Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Забарона не працуе: «чарніла» ў вольным продажы


Паводле старшыні ўраду Міхаіла Мясьніковіча, Савет міністраў прыняў рашэньне ад 1 студзеня 2013 году спыніць выраб і продаж пладова-ягадных він, якія ў народзе называюць «чарнілам». Меркавалася, што замест яго вінзаводы пачнуць вырабляць больш якасныя, «палепшаныя» віны.

Ці выканана гэта рашэньне? У Гомелі у крамах зь вітрынаў ня зьніклі такія звыклыя для аматараў «чарніла» віны, як «Лаура», «Лучыстае», «Беліцкае» ды іншыя, кошт якіх вагаецца ў межах 12–16 тысяч рублёў.

Віны «Лучыстае», «Лаура» ды ім падобныя прапануюць у Гомелі ўсе без выключэньня крамы «Корзинка», «Родная сторона», якія ўваходзяць у сетку чатырох раённых акцыянэрных гандлёвых таварыстваў.

Гаворыць спадарыня Юля, прадавачка крамы № 21 на вуліцы Савецкай:

«У гэтым годзе прывозілі. Віны гэтыя штодзённага попыту — Гомельскага вінзаводу. Я ня ведаю, чым яны горшыя ці лепшыя. Я чула, што ня будуць прадаваць. Купляюць іх аматары, і вельмі хутка яны разыходзяцца».

Тое ж самае кажа й спэцыяліст аддзелу сьпіртовых напояў крамы «Корзинка»:

«Вядома, карыстаюцца попытам, асабліва ў вячэрні час — „Лучыстае“, віны ў вялікіх бутэльках, напрыклад, „Над Сожам“ і ўсё такое».

У рэгіянальнай управе гандлю патлумачылі, што забарона ўраду была не на продаж, а менавіта на вытворчасьць нізкагатунковых вінаў:

«Пастанова была ад 27 лістапада 2012 году № 1081. Згаданай пастановай вытворцам даведзена нулявая квота на выпуск непалепшаных, моцных вінаў.

Што да гандлю — давайце глядзець рэальна: калі купляюць і бяруць, значыць, даход расьце, і мы працуем. А хто вырабляе, таму й трэба пытаньні задаваць:
чаму вырабляеце?»
Экскурсія па чарнільнай анамастыцы

Песьня: Zet, «Танец сьмерці. Фоты: Darrius, «Салідарнасьць», cуполка «Пладовае віно».

У фірмовай краме «Колас» Гомельскага вінзаводу кажуць, што не адчулі на сабе забаронаў, прадугледжаных урадавай пастановай, бо й без таго выпускаюць палепшаную прадукцыю:

«Ідуць віны палепшаныя й па спэцтэхналёгіі. Мы іх даўно выпускаем, таму не адчулі на сабе тую пастанову, тыя забароны, якія распаўсюджваліся на віны ардынарныя. Іх у нас проста няма. Нашы віны ўсе натуральныя, мы толькі натуральную сыравіну выкарыстоўваем. Не выкарыстоўваем ні фарбавальнікаў, ні араматызатараў — нічога такога. Усе віны натуральныя і адрозьніваюцца толькі тым, што ў адных больш натуральнага браджэньня, у іншых — менш. Гэта значыць, больш замацоўваюцца сьпіртам альбо менш».

У аматараў танных вінаў свой погляд на якасьць. Пра гэта, у прыватнасьці, разважае спадар Вячаслаў, які толькі што набыў 3 бутэлькі віна «Лаура»:

«Усё адно: што тое балда, што гэтае балда. Керагазіцца незразумела што і з чым. „Аура — Лаура“. А хто была Лаура? Каханка Пятраркі. Сьпірту тут 18 працэнтаў, цукру 50 г/л, харчовая дабаўка, антыакісьляльнік Е-224. Тэрмін захаваньня з даты разьліву — 8 месяцаў. А што гэта за віно, калі сьпірт? Абяцалі, што прыбяруць бырла і пачнуць вырабляць якаснае віно. Дык я вам скажу, што гэтае якаснае віно нічым не адрозьніваецца — адрозьніваецца толькі коштам».


Магілёўшчына: «Чарніла»? Калі ласка!


У Магілёве забароны на продаж недарагога пладова-ягаднага віна няма, існуюць толькі часавыя абмежаваньні. Прадаваць «чарніла» дазволена на працягу 5 гадзінаў у суткі. Асноўныя пакупнікі — людзі, якія ня могуць дазволіць сабе алькаголь больш якасны і дарагі.

Паліцы з «чарнілам» у буйных крамах — у самым нізе алькагольных стэляжоў. Сёньня я стаў сьведкам таго, як у адной з крамаў прадаўцы сьпешна перастаўлялі ўніз бутэлькі зь недарагім «віном». Чым выклікана такое парадкаваньне, высьветліць не ўдалося.

Гутару з мужчынам, які хавае ў кішэні адразу дзьве пляшкі віна:

Карэспандэнт: «Дарагое яно ці не?»

Мужчына: «Не, таннае. Адзінаццаць тысяч!»

Карэспандэнт: «І шмат яго тут?»

Мужчына: «Хапае. На ўвесь Магілёў хопіць».

Кошт паўлітровай бутэлькі «чарніла» вагаецца ад 11 да 20 тысяч рублёў. Ці ўхваляюць аматары выпіўкі забарону на продаж «чарніла»? Адно зь меркаваньняў:

«У каго мала грошай, таму дрэнна. 50 тысяч гарэлка каштуе — ня кожны купіць. У каго мала грошай, купляе віно. Пятнаццаць тысяч — 0,7 літра каштуе віно, а 0,5 — 11 тысяч. Значыць, вытворцу выгадна так прадаваць».

Бальшыня наведнікаў крамаў са зьдзіўленьнем даведваліся ад журналіста, што «чарніла» яшчэ прадаецца:

Двое мужчынаў: «Нібыта ж забаранілі ад Новага году. Ад гэтага ж віна ўсе падаюць на ногі. Можа, старыя запасы засталіся, дык распрадаюць. А забарона ж пайшла ўжо».

Мужчына: «Дзе яно прадаецца? Ня бачыў я! Напэўна, што выгадна, вось і прадаецца брыдота ўсялякая. Атрута. Людзі таму і сьпіваюцца. Бічы во бутэлькі назьбіраюць і ў краме потым стаяць».
На памяць набыў пляшку самага таннага «віна» за 10 900 з паэтычнай назвай «Смородиновый аромат»

На памяць набыў пляшку самага таннага «віна» за 10 900 з паэтычнай назвай «Смородиновый аромат»


Абмежаваньні на продаж недарагога пладова-ягаднага ў Магілёўскай вобласьці ўвялі больш за год таму. А ці зьбіраюцца наагул забараніць яго продаж — пацікавіўся ў аддзеле арганізацыі гандлю Магілёўскага гарвыканкаму.

«Каб наагул зьняць з продажу — такога дакумэнту пакуль не было. На ўсіх узроўнях ідзе прапрацоўка. Гэты дакумэнт пакуль на разглядзе ў вобласьці. Ідзе такое ўрадавае даручэньне».

Паводле старшыні ўраду Міхаіла Мясьніковіча, Савет міністраў прыняў рашэньне, што ад 1 студзеня 2013 году спыняецца выраб і продаж пладова-ягадных він. Пра гэта ён заявіў 21 лістапада 2012 году, калі наведваў гандлёва-лягістычны цэнтар прадпрыемства «Менск-Крышталь».

Што да Магілёўскай вобласьці, то за час абмежаваньняў спажываньне пладова-ягаднага віна зьменшылася, як заяўлялі летась у чэрвені афіцыйныя крыніцы, з чатырох да дьвюх з паловай бутэлек на чалавека ў месяц.
XS
SM
MD
LG