Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нецьвярозага падпалкоўніка міліцыі за рулём затрымала ДАІ


Першага намесьніка начальніка Івацэвіцкага РАУС затрымалі нецьвярозым за рулём. Міліцыянту пагражае звальненьне з органаў, але мясцовыя актывісты не выключаюць, што ягоныя калегі паспрабуюць замяць справу.

Першы намесьнік начальніка Івацэвіцкай міліцыі Васіль Быско быў затрыманы нецьвярозым за рулём аўтамабіля. Гэтую інфармацыю актывісту з Івацэвіч Івану Куратніку пацьвердзілі ў райаддзеле міліцыі. Іван Куратнік апавёў «Свабодзе» вядомыя яму падрабязнасьці:

«23 сьнежня супрацоўнікі спэцпадразьдзяленьня дарожна-паставой службы „Страла“ затрымалі яго проста каля дома. Ён быў за рулём нецьвярозым. Але сказаў, што прыбору ня верыць. Тады яго павезьлі на экспэртызу, браць кроў, у бальніцу. Магчыма, ён спадзяваўся, што аналіз крыві потым удасца неяк замяніць. Але дактары ўзялі кроў, апячаталі аналіз і вывезьлі. Мне пра гэта потым расказаў адзін зь лекараў. І вось пазаўчора я пайшоў да намесьніцы начальніка па выхаваўчай працы і кадрах РАУС Ларысы Колбік і спытаў, ці праўда, што Быско быў затрыманы нецьвярозым за рулём. Яна спачатку адмаўлялася даваць інфармацыю, але тады я нагадаў, што зьяўляюся падаткаплатнікам і на падаткі такіх, як я, утрымліваюць міліцыю. Яшчэ нагадаў, што на будынку РАУС вісіць лёзунг „Мы служым людзям“. Пасьля гэтага яна пацьвердзіла, што быў такі выпадак».

Іван Куратнік выказвае асьцярогу, што міліцыянт можа пазьбегнуць адказнасьці з дапамогай калегаў. Актывіст спасылаецца на гісторыю аднаго з былых начальнікаў райаддзелу міліцыі, якога гэтаксама затрымалі нецьвярозым за рулём і ў выніку зь міліцыі перавялі ў раённую адміністрацыю, дзе ён працуе цяпер у ідэалягічным аддзеле.

«Ці прымуць адносна Быско меры ўзьдзеяньня?» — запытаўся Іван Куратнік у супрацоўніцы міліцыі. Тая адказала, што справай Васіля Быско займаецца цяпер унутраная служба бясьпекі.

11 студзеня я шмат разоў набіраў нумар службовага тэлефону Васіля Быско, але слухаўку міліцыянт так і не падняў. Старшы над ім начальнік Івацэвіцкага РАУС Аляксандар Гук камэнтаваць зьвесткі журналістаў адмовіўся. Супрацоўнік прэсавай службы рэспубліканскага ДАІ Станіслаў Салавей па зьвесткі аб затрыманьні Быско накіраваў мяне ў прэсавую службу Берасьцейскай міліцыі, але тамтэйшы супрацоўнік Андрэй Урусін пра здарэньне з Васілём Быско нічога не сказаў:

«Дзіўныя людзі! Яны працуюць, а самі… Нічога не магу пра гэта сказаць. Ня ведаю».

У Беларусі распрацоўваецца новы закон, паводле якога ў нецьвярозых кіроўцаў будуць забіраць ня толькі правы, але і самі аўтамабілі. Пракуратура Беларусі, якая настойвае на такіх жорсткіх захадах, прапануе таксама павялічыць адказнасьць нецьвярозых кіроўцаў за гібель людзей у ДТЗ. Ці прадугледжаныя адмысловыя захады адносна дзяржаўных служачых, якіх спыняць нецьвярозымі за рулём службовага аўтамабіля? Зьвестак пра такія прапановы няма.


Ці часта беларускіх службоўцаў ловяць нецьвярозымі за рулём?

У 2011 годзе ў Вільні супрацоўнік беларускай амбасады Яраслаў Д. учыніў нецьвярозым аварыю. Дыплямат адмовіўся прайсьці праверку на ўтрыманьне алькаголю ў крыві. Ён тлумачыў літоўскім паліцыянтам, што вельмі стаміўся на працы і заснуў за рулём.

У 2001 годзе на трасе Менск — Берасьце пад коламі службовага аўтамабіля тагачаснага старшыні Берасьцейскага аблвыканкаму Васіля Далгалёва загінуў чалавек. Незалежныя мэдыі пісалі, што за рулём мог быць зусім ня штатны кіроўца, а ягоны начальнік, а вялікую хуткасьць аўтамабіля тлумачылі алькаголем. Пракуратура, якая правярала здарэньні, гэтыя падазрэньні абвергла.

Кур’ёзны выпадак у 2008 годзе здарыўся з настаяцелем магілёўскай царквы айцом Уладзімерам, якога двойчы за адзін дзень спынілі нецьвярозым супрацоўнікі ДАІ. Бацюшка мусіў сплаціць немалы штраф.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG