Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Гэлап: 50% дамоў у Беларусі мае доступ да інтэрнэту


У сярэднім, 32% дарослых людзей на сьвеце мае доступ да інтэрнэту.

Гэтак вынікае з апытаньня, праведзенага сусьветнай сацыялягічнай службай Гэлап у 2011 годзе срод дарослых людзей у 148 краінах.

Гэлап ва ўсіх краінах ставіў аднолькавае пытаньне: «Ці ваш дом мае доступ да інтэрнэту?»

Сацыялягічная служба пракамэнтавала атрыманыя вынікі перасьцярогай, што яны адлюстроўваюць хутчэй працэнт дарослых людзей, якія адказалі «так» на пытаньне, чым сапраўдны працэнт дамовак, падключаных да інтэрнэту. Ня выключана, адзначыў Гэлап, што некаторыя людзі, якія карыстаюцца смартфонамі, палічылі гэты сродак сувязі таксама «хатнім інтэрнэтам».

Дадаткова – заўважыў Гэлап – трэба мець на ўвазе, што людзі – дамы і кватэры ў якіх не падключаныя да сусьветнага сеціва – могуць мець доступ да інтэрнэту ў іншых месцах: на працы, у школе, у публічных бібліятэках, у інтэрнэт-кавярнях.

Паводле Гэлапа, у Беларусі 50% апытаных адказала, што іх дом мае доступ да інтэрнэту.

Найвышэйшы доступ да інтэрнэту маюць жыхары Швэцыі (93%), Сінгапуру (93%), Даніі (92%) і Нідэрляндаў (91%). Найгорш з доступам да інтэрнэту ў афрыканскіх краінах – у 25 зь іх доступ да інтэрнэту меншы чым 10%.

У суседзяў Беларусі доступ да інтэрнэту вызначыўся наступным чынам: Польшча (71%), Літва (63%), Латвія (63%), Расея (51%), Украіна (40%).
XS
SM
MD
LG