Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гульня ў «строгага бацьку», які чысьціць шэрагі бюракратаў


Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Лукашэнка заявіў 11 студзеня пра неабходнасьць скараціць за паўгоду 25 працэнтаў дзяржаўных служачых. Ён таксама запэўніў, што звольненыя дзяржаўныя службоўцы не атрымаюць ніякіх выплат пасьля звальненьня. Чым выкліканы заявы пра скарачэньне дзяржаўнага апарату — эканамічнымі прычынамі альбо падзеньнем рэйтынгу Аляксандра Лукашэнкі? На гэтыя пытаньні адказвае кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі.

Цыганкоў: «Чым выклікана скарачэньне дзяржаўнага апарату? Ці кіраўніцтва краіны зразумела эканамічную неабходнасьць гэтага кроку, неэфэктыўнасьць працы апарату? Ці проста Аляксандар Лукашэнка, які бачыць, што ягоны рэйтынг падае, вырашыў такім чынам узьняць сваю папулярнасьць?»

Класкоўскі: «Тут спрацаваў комплекс чыньнікаў. Па-першае, сапраўды, грошай стала меней — напрыклад, мала хто заўважыў, што леташні бюджэт нечакана аказаўся дэфіцытным. Па-другое, тут, безумоўна, ёсьць палітычныя, піяраўскія меркаваньні. І па-трэцяе, Лукашэнка рэальна заклапочаны якасьцю кіроўных кадраў. Бо ідзе працэс адтоку лепшых людзей з апарату. Заробкі там сапраўды не заўсёды высокія — і людзі сыходзяць: хто ў бізнэс, хто ў Расею. Нездарма Лукашэнка падкрэсьлівае, што тым, хто застанецца, болей старанным, адданым — трэба плаціць болей.

З гэтых чыньнікаў я б найбольш выдзеліў чыньнік піяраўскі. Зноў надышоў час, калі трэба выступаць з „гастролямі“, з спэктаклем на тэму „добры цар — кепскія баяры“. Пачатак гэтых гастроляў быў увосень, калі Лукашэнка зрабіў „мадэрнізацыйны тур“ па прадпрыемствах — паказныя здыманьні з пасадаў, груканьне кулаком, Дэкрэт № 9 і гэтак далей.

І зараз Лукашэнка „працуе на камэру“, кажа, што ўсіх скароціць без ільгот, выплат і гэтак далей. Зноў гэтая гульня ў „строгага бацьку“, які наводзіць парадак і чысьціць шэрагі бюракратаў».

Цыганкоў: «Ці адбудзецца гэтае скарачэньне чыноўнікаў на самой справе? Можа, у выніку хітрыкаў і супраціву самой намэнклятуры колькасьць супрацоўнікаў апарату рэальна ня зьменіцца?»

Класкоўскі: «Тое, што чыноўнікі будуць супраціўляцца — гэта натуральна. Будуць прапаноўвацца нейкія схемы, і нават на гэтай нарадзе адчувалася, што Лукашэнка выкрывае нейкія хітрыкі. Аднак пытаньне найперш у тым, што сам Лукашэнка выяўляе нерашучасьць, мы бачым ягоныя ваганьні. То бок, нават на гэтых дробных пераменах ён сам выступае тормазам.

Калі зрабіць рэзюмэ, то можна сказаць, што ў беларускіх уладаў тут няма канцэптуальнага падыходу. Бо найперш трэба было б прадугледзець, якія функцыі дзяржавы скараціць. Але тут Лукашэнка не гатовы пераступіць празь сябе — вывесьці дзяржаву з пэўных сфэраў, аддаць гэтыя сфэры бізнэсу альбо грамадзянскай супольнасьці. Бо гэта падрывае мадэль улады, створаную ў Беларусі».
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG