Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Indra, Top Ten, Kaiserkeller... Гамбурскія клюбы, якія павырасталі на Рэпэрбане пасьля вайны, калі так хацелася зноў кахаць, выпіваць і танчыць-танчыць-танчыць. Якія б навамодныя гіпы і гопы ні гойсалі сёньня ў іхных сьценах, у гісторыі яны застаюцца найперш як месцы баявой славы бітлоў. Як, зрэшты, і ўвесь Рэпэрбан, вуліца, дзе ніколі не канчаюцца грошы і ніколі не спыняецца пагоня за асалодай. Тут ёсьць завулак, дзе пабочным жанчынам зьяўляцца забаронена, каб не ствараць канкурэнцыі прафэсійным грэшніцам. Тут у мірным суседзтве суіснуюць гамбурская стомэтроўка і самы стары ў горадзе паліцэйскі пастарунак, чарада сэкс-шопаў і тэатар апэрэты, музэй парнаграфіі і — Бітлз. Тут ёсьць цэлая плошча іхнага імя. Клюб Kaiserkeller месьціцца за некалькі дзясяткаў мэтраў ад Рэпэрбану, на вуліцы Große Freiheit — а літаральна насупраць царква: усё для зручнасьці грэшніка. Менавіта ў Kaiserkeller Бітлз упершыню выступілі на вялікай сцэне, менавіта тыя 500 гадзін, якія яны адыгралі тут, пад чырвонымі гамбурскімі ліхтарамі, загартавалі іх для далейшае славы. Адсюль яны вярнуліся ў Брытанію, каб на пачатку 60-х заваяваць Лівэрпуль, потым усю краіну, а потым і сьвет.



19 студзеня — наогул асаблівы дзень у бітла-календары. У гэты дзень у 1963-м чацьвёрка зьявілася ў тэлеперадачы «Thank your lucky stars» на брытанскай тэлевізіі (сама перадача была запісаная на тыдзень раней) і зладзіла сапраўдны фурор. А 19 студзеня 1967-га на Эбі Роўд быў пачаты запіс знакамітага бітлоўскага гіта «A Day in the Life». Таго самага, які закрывае «Сяржанта Пэпэра».



Гэта загадкавая кампазыцыя, адна з галоўных прыступак, па якіх Бітлз зьдзейсьнілі сваё падарожжа ў Залюстроўе. Тут ня толькі гучыць будзільнік, але і ствараецца эфэкт сапсаванага тэлефона: шмат хто са слухачоў пачуў у песьні словы «Я пахаваў Пола», якіх там не было. Дзіўны тэкст, значэньне якога літаратуразнаўцы расшыфроўваюць дагэтуль. Да таго ж з намёкамі на наркатычныя вобразы, ад якіх бітлы, як водзіцца, дваццаць гадоў адхрышчваліся, каб потым стомлена прызнацца: так, было, чаго ўжо тут. Тут жывуць шматзначныя барабанныя зьбіўкі, гераічная гітара і статак тлустай атанальшчыны, на запіс якой пайшло больш часу, чым на ўвесь першы альбом гурту. І ўсё гэта вянчаюць дэманічны голас Ленана і бадзёры, як сталінскі марш, голас Макартні. Адзін дзень з жыцьця за пяць хвілін. Многа гэта ці мала, ведае, напэўна, толькі Людміла Гурчанка.
XS
SM
MD
LG