Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Столькі нянавісьці ў камэнтарах на сайце Свабоды! Я не адзіны мадэратар, але скажу пра сябе – хоць ты хавайся ў бульбу, калі людзі нібыта тваіх поглядаў аж настолькі безапэляцыйныя, глухія і злыя. Міжволі задумаесься – а ў чым уласна іх і твае погляды супадаюць? У прабеларускай рыторыцы? Магчыма. Але ва ўсім астатнім мне часта хочацца перайсьці на другі бок вуліцы.

Ва ўсім астатнім... Мая беларушчына ніколі не была злой, хамскай, па-пракурорску «выкрывальніцкай». Нацыянальная ідэя – як ідэал, як Жыровіцкі абраз Божае маці. Яна заўсёды адкрывалася людзям, імкнулася быць шчырай і па-хрысьціянску пакаяльнай. Гэта да яе і прываблівала.

Увогуле добры тон кожнай дыскусіі пачынаецца з тваёй унутранай гатовасьці быць перакананым тваім апанэнтам. Гэта не капітуляцыя, гэта, наадварот, мабілізацыя і шанцы на будучыню.

На такім настроі ў 1980-я гады ў Беларусі ўзьнік маладзёвы рух. На такім настроі ён стаў масавым.

У тым нефармальным руху было мноства людзей усякіх поглядаў – лібэралы, кансэрватары, марксісты, хіпі, астролягі і страшна прызнацца хто яшчэ. Проста тады, калі іх стала аж так шмат, і стала магчымым тое, што сталася на пераломе 80-х і 90-х. А пасьля ўсе разьбегліся. І стала тое, што стала ў сярэдзіне 90-х. Дзе яны цяпер, тыя людзі беларушчыны?

Дваццаць гадоў таму я сышоў з БНФ менавіта з-за гэтага разладу. Адчуў, што апроч нацыянальнае рыторыкі мяне з гэтай арганізацыяй ужо ня зьвязвае нішто. Дый нацыянальнае мне бачылася не ў рыторыцы, а ў імклівым пашырэньні мовы, беларускай ідэі, любові да свайго. А тут панавала крыўда і злосьць. Мы ненавідзім! – чыталася ў позірках людзей. Ненавідзім Маскву, КГБ, Захад і адзін аднаго. Нацызм у Нямеччыне паўстаў менавіта з таго, што пакрыўджаная нацыя прагна жадала рэваншу. І ў нас ёсьць людзі, якім падабаецца такі настрой – быць пакрыўджаным і ненавідзець.

Але маё пытаньне ня ў тым. Навукоўцы кажуць, што чалавецтва гуманізуецца. Аказваецца, 20-е стагодзьдзе было самым некрывапралітным (у адсотках да насельніцтва Зямлі) за ўсю гісторыю. Пры ўсіх войнах і катастрофах. Па-мойму, гэта добрая тэндэнцыя. А вы думаеце інакш?

Ёсьць дзьве беларушчыны – адкрытая для прыхільнікаў і нацменская. Адкрытая беларушчына адкрытая навонкі для ўсяго існага ў гэтым сьвеце, бо яна большая за людзей, яна ідэя. Нацменская – адштурхоўваецца ад усяго існага дзеля самазахаваньня групы. Беларушчына тут меншая за інтарэсы людзей, яна знак, які іх адрозьнівае ад чужакоў. Але знак, у адрозьненьне ад ідэі, не пашыраецца.

Вы засьцерагаеце ад засільля мультыкультуралізму, сіянізму і гомасэксуалізму. Страшныя зьявы. Але езьдзячы «па Эўропах», я ні разу не сустракаўся з гэтымі праблемамі, тым больш абсурдна ўявіць, што яны б нейкім чынам заміналі маёй ідэі. Затое паўсюль бачыў рэалізаваную нацыянальную ідэнтычнасьць, вернасьць традыцыі, і думаў, што гэта нам бы павучыцца ў іх таму, чаго мы хочам, а ўжо крый божа вучыць іх.

І вось што я зразумеў пра нашу нацыянальную ідэю. Між іншым, у свой час я й пазнаваў яе з працаў яе бацькі Антона Луцкевіча, які першы абгрунтаваў і нашу дзяржаўнасьць і незалежнасьць. Я зразумеў, што беларускі нацыяналізм можа аб'ядноўваць людзей розных, нават супрацьлеглых палітычных, сацыяльных, культурных дактрынаў. У гэтым яго сіла. Так было ў нашаніўскую пару, так было ў часе паўставаньня маладзёвага руху. Езьдзілі пратэставаць супраць затапленьня Віцебшчыны, не адбылося затапленьня. Езьдзілі на абвалаваньне Прыпяці, не адбылося абвалаваньня... Эфэкт адкрытай супольнасьці – яна, аказваецца, усемагутная. І апазыцыю ў ВС абрала яна, бегаючы па кватэрах ды пляцах. Грамадзянская супольнасьць.

Я хачу, каб Беларусь была беларускай. Але я ведаю, што палітычна, цывілізацыйна, культурна яна была, ёсьць і будзе рознай. І ў нас ёсьць шмат шанцаў і магчымасьцяў яе стварыць. Для гэтага трэба прызнаць, што беларушчына – усіхная, незалежна ад полу, расы, арыентацыі ці пазыцыі на выбарах.

А ўсё іншае – ад КДБ :)

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG