Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Цэнтравыбаркам адмовіў прадстаўнікам палітычных партыяў у правядзеньні грамадзкага абмеркаваньня прапаноў аб унясеньні паправак у выбарчае заканадаўства.

Пра гэта БелаПАН паведаміў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

У адказе на прапанову, падпісаным кіраўніком ЦВК Лідзіяй Ярмошынай, адзначаецца, што «праект нарматыўнага прававога акта можа быць вынесены на публічнае абмеркаваньне паводле рашэньня дзяржаўнага органа (службовай асобы), упаўнаважанага прымаць (выдаваць) нарматыўныя прававыя акты. У адпаведнасьці з законам Цэнтральная камісія не зьяўляецца такім органам».

Акрамя таго, заявілі ў ЦВК, заканадаўства Беларусі не прадугледжвае правядзеньня экспэртызы законапраектаў БДІПЧ АБСЭ і Вэнэцыянскай камісіяй.

Заява аб правядзеньні грамадзкага абмеркаваньня паправак у выбарчае заканадаўства была падпісаная Партыяй БНФ, Беларускай партыяй левых «Справядлівы сьвет», Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыяй (Грамада), Беларускай партыяй «Зялёныя», кампаніяй «Гавары праўду» і рухам «За свабоду».

Апазыцыянэры лічаць, што шэраг выпрацаваных ЦВК прапаноў «патрабуюць сур’ёзнага і грунтоўнага абмеркаваньня з зацікаўленымі бакамі», а «мэтазгоднасьць некаторых з агучаных прапаноў выклікае сур’ёзныя сумневы».

У прыватнасьці, лічаць яны, патрабуюць абмеркаваньня:

• прапанова пра наданьне права вылучаць кандыдатаў у дэпутаты рэспубліканскім грамадзкім аб’яднаньням з колькасьцю сябраў ня менш як 1000 чалавек;

• адмова ад дзяржаўнага фінансаваньня выдаткаў на перадвыбарную агітацыю і перавод яе цалкам на забесьпячэньне за кошт перадвыбарных фондаў;

• ідэя выключыць агітацыю за няўдзел у выбарах з катэгорыі перадвыбарчай агітацыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG