Лінкі ўнівэрсальнага доступу

18 студзеня 2008 году беларуская Фэміда, надзеўшы чадру, вырашыла трохі адпачыць і пазаймацца правасудзьдзем. Праўда, чадру ад паранджы яна не адрозьнівала, таму нацягнула для вернасьці яшчэ і хіджаб зь нікабам, прыклеіла сабе бараду да кален, а ў рукі ўзяла меч, прысланы ёй надоечы ў падарунак роднай сястрой з Савудаўскай Арабіі. У такім выглядзе Фэмідзе нічога ня трэба было баяцца — усё адно не пазнаюць. Так, нікім не пазнаная, яна і асудзіла ў гэты дзень выпускаючага рэдактара газэты «Згода» Аляксандра Зьдзьвіжкова на тры гады калёніі ўзмоцненага рэжыму за перадрук карыкатур на прарока Мухамада, апублікаваных у адной з дацкіх газэт. Праўда, неўзабаве экзатычныя апранахі Фэмідзе давялося зьняць, бо ў такім выглядзе ўсё ж ня надта зручна ганяць пратэстантаў праваслаўным венікам — і Зьдзьвіжкова выпусьцілі.

Агучаны пяць гадоў таму прысуд рэдактару «Згоды» стаў самым суровым сярод усіх, вынесеных па выніках таго карыкатурнага скандалу, што страсянуў сьвет у 2005-м і паразьбіваў шклопакеты ў дацкіх амбасадах. Праўда, на момант арышту Зьдзьвіжкова скандал быў ужо даўно сьціх. Прагучалі пратэсты, пагрозы і выбачэньні, была ацэненая з улікам інфляцыі галава галоўнага кукрынікса. Тут, здавалася б, і казусу канец. Але, як вядома, у Беларусі ніводзін скандал ня можа сьціхнуць бяз санкцыі пракурора. Выставіўшы наперад Фэмідзіны грудзі, уся краіна ўстала супраць распальваньня рэлігійнай варажнечы. І тая неяк адразу ўзяла і патухла. Нібыта і не было.

Менскі гарадзкі суд

Менскі гарадзкі суд

Нічога дзіўнага ў гэтым, вядома ж, няма. Каму ж яшчэ, як не РБ, гэтаму аплоту ісламскага сьвету, было на той момант заступіцца за гонар прарока. Цяжка ўсё ж жыць пад толькі крыху пераробленым іранскім сьцягам: кругавая парука колераў. Тую публікацыю ў «Згодзе» дзяржава абвясьціла правакацыяй супраць сябе — чым канчаткова расставіла прыярытэты: камусьці вельмі карцела падацца большым мусульманінам за самага прававернага суніта. Навошта: відавочна, каб патрэбныя дзяржаве прававерныя суніты ў патрэбны момант прыкінуліся трошкі праваслаўнымі. Роўна настолькі, каб стымуляваць гандаль. Бо што такое, урэшце, для дзяржавы тры гады чалавечага жыцьця: разьменная адзінка, лічба на дробнай банкноце. Грошы ня пахнуць: ні нафтай, ні сьвіной крывёй, ні чалавечай.

Падчас суду

Падчас суду

Нават муфцій Варановіч, афіцыйны пазоўнік па справе Зьдзьвіжкова, быў зьдзіўлены такой празьмернай спагадай беларускага суду да пачуцьцяў добрых мусульманаў. Муфцій жа хацеў толькі нагадаць пра павагу — але пазоў зрабіўся добрай нагодай для закрыцьця яшчэ адной незалежнай газэты. Нагодай, якую так чакалі там, наверсе. Пакуль Фэміда адпачывала ў Эгіпце і Турцыі. Як паказвае практыка, судзьдзёй у Беларусі можна стаць, нават валодаючы інтэлектам бэлькі і маральлю цьвіка, пасада даецца за простую ляяльнасьць. Таму бэлька і падае на галаву тым, каму загадана.

Кажуць, пасьля абвяшчэньня таго выраку Аляксандр Зьдзьвіжкоў прамовіў: «З намі Бог і хрэсная сіла!» Што ў ягоным выпадку прагучала прыкладна ў тым самым сэнсе, што і «Алах акбар».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG