Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Калі людзей хочуць зрабіць разумнымі, добрымі, памяркоўнымі і велікадушнымі насуперак іх волі, непазьбежна прыходзяць да неабходнасьці перабіць іх усіх да аднаго.

Анатоль Франс



Паводле агенцтва «Інтэрфакс», Лукашэнка распарадзіўся падрыхтаваць нарматыўны акт, які прадугледжвае адказнасьць тых, хто аддае сваіх бацькоў пад апеку дзяржаве. «Трэба прымусіць, перш за ўсё, дзяцей глядзець за старымі. Але калі ня хочуць, то павінны кампэнсаваць дзяржаве абслугоўваньне іх бацькоў», — адзначыў ён, наведваючы ў чацьвер Рэспубліканскі інтэрнат вэтэранаў вайны і працы. Гэты дакумэнт можа быць падрыхтаваны на ўзор прэзыдэнцкага дэкрэта № 18, які прадугледжвае адказнасьць бацькоў, якія аддалі пад апеку дзяржавы дзяцей.

Гэтая заява Лукашэнкі — вельмі знамянальная ў тым сэнсе, як ён разумее сам канструкт сацыяльнай дзяржавы.

Каго яшчэ прымусіць любіць і клапаціцца? Мужа і жонку, братоў і сёстраў, каханак...

Ідэя, што дзяржава павінна клапаціцца пра людзей сталага веку, запанавала параўнальна нядаўна, толькі ў ХХ стагодзьдзі. Як складнік дактрыны сацыяльнай дзяржавы. Цягам усёй чалавечай гісторыі шматдзетнасьць у сем’ях была ня толькі вынікам таго, што нашы продкі ня ўмелі рэгуляваць нараджальнасьць. Гэта было і пэўнай страхоўкай на старасьць. Чым больш дзяцей, тым большая верагоднасьць, што яны паклапоцяцца пра старых бацькоў. Невыпадкова, як толькі ў разьвітых краінах дзяржава ўзяла на сябе клопат пра старых, нараджальнасьць там рэзка ўпала. І наадварот, у краінах трэцяга сьвету, дзе сацыяльная абарона, пэнсійная сыстэма слабая ці яе ўвогуле няма (напрыклад, у Кітаі пэнсіі фактычна не выплачваюцца), нараджальнасьць застаецца высокай. Такім чынам, вызваленьне людзей ад клопату аб уласнай старасьці — гэта вялізарная цывілізацыйная рэвалюцыя, кардынальная зьмена ў ладзе жыцьця сучаснага чалавека.

І ў гэтым сэнсе прапанова Лукашэнкі вельмі сымбалічная. І справа тут ня толькі ў тым, што ён хоча перакласьці адказнасьць за гэтую сфэру зь дзяржаўных інстытутаў на саміх грамадзян, што разбурае самую дактрыну сацыяльнай дзяржавы. Больш важна тое, што прэзыдэнт разумее гэты канструкт толькі ў выглядзе паліцэйскай сацыяльнай дзяржавы. То бок ён бачыць функцыі ўлады ў тым, каб прымусіць людзей быць добрасумленнымі, добрапрыстойнымі, добразычлівымі.

толькі ў разьвітых краінах дзяржава ўзяла на сябе клопат пра старых, нараджальнасьць там рэзка ўпала

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы кіруецца самымі высакароднымі матывамі. Сапраўды, хіба не павінны дзеці клапаціцца пра сваіх старых бацькоў? Хіба не павінны бацькі клапаціцца пра сваіх непаўналетніх дзяцей? І калі яны гэтага ня хочуць рабіць, то трэба прымусіць. І прымаецца дэкрэт № 18, які ўводзіць прымусовую працу для грамадзян, якія кінулі сваіх дзяцей. І ня важна, што эканамічнага сэнсу ў гэтым няма, дзяржаўныя выдаткі на саму працэдуру прыцягненьня такіх бацькоў да працы — большыя, чым прыбытак, бо якія з алькаголікаў работнікі? Але тут важны не эканамічны эфэкт, а справядлівасьць. Хіба ж не справядліва караць людзей за ня самыя лепшыя чалавечыя якасьці?

І тут уключаецца лёгіка паліцэйскай сацыяльнай дзяржавы, і ідэя справядлівасьці пераносіцца на эканамічныя адносіны. Хіба несправядліва прымусіць выпускнікоў унівэрсытэтаў адпрацоўваць па разьмеркаваньні два гады, калі яны вучыліся за дзяржаўны кошт? Альбо забараніць звальненьне працаўнікоў дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў да заканчэньня іх мадэрнізацыі? Вось старшыня Менскага гарвыканкаму Ладуцька заклікаў прыцягваць бамжоў, каб чысьціць вуліцы ад сьнегу.

То бок мы бачым выразную тэндэнцыю экспансіі дзяржавы ў грамадзкую сфэру, якая звычайна не падлягае дзяржаўнаму рэгуляваньню. Як вядома, адна з адметных рысаў таталітарнай сыстэмы — кантроль улады над прыватным жыцьцём людзей. І робіцца гэта дзеля самых гуманных мэтаў. Брытанскі пісьменьнік Артур Кёстлер пісаў: «У любую гістарычную эпоху колькасьць ахвяраў, якія пацярпелі ад разбойнікаў, рабаўнікоў, гвалтаўнікоў, гангстэраў і іншых злачынцаў, мізэрная ў параўнаньні зь незьлічоным мноствам тых, каго ўрачыста заклалі ў імя ісьцінай веры, справядлівага грамадзтва, правільнай ідэалёгіі».

І што далей? Каго яшчэ прымусіць любіць і клапаціцца? Мужа і жонку, братоў і сёстраў, каханак...

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG