Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачынаецца закрыты працэс над былым намесьнікам МУС


Палкоўнік Яўген Полудзень

Палкоўнік Яўген Полудзень

14 студзеня ў Вярхоўным судзе пачынаецца працэс над былым намесьнікам міністра ўнутраных спраў Яўгенам Полуднем. Судзіць палкоўніка міліцыі будуць пры зачыненых дзьвярах у будынку вайсковага суду на Рагачоўскай вуліцы.

Яўгена Полудня арыштавалі ў сьнежні 2011 году. Былога міліцыянта абвінавачваюць паводле двух артыкулаў: злоўжываньне ўладай і перавышэньне ўлады. Два эпізоды аб’яднаныя ў адну справу. Сьледзтва мяркуе, што Полудзень сыстэматычна і працяглы час атрымліваў ад службовых асоб органаў унутраных спраў матэрыяльныя каштоўнасьці й грашовыя сродкі. Аднак памер гэтых «паднашэньняў» для публікі застаецца невядомым.

Як невядомае й стаўленьне Яўгена Полудня да абвінавачаньня: ці ён прызнае віну цалкам, ці часткова, ці ўсё адмаўляе? На мінулых працэсах над высокапастаўленымі службоўцамі бывала, што заяўленьні сьледчых органаў пра прызнаньне віны падсьледным на судзе не пацьвярджаліся. Гэтак адбылося, прыкладам, на судзе над Ігарам Васільевым, намесьнікам старшыні Менгарвыканкаму, якога цяпер судзяць у Менскім абласным судзе паводле абвінавачаньня ў спробе атрымаць хабар у паўмільёна даляраў. У першы дзень працэсу чыноўнік заявіў, што на сьледзтве прызнаваў віну пад ціскам з боку сьледчых з КДБ і спробу атрымаць хабар абверг. Прынамсі, неўзабаве пасьля гэтых паказаньняў суд над Ігарам Васільевым «часова» закрылі — за закрытымі дзьвярыма чыноўніка судзяць ужо болей за тыдзень.

Паводле вайсковай калегіі Вярхоўнага суду, закрытасьць працэсу над Яўгенам Полуднем тлумачыцца наяўнасьцю ў справе матэрыялаў, якія ўяўляюць службовую таямніцу. Незалежныя экспэрты, аднак, мяркуюць, што справу засакрэцілі з мэтай схаваць ад грамадзкасьці сувязі былога намесьніка міністра з высокапастаўленымі міліцыянтамі й чыноўнікамі. Нагадваюць таксама, што Яўген Полудзень за датычнасьць да рэпрэсіяў супраць удзельнікаў пратэставых акцый трапіў у сьпіс асобаў, якім забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу і ЗША.

Максымальнае пакараньне паводле артыкулаў, якія выстаўленыя Яўгену Полудню — да 8 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці. Як паставіўся чыноўнік да абвінавачаньня, журналісты спадзяюцца даведацца з крыніц, набліжаных да суду. Сачыце за паведамленьнямі пра працэс на сайце «Свабоды».

«Полудзень зрабіў кар’еру на разгоне акцый пратэсту»


Вячаслаў Сіўчык

Вячаслаў Сіўчык

Грамадзкі актывіст, удзельнік намётавага лягера на Кастрычніцкай плошчы ў 2006 годзе ды іншых апазыцыйных акцый Вячаслаў Сіўчык згадаў пра Яўгена Полудня.

«Яўген Полудзень паводле сваіх службовых функцый ўвесь час займаўся вулічнымі акцыямі, можна сказаць, што ён сваю кар’еру ў міліцыі зрабіў на гэтым. Гэта той з ахоўнікаў рэжыму, які неаднойчы кіраваў міліцыяй пры разгоне вулічных акцый, прычым не адзін год. На вуліцы ён паводзіў сябе заўсёды аднолькава. Хацеў бы нагадаць, што яшчэ незадоўга да свайго арышту ў сьнежні 2011 году Яўген Полудзень адрапартаваў рэжыму, што міліцыя гатовая да разгону беларусаў, бо наперадзе была гадавіна Плошчы».

Паводле Вячаслава Сіўчыка Яўген Полудзень датычны да разгону намётавага лягера на Кастрычніцкай плошчы ў 2006 годзе і гвалтоўнага спыненьня шэрагу ранейшых акцый, у тым ліку Дня Волі ў 2004 годзе.



Былы палкоўнік Полудзень кіраваў міліцыяй грамадзкай бясьпекі са жніўня 2009 году. Крымінальную справу супраць яго распачалі 8 сьнежня 2011 году, і ў той жа дзень узялі пад варту. А 27 сьнежня яго звольнілі ў запас з пасады намесьніка міністра ўнутраных спраў — начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі за ўчынкі, якія дыскрэдытуюць органы ўлады. Тэрміны расьсьледаваньня справы працягваліся некалькі разоў.

На сваёй пасадзе Полудзень вызначыўся яшчэ і ўдзелам у здушэньні масавых пратэстаў супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2010 года і маўклівых акцый. За гэта ў студзені 2011 году яго ўключылі ў сьпіс неўязных на тэрыторыю краін Эўразьвязу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG