Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алег Трусаў: Унучкі Лукашэнкі — стопрацэнтныя беларускі


Унучкі Аляксандра Лукашэнкі перамаглі ў літаратурным конкурсе «Гуляй, зіма, твая часіна!». Другаклясьнца Дар’я і трэцяклясьніца Настасься даслалі на спаборніцтва казку пра адзінарога. Напісалі па-беларуску.

«Вельмі добрая, па-дзіцячаму наіўная казка, — кажа сябра журы, дзіцячая пісьменьніца Алена Масла. — Прычым відаць, што дзеці самі пісалі. Звычайна ж адразу разумееш, дзе настаўнік дапамагаў».

Алена Масла кажа, што была зьдзіўленая, даведаўшыся, што дзяўчаткі, якіх яна сама вылучыла на першую прэмію, унучкі прэзыдэнта. Сьцьвярджае, што ня ведаў гэтага й іншы сябра журы — пісьменьнік Анатоль Бутэвіч. А вось старшыня журы Ўладзімер Ліпскі ў інтэрвію Эўрарадыё кажа, што ведаў, але на рашэньне журы гэта ніяк не паўплывала: казка дзяўчатак сапраўды была вартая першай прэміі:

«Гэта сапраўды выдатныя казачкі, выдатныя сачыненьні. Каб усе дзеці нашы так сачынялі, пісалі».

Алена Масла цалкам пацьвярджае словы Ўладзімера Ліпскага:

«Незалежна адно ад аднаго мы прыйшлі да высноваў па пераможцах. Хаця абіраць было складана — заўжды складана, калі ацэньваеш дзіцячую творчасць, адчуваеш вялікую адказнасць. Добра было б вам у арганізатараў узяць дзіцячыя работы і паглядзець самім. Дзяцей таленавітых шмат. Добра было б, каб такія конкурсы траплялі ў поле зроку як мага большай колькасці людзей, якія працуюць зь дзецьмі, неабыякавых пэдагогаў. Мяркую, яшчэ больш у такім разе было б даслана добрых дзіцячых работ».
Незалежна адно ад аднаго мы прыйшлі да высноваў па пераможцах

Конкурс ладзіў музэй Якуба Коласа якраз у гонар 130-годзьдзя з дня нараджэньня пісьменьніка. Другое месца заняў другаклясьнік Алесь Клікуноў, сын перакладчыка Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Клікунова. Клікуновы ў сям’і гавораць толькі па-беларуску. Удзельнічаць у конкурсе ім прапанавалі ў школе.

«Цікавая кампанія атрымалася», — сьмяецца Андрэй.

Тое, што ўнучкі беларускага прэзыдэнта добра валодаюць беларускай мовай, зусім ня дзіва — лічыць Алег Трусаў, старшыня Таварыства беларускай мовы.

Алег Трусаў

Алег Трусаў

«Вы на 10 год ужо адстаяце ад рэальнасьці. Сытуацыя кардынальна памяналася. Тое, што беларуская мова няважная, Лукашэнка казаў яшчэ 10 гадоў таму. А за апошняе дзесяцігодзьдзе прэзыдэнт пра мову выказваецца толькі добра. Калі я вам такія цытаты пакажу, вы падумаеце, што гэта Гілевіч ці Быкаў», — жартуе Алег Трусаў.

Алег Трусаў лічыць, што ўнучкі прэзыдэнта — дзеці стопрацэнтных беларусаў, паколькі, паводле старшыні ТБМ, сыны Лукашэнкі ажаніліся зь беларускамі і маюць вясковыя карані.

Але ж і палітычны момант у перамозе дзяўчатак Лукашэнак у конкурсе безумоўна ёсьць, кажа Алег Трусаў:

«Паглядзіце, колькі білбордаў улада паставіла „Размаўляй па-беларуску“. Колькі грошай на гэта патраціла. Гэта значыць, яна падкрэсьлівае: у нас усё добра зь беларускай мовай».

Калі ж сам Лукашэнка загаворыць па-беларуску? «Дый ён жа па-руску ніколі не гаворыць! — сьцьвярджае Алег Трусаў. — Паехаў у Маскву, сказаў „гвалт“. У яго бедны запас расейскай мовы. Ён ніводнага дня ў Расеі ня жыў, нават у войску там не служыў. Як і большая частка нашага народу, ён размаўляе на трасянцы. Па-руску ня можа безь беларускага акцэнту гаварыць. Я вось магу без акцэнту, а ён ня можа. „Жэншчына“ і так далей — рускія так не гавораць».

«Рускай мовы ён ня ведае і ведаць ужо ніколі ня будзе. І рускія кніжкі ён перад сном не чытае», — падсумоўвае старшыня ТБМ.

Узнагароджаньне пераможцаў конкурсу адбудзецца 18 студзеня ў будынку музэю. На яго запрошаныя ўсе ўдзельнікі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG