоды Валер Карбалевіч: Упершыню Лукашэнка публічна прызнаў, што Расея незадаволена разьвіцьцём дачыненьняў Беларусі з Кітаем.



Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

Экспэрт Свабоды Валер Карбалевіч: Лукашэнка лічыць, што Чэмпіянат сьвету па хакеі 2014 года ня будзе стратным. Украіна ад правядзеньня Чэмпіяната Эўропы па футболе мінулым годам атрымала мільярды стратаў. А футбол - больш даходны від спорту, чым хакей.


Пра падарунак для Колі


«У маёй маленькай сям’і не „замарочваюцца“ на тэме, што падарыць. Малы прыйшоў — ёлку паставіць трэба, гэты раз жывую паставілі. Ён па электроннай пошце напісаў ліст Дзеду Марозу. Атрымаў падарунак пад ёлкай — пнэўматычную зброю — спэцназавец будучы».

Пра навагоднія пажаданьні і падарункі


Гаворачы пра наведваньне ім і ягонымі сынамі перад Новым годам дзіцячых устаноў, Лукашэнка прызнаўся, што тут не было ніякага піяра:

«Я даў каманду адміністрацыі: каб усе жулікі бандыты, бізнэсоўцы , чыноўнікі пайшлі да дзяцей. Яны і пайшлі».

Віталь Цыганкоў

Віталь Цыганкоў

Экпэрт Свабоды Віталь Цыганкоў: «Я нібыта някепскі бацька», — заявіў Лукашэнка. Ну праўда што. Абодва старэйшыя сыны някепска прыстроеныя. Адзін — Віктар — памочнік прэзыдэнта па нацыянальнай бясьпецы. Другі — Дзьмітры — старшыня цэнтральнага Савета аб’яднаньня «Прэзыдэнцкі спартыўны клюб»


Вікенцій Клюнчык са «Звязды» задаў першае пытаньне па-беларуску пра «непакой дзяржсакратара ЗША постсавецкай інтэграцыі».

Лукашэнка пачаў адказ па-беларуску, але потым зьбіўся на расейскую:

«А нас хвалюе тое, што адбываецца, што ў адбываецца ў Іраку, Аўганістане... Тое, што Расея хоча сабраць вакол сябе дзяржавы, у гэтым нічога кепскага няма. Расея можа хоча якіх радыкальных крокаў, але Казахстан і Беларусь на гэта ня пойдуць. Мы будуем адносіны зыходзячы са сваіх інтарэсаў».


Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

Экспэрт Свабоды Валер Карбалевіч: Абраза дзяржсакратара ЗША Гілары Клінтан: "С похмелья брякнула". Гэта ў стылі Лукашэнкі.


Пра сацыяльных утрыманцаў


«Мы будзем нахіляць утрыманцаў, бамжоў розных, прымушаць іх працаваць. Нам трэба прыняць рашэньне на заканадаўчым узроўні, чаго зь імі вазіцца. Іх 12 тысяч чалавек... Я, можа, быць жорстка абышоўся з працаўнікамі дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў. Мы утрымліваем людзей, але і заробак вырас».

Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

Экспэрт Свабоды Валер Карбалевіч: Лукашэнка фактычна прыраўняў работнікаў дрэваапрацоўчай прамысловасьці да утрыманцаў.



Пра «саюзную дзяржаву»


«Трэба спакойна глядзець на адносіны з Расеяй у рамках саюзнай дзяржавы — трэба замацавацца на дасягнутым, а потым, можа, мы ці нехта рушыць далей. Але спадзяюся што мы».

Пра экзатычнасьць Сурыкава


Лукашэнка назваў «экзатычнымі» разважаньні пасла Расеі ў Беларусі Аляксандра Сурыкава:

«Мы аб усім дамовіліся ў Маскве, а ён у гэты час гаворыць пра гэтую мазьню, пра растваральнікі, разбавіцелі... Вельмі экзатычны чалавек. Часам МЗС і паслы рэальна мала ведаюць аб адносінах дзяржаў, асабліва на самым версе».

Віталь Цыганкоў

Віталь Цыганкоў

Экспэрт Свабоды Віталь Цыганкоў: «Расейскі пасол часам экзатычна выглядае ў сваіх разважаньнях», — заявіў Лукашэнка. Нарэшце, ёсьць асоба, ацэнка якой супадае ў Лукашэнкі, апазыцыі і журналістаў — гэта расейскі пасол Сурыкаў.


Пра дыялёг зь Літвой і Эўразьвязам


«Я асабліва не маю надзей на старшынства Літвы ў Эўразьвязе, аб’ектыўная прычына для дыялёгу — мы суседзі, другое — тое, што 30 працэнтаў бюджэту Літвы фармуецца ад супрацоўніцтва з намі, іх парты жывуць за кошт транзыту нашай прадукцыі».

Лукашэнка пры гэтым прызнаў, што пры гэтым вядуцца перамовы аб выкарыстаньні партоў Расеі і Украіны і нагадаў кіраўніцтву Літвы:

«Калі будуць засылаць самалёцікі на шаную тэрыторыю, мы будзем рабіць больш жорсткай ахову мяжы».


Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

Экспэрт Свабоды Валер Карбалевіч: Лукашэнка спрабуе зваліць віну за адсутнасьць малага памежнага руху зь Літвой на суседа. Маўляў, пытаньне рэадмісіі, якія літоўцы падымаюць. Самалёты нам засылаюць. Таму ня будзем уводзіць малы памежны рух. Так Лукашэнка перакладвае віну за адсутнасьць рэалізацыі дамовы аб малым памежным руху. Гэта зачэпка, каб не уводзіць яго. Насамрэч пытаньне аб рэадмісіі падымае Эўразьвяз, а не Літва.


Пра замежны гандаль


Лукашэнка заявіў пра 3,5 мільярда даляраў таваразвароту з краінамі Лацінскай Амэрыкі:

«Там дзе нас прымаюць, туды трэба і ісьці. У нас апорны пункт там Вэнэсуэла, мы хочам там зазямліцца».

Сярод іншых прыярытэтных краін у замежным гандлі Лукашэнка назваў Кітай і Індыю, Вьетнам.

Пра пакупнікоў валюты


Лукашэнка запэўніў, што ў Беларусі складваецца рэальны рынкавы курс беларускага рубля. Пры гэтым ён прызнаў, што нядаўна папрасіў зьвесткі аб людзях, якія купляюць валюту:

«Калі праманіторылі, сотні людзей былі задзейнічаны, дык выявілі, што ў чэргах ў асноўным пэнсіянэры, купляюць па 5-10 даляраў. Для чаго? Каб пайсьці ў абменны пункт, купіць валюту, і гэтым абваліць курс. Значыць, у людзей ёсьць грошы. Калі б цэны былі вышэй, то грошай не хапіла б на валюту».

Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

Экспэрт Свабоды Валер Карбалевіч: Лукашэнка думае, што валюту купляюць толькі багатыя людзі. І тое, што нават пэнсіянэры купляюць даляры - гэта для яго адкрыцьцё. Прэзыдэнт ня ведае, што валюта - гэта сродак захаваньня даходаў. І з гэтага ён робіць выснову, што ў Беларусі ўсе жывуць нябедна. І што гэта ня вынік правакацый недобразычліўцаў. Наколькі ж ён адарваўся ад рэальнасьці.


Віталь Цыганкоў

Віталь Цыганкоў

Экспэрт Свабоды Віталь Цыганкоў: Мантра «стабільнасьці» зноў выходзіць на першы плян. Пра стабілізацыю Лукашэнка гаварыў і ў уступным слове, і цяпер паўтарае, адказваючы на пытаньне журналісткі БТ. Галоўны тэзіс — мы перажылі крызіс, абвалу валюты ня будзе, канца сьвету ня будзе. Кепскія прадказаньні ня збудуцца. Ня трэба бегаць у абменьнікі. «Дайце мне дадзеныя аб людзях, якія прыходзяць у абменьнікі і купляюць там валюту». Ясна, пасьля такіх словаў людзей каля абменьнікаў паменшае.

Пра бізнэс на растваральніках


«Мы куплялі вышэй рынка сыравіну, не мы, а тры расейскія фірмы і адна наша беларуска-казахстанская, напрыклад салярку, высока-сярністую, перапрацоўвалі, зьмешвалі і прадавалі, не парушаючы ніякіх законаў. Усё было абсалютна празрыста. І ніхто з расейцаў ня будзе уводзіць супраць нас санкцыі, мы гэтае пытаньне ўрэгулявалі».


Віталь Цыганкоў

Віталь Цыганкоў

Экспэрт Свабоды Віталь Цыганкоў: Вось ужо 20 хвілін Лукашэнка адказвае на пытаньні, хаця пытаньні яшчэ не прагучалі. Своеасаблівы псыхалягічны ход, каб адразу ўзяць ініцыятыву ў свае рукі «разагрэцца», увайсьці ў форму перад сапраўднымі пытаньнямі. «Каюся за тыя праблемы, якія сёньня ёсьць у краіне» — кажа Лукашэнка. Таксама выгадны ход, каб «зьняць» настойлівасьць і патэнцыйную «агрэсіўнасьць» журналістаў. Маўляў, навошта мне злобныя пытаньні задаваць, я ж пакаяўся ўжо.

Лукашэнка: «Каюся, каюся і яшчэ раз каюся»


Разам з Аляксандрам Лукашэнкам паўтара на прэсавую канфэрэнцыю прыйшло паўтара дзясятка вышэйшых дзяржаўных чыноўнікаў, якія закліканыя яму дапамагаць. Запрошана 350 беларускіх і замежных журналістаў.

Ва ўступным слове Лукашэнка згадаў леташнюю сваю прэсавую канфэрэнцыю з «вострымі пытаньнямі», на якой ён «не абяцаў лёгкага жыцьця».

Гаворачы пра вынікі мінулага года, Лукашэнка сказаў пра стабілізацыю эканомікі і фінансавай сыстэмы, станоўчае сальда ў зьнешнім гандлі, рост даходаў насельніцтва на 20 працэнтаў. Пры гэтым Лукашэнка заклікаў не верыць аналітыкам, якія запалохваюць насельніцтва эканамічнымі праблемамі.

Лукашэнка адказаў на некалькі пытаньняў людзей, якія былі зьмешчаныя ў сеціве напярэдадні прэсавай канфэрэнцыі.

На пытаньні ад інтэрнэт-газэты «Салідарнасьць», ці гатовы ён пакаяцца за праблемы ў эканоміцы і зьнешнепалітычную ізаляцыяю Беларусі, Лукашэнка адказаў:

«Каюся, Каюся і яшчэ раз каюся за тыя праблемы, якія існуюць у нашай краіне. Я нясу адказнасьць за тыя праблемы, якія існуюць у нашай краіне».

На пытаньне ад Жаны Грынюк пра стан прыватна-дзяржаўнага партнэрства Лукашэнка ацаніў яго станоўча. «Але бескантрольнасьці ня будзе ў нашай краіне».

На пытаньне ад Станіслава Багданкевіча аб патрэбе незалежнасьці Нацбанку, Лукашэнка зазначыў, што будзе і надалей кантраляваць асабіста галоўную фінансавую установу: «Пакуль будзе так».

Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

Экспэрт Свабоды Валер Карбалевіч: Нідзе ў сьвеце няма аўтаноміі Нацыянальнага банка, лічыць Лукашэнка. Гэта няпраўда. Як раз наадварот. Стабільнасьць валютных рынкаў абумоўлена як раз незалежнасьцю цэнтральных банкаў ад іншых галін улады.


Багданкевіч: «Чаму Лукашэнка ня зьняў Пракаповіча? Таму што сам вінаваты ў абвале»

Станіслаў Багданкевіч

Станіслаў Багданкевіч

«У маім пытаньні не ідзе размова пра абсалютную непадпарадкаванасьць Нацыянальнага банку нікому. Пытаньне пра іншае — пра аўтаномію Нацбанку. Я казаў, што ёсьць 24 міністры, якія пераважна займаюцца эканомікай. Ёсьць прэм’ер. Ёсьць прэзыдэнт і яго апарат, які таксама займаецца эканомікай. І таму няхай Нацбанк аўтаномна займаецца сваёй справай, адным толькі — стабільнасьцю нацыянальнай валюты. Будзе стабільная валюта, ня будзе такой інфляцыі, будуць працэнтныя стаўкі па крэдытах 5%, а ня 45%, калі інфляцыя будзе 3%.

З прыходам да ўлады над грашыма Надзеі (Ермаковай) Лукашэнка менш цісьне на банк. Але ён жа ціснуў на Пятра Пятровіча (Пракаповіча), які павялічыў грашовую масу на 20 трыльёнаў з паветра толькі за адзін год і прывёў да абвалу рубля. Чаму ён ня зьняў своечасова Пракаповіча? Таму што разумее — сам вінаваты. Няхай Пракаповіч малапісьменны ў банкаўскай сфэры, але ж там моцны апарат, які не дазволіў бы столькі грошай даваць эканоміцы»


На пытаньне ад Сяргея Чалага пра магчымасьць адстаўкі ўраду з-за нерэалістычна пастаўленых задач:

«Можа каму хочацца адстаўкі ўраду, але думаю, што Чалы ня зможа замяніць не толькі прэм’ера, але і звычайнага міністра пры такіх падыходах».

Лукашэнка зазначыў, што ён ня ставіць нерэальных задач ураду, а толькі фармалізуе, зацьвярджае тыя пляны, якія выпрацоўвае сам урад.


Чалы: «Лукашэнка спачатку „згвалтаваў“ урад, і яго ж абвінаваціў»

Сяргей Чалы

Сяргей Чалы

«Мы ўсе цудоўна памятаем кастрычнік 2011 году, калі была першая нарада ў Лукашэнкі пра пляны на 2012 год. Тады кіраўніцтва ўраду прыйшло з прагнозам пра рост ВУП на 1,5–2%. І яно мела рацыю, паколькі зусім нядаўна, паводле ўдакладненых дадзеных, высьветлілася: па выніках году столькі і атрымалі. Але ж тады Лукашэнка сказаў, што гэтага мала. І давайце мне 5,5%. А пасьля ён жа дакараў урад, што гэты прагноз не выконваецца. І ў гэтым і быў сэнс майго пытаньня.

Ведаеце, гэта глупства, калі спачатку „гвалтуюць“ урад, навязаўшы яму тыя парамэтры, зь якімі ён ня згодны, а пасьля казаць, што ўрад не выконвае прагноз. А сёньня Лукашэнка кажа: я ад іх нічога не патрабаваў, яны самі прыйшлі да мяне, самі ўсё разьлічылі. Ну, гэта ж проста няпраўда. Ёсьць жа архівы, былі сюжэты на БТ.

Пры такіх падыходах я сапраўды не магу замяніць ніякага міністра. Гэта праўда, паколькі ў такой сытуацыі гэта бессэнсоўна».


У адказ на пытаньне ад футбаліста Радзівонава, Лукашэнка прызнаўся, што апошнія матчы БАТЭ яму не спадабаліся:

«Я выключаў тэлевізар, мне было сорамна і крыўдна да сьлёз... Спарстмэны — гэта імідж нашай дзяржавы».

На пытаньне сьпевака Аляксандра Кулінковіч пра «чорныя сьпісы» беларускіх выканаўцаў, які забароненыя выступы, Лукашэнка адказаў:

«Не ведаю чорных сьпісаў, не ведаю, каму мы тут перашкаджаем сьпяваць, таньчыць ці яшчэ што. Я нікому такіх даручэньняў не даваў. А калі хто апляваў краіну за чыесьці грошы — то няхай таму і сьпявае.«






«Свабода» цікавілася ў наведвальнікаў сайту: «Пра што вы запыталіся б у Аляксандра Лукашэнкі?»

Раз на год кіраўнік Беларусі сустракаецца з журналістамі.

Мінулая сустрэча адбылася 23 сьнежня 2011.

Відэафрагмэнт той сустрэчы: журналістка «Народнай волі» Марына Коктыш задае пытаньне пра палітвязьняў

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG