Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры адценьні белага


16 студзеня 1916 году нямецкі фэльдмаршал Гіндэнбург, галоўнакамандуючы кайзэраўскімі войскамі на Ўсходнім фронце, той самы, які яшчэ праз шаснаццаць гадоў прызначыць Гітлера райхсканцлерам, прызнаў існаваньне беларускай мовы. На акупаваных кайзэраўскім войскам тэрыторыях яна набыла афіцыйны статус, які трохі падпсаваў баявы настрой прыхільнікаў «адзінай і непадзельнай». Ведалі б яны, што тут пачнецца праз два гады...

Нашая мова тады называлася па-нямецку прыгожа: weißruthenische Sprache. Ня тое, што цяпер, калі пераважная большасьць немцаў, ігнаруючы афіцыйна зацьверджаны, але чужы ім тэрмін «Belarussisch», клічуць яе звыклым і панылым словам «Weißrussisch». Нягледзячы на ўсе намаганьні, прышчапіць немцам звычку казаць «Беларусіш» пакуль ня надта ўдаецца. Не ў апошнюю чаргу таму, што сама сучасная Беларусь бяз русішу сябе не ўяўляе. Ня надта прыемна ўсьведамляць сябе носьбітам загадкавай «беларасейскай» мовы, якая ўсім сваім нутром лямантуе, што так называцца можа хіба нейкі дыялект. Вайсрутэніш — іншая справа. Прыгожае, паэтычнае слова, да таго ж у сто разоў больш карэктнае за ўсе іншыя азначэньні — бо, як руплівы вучоны, яно само разьмяжоўвае паняткі «Русь» і «Расея», якія ў гермэтычнай расейскай сьвядомасьці неяк неўпрыкмет зьліпліся, не раўнуючы ледзянцы.

Фота: Руслан Равяка
Фота: Руслан Равяка
Летась у лістападзе падчас сваіх чытаньняў і дыскусій у нямецкім Грайфсвальдзе я, набраўшыся сьмеласьці, прапанаваў усім: публіцы, калегам і мадэратару — называць маю краіну «Вайсрутэніен», а мову «Вайсрутэніш». Здарылася дзіва: людзі паспрабавалі — і ў іх атрымалася. Ад тых вечароў засталося адчуваньне нейкай натуральнасьці — настолькі гарманічна гучала прапанаваная назва ў вуснах нямецкамоўных. Усё раптам неяк стала на свае месцы. Здаецца, ім і самім было значна прыемней вымаўляць «Вайсрутэніш» і «Вайсрутэніен». Фанэтычна гэта словы чыста нямецкія — і да таго ж адпавядаюць старой і шляхетнай традыцыі, асьвечанай аўтарытэтнымі ў навуковым сьвеце людзьмі.

І што, уласна кажучы, з таго, што словы «Вайсрутэніен» і «Вайсрутэніш» ужывалі ў дачыненьні да Беларусі і яе мовы нацысцкія акупанты? Ніхто не забараняе слова «Polen», таму што так нацысты называлі Польшчу. Сэрбію немцы, як і тады, называюць Serbien, Аўстрыю — Österreich, Францыю — Frankreich, Данію — Dänemark, а Славаччыну — Slowakei. І ніхто ня бачыць праблемы.

Усё гэтае непрыманьне назвы «Вайсрутэніен» падазрона нагадвае дурны і ірацыянальны страх перад бел-чырвона-белым сьцягам.

...Некалькі гадоў таму Менск наведалі — упершыню — мае нямецкія сябры М. і Ё. У нейкай кнайпе гаворка непазьбежна зайшла пра нашыя гістарычныя праблемы. Як яны выглядаюць зь нямецкага боку, і як зь беларускага. І тут, сербануўшы піва, я нечакана сказаў тое, пра што ня раяць гаварыць уголас ні тут, ні там.

Гэта было ўсяго толькі кароткае пытаньне, ад якога галава баліць значна больш, чым ад піва з гарэлкай.

Чаму нямецкія нацысты, якіх, як і любых нацыстаў, я шчыра ненавіджу і якім заўжды была адна дарога — у пекла, адчынялі тут нацыянальныя школы і прызнавалі нашу мову? А расейскія браты, якія сьмяротна крыўдзяцца на слова «акупанты», увесь час вынішчалі тут усё беларускае?

Нельга так ставіць пытаньне. Непаліткарэктна!

Але пытаньне ёсьць. І ад яго нікуды не падзецца. Іншая справа, што для адказу на яго трэба трохі перайначыць створаную ў сябе ў галаве мадэль сьвету. Да чаго ні немцы, ні пагатоў беларусы пакуль не гатовыя. Ці дагэтуль?

«Немцам гэта было выгодна, каб падтрымаць ваш сэпаратызм...» — няўпэўнена сказаў Ё. — «Што ў першую, што ў другую вайну...» Было відаць, што ён сам адчувае ўсю абразьлівасьць свайго меркаваньня. Сьлізкая тэма. Занадта гладкая гісторыя, дзе так лёгка пасьлізнуцца і заехаць не туды. Розьніца паміж незалежнасьцю і сэпаратызмам — прыкладна такая самая, як паміж «Вайсрутэнішам» і «Вайсрусішам». Але ў параўнаньні з турызмусам усё гэта — дробязі жыцьця.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG