Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прафсаюзы Ўкраіны – таксама супраць дэкрэту Лукашэнкі


Канфэдэрацыя свабодных прафсаюзаў Украіны абураная ўвядзеньнем прымусовай працы ў Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў спэцыяльнай заяве Канфэдэрацыі з нагоды падпісаньня Аляксандрам Лукашэнкам Дэкрэту № 9.

Украінскія прафсаюзы спадзяюцца, што «кіраўнік суседняй дзяржавы праявіць здаровы розум і выправіць палажэньне дэкрэту ў адпаведнасьці зь міжнароднымі працоўнымі нормамі і стандартамі і не дапусьціць прымусовай працы ў Рэспубліцы Беларусь».

Поўны тэкст заявы сёньня надрукаваны на афіцыйным сайце Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.

Раней з заклікам да Аляксандра Лукашэнкі скасаваць дэкрэт № 9 аб «прыгонным праве» ў дрэваапрацоўцы зьвярнуўся Міхаіл Шмакаў, старшыня Фэдэрацыі незалежных прафсаюзаў Расеі. А лідэр Канфэдэрацыі працы Расеі Барыс Краўчанка заявіў, што ягоная арганізацыя гатовая арганізаваць міжнародную кампанію падтрымкі працаўнікоў і незалежных прафсаюзаў Беларусі.

Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук сёньня сказаў «Свабодзе», што свой вэрдыкт па гэтай справе Міжнародная арганізацыя працы абвесьціць пасьля таго, як яе экспэрты дэталёва вывучаць дакумэнт.

Спадар Ярашук таксама сказаў, што экспэрты ў Жэнэве чакаюць прэцэдэнту ўжываньня гэтага дэкрэту:

«Але пакуль такіх прыкладаў няма. І, я думаю, у пэўнай ступені няма таму, што ўлады баяцца супольнай міжнароднай рэакцыі на такія выпадкі».
XS
SM
MD
LG