Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэадосій

Тэадосій

Каму млын, каму асла, а каму ката ў ботах... Рымскі імпэратар Тэадосій вырашыў не пераймацца перад сьмерцю такімі складанымі пытаньнямі і ўсё падзяліў на два — і млын, і асла, і ката; у выніку толькі катовы боты засталіся пры гэтым цэлыя. Пагатоў і сыноў Тэадосій меў толькі двух: Ганорыя і Аркадыя. 17 студзеня 395 году імпэрыя была падзеленая: Ганорый атрымаў левы бот, заходнюю частку, Аркадый правы — усходнюю. Пасеклі наш край напалам — маглі б уздыхнуць рымскія грамадзяне, а ўздыхаць было ад чаго. З хуткасьцю восеньскага ветру, які імчыць з Рыму да Канстантынопалю, некалі наймагутнейшая, але даўно ўжо саслабелая дзяржава панеслася насустрач свайму поўнаму і канчатковаму заняпаду.

Аркадый і Ганорый

Аркадый і Ганорый

Аркадыю на момант атрыманьня правага бота было адзінаццаць, Ганорыю, калі ён узяў у свае рукі левы — васямнаццаць гадоў. Настаўнікам Аркадыя быў гал Руфін, настаўнікам Ганорыя — вандал Стыліхон. Абодва бравыя мужы няспынна інтрыгавалі адзін супраць аднаго, і не было для іх большай радасьці, чым даведацца, што няўрымсьлівыя і вечна галодныя барбары пабілі, пакралі ды папсавалі нешта ў суседа. Руфіна неўзабаве забілі, а Стыліхону давялося ўсё жыцьцё супрацьстаяць вэстготам. Кароль вэстготаў Алярых ня раз падступаўся да Рыму і ня меў да вечнага гораду ні павагі, ні сантымэнту. Вядома, што калі рымскія паслы спрабавалі запалохаць яго былой веліччу, намякаючы, што ў Рыме хапае жывой сілы, якая здольная супрацьстаяць ягоным ордам, Алярых насьмешліва адказаў са сваім гоцкім акцэнтам: «Чім густэйшы трафа, тым лягчей яе касыт». Удаваў зь сябе мірнага земляроба, фашыст... Ганорый, які хаваўся то ў Міляне, то ў Равэне, даўно забыўся пра колішнюю сталіцу. Урэшце барбары ўсіх перамаглі і пайшлі далей, паабяцаўшы вярнуцца. Рым разваліўся, як Савецкі Саюз, і як адзіную імпэрыю яго ніхто ўжо болей не прыгадваў — апрача гісторыкаў.

Цяжка быць малым зьвярком у лесе, дзе палююць імпэратары. Ніхто ніколі не пытаўся ў чалавека, дзе ён хоча жыць, якую ўладу мець і кім звацца. Калі ты не Ганорый і не Аркадый, твая думка нікому не цікавая. Чалавек — закладнік дзяржавы, якой бы дэмакратычнай яна сябе ні называла і якія б рэфэрэндумы раніцай у нядзельку ні ладзіла. Сёньня ў цябе на галаве стаіць нечы правы бот, а заўтра левы. Сумнай бясконцай чарадой, як вечныя ўцекачы, мы рухаемся праз палітычную гісторыю нашага сьвету. Нас тут багата: ад фракійцаў і грэкаў, зулусаў, коса і індзейцаў да сылескіх немцаў, украінцаў, беларусаў, палякаў, татараў... Некаторым насельнікам колішняй Югаславіі давялося ў ХХ стагодзьдзі ўсяго за непрыстойна кароткі час зьмяніць некалькі ня тое што пашпартоў, але нацыянальнасьцяў і веравызнаньняў: сэрбаў пры Павэлічы гвалтам заганялі ў каталіцтва і рабілі харватамі, сэрбы харватаў лічылі д’ябальскім адродзьдзем, а басьнійцаў туркамі і здраднікамі. А потым усе раптам разам сталі югаславамі і атэістамі. Сапраўдная мараль палітыка — мараль гульца ў манаполію. Удаючыся ў тонкасьці і думаючы пра розных людзішак, гульні ня выйграеш. Толькі з папяровай гульні сочыцца сапраўдная кроў. Кожны падзел рэжа па жывым найперш чалавека, а не зямлю. Ня дзіва, што самым адчайным з нас падаецца: лепш быць вольным готам і рабаваць тое, да чаго яшчэ не дабраліся рукі нечых каранаваных дзяцей. Калі гісторыя і вучыць чамусьці карыснаму, то толькі знакамітаму:

«Жні там, дзе ня сееш». А як інакш ня быць цацкаю ў чужых руках?

Вось за гэта я не люблю палітыкаў. Усіх.

Ты нарадзіўся грамадзянінам Рыму, Саюзу Савецкіх Сацыялістычных. За цябе ўсё вырашылі — і тым, хто вырашаў, здавалася, гэта назаўжды. Вядома, у сем гадоў ты горда паўтараў: civis romanus sum! — але яшчэ празь сем гадоў ты ўжо цьвёрда ведаў, што навакольны Картаген мусіць быць зруйнаваны. І вось ты зрабіўся грамадзянінам незалежнай Рэспублікі Беларусь — і ганарыўся гэтым. Тут ужо табе здавалася, што гэта назаўжды, і ніякія маскоўскія Ганорыі на пэнсіі нам ня страшныя. А цяпер раз на год ты даведваешся, што правы бот трэба надзяваць на левую нагу, а левы на правую. І што так правільна і інакш быць ня можа. Бо ты, небарака, яшчэ, аказваецца, і падданы нейкага Саюзнага гасударства.

Цікава, дзе гэта?

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG