Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На пачатку 60-х гадоў, разам з чарговай хваляй антырэлігійнай барацьбы, падчас якой былі зьнесеныя шматлікія помнікі архітэктуры, па Беларусі пракацілася яшчэ адна навала. Сотні паселішчаў, чыя назвы недастаткова лашчылі слых камуністычным начальнікам, былі перайменаваныя.

Так зьявіліся шматлікія Першамайскія, Ураджайныя, Вясёлыя ды Прывольныя. І толькі адзінкі вярнулі сабе гістарычныя імёны. Дзякуючы асобным неабыякавым людзям.

Мястэчку Божыну, вядомаму ад 16-га стагодзьдзя, пашанцавала. Бо ў ім нарадзіўся і жыве Адам Папруга. Былы афіцэр марской авіяцыі, былы інжынэр, які перад выхадам на пэнсію вырашыў аднавіць гістарычную справядлівасьць. Каб безаблічнае Прырэчча стала Божынам. Пан Адам — гэта сівы вусаты прыгажун зь вясёлымі вачыма, які разьмяняў дзявяты дзясятак. Яму вельмі б пасаваў шляхецкі жупан.


— Адным указам Вярхоўнага Савету БССР 307 вёсак перайменавалі. І ў тым ліку Божына — на Прырэчча.

— А ня памятаеце, якія назвы былі новыя? Ці былі мілагучныя і цікавыя?

— Тут прапаноўвалі Вінаградавым назваць. Я кажу — якое Вінаградава! Ён тут не расьце. Зарэччам назваць была прапанова.

Не зьвязаны з архіўнай працай прафэсійна, пан Адам назьбіраў гару матэрыялаў пра родную вёску.

— Я ведаў, што Божына — старая вёска. Дзякуючы таму, што тут была панская сядзіба і паны гэтыя мяняліся, дык засталіся матэрыялы гэтых падзей. Разборкі ўсякія, дарчыя запісы. Засталіся матэрыялы ў архіве. І я як залез! А што далей, далей. І да сёньняшняга часу далез. І як сабраў…

— Карацей, сабралі на добрую доктарскую дысэртацыю.

— Сабраў. Напісаў пісьмо. Дземянцей тады быў. Занёс. Там пленум якраз зьбіралі. Я папрасіў сакратарак, маладыя дзеўкі прыгожыя, гасьцінцаў ім добрых прынёс, цукерак, шакалядак. Кажу, каб гэты матэрыял на стол папаў на разгляд. Яны мяне запэўнілі — пападзе. І з Магільнам гэтым раз пяць заходаў было. І не атрымлівалася. А тут зь першага разу ўсё атрымалася.

— І якую выснову з гэтага можна зрабіць? Што вы апярэдзілі нават Магільна, за якім стаяла лобі з акадэмікаў. Уся справа, выходзіць, — пад’ехаць з шакалядкамі да сакратарак?

— Я ня ведаю, што тут спрацавала. Я ўлавіў час, калі безуладзьдзе было ў Беларусі. І на пад’ёме абуджэньня духу. Я ў гэтую хвалю папаў.

Стаўшы Прырэччам, Божына страціла сваю галоўную сьвятыню. Царкву, пабудаваную яшчэ ў 1777 годзе. Высокі, двухвежавы ўніяцкі храм. Найстарэйшая жыхарка Божына старая Кацярына амаль не ўстае з ложка. Але памяць у старой выдатная. Якія толькі крывавыя трагедыі не разгортваліся ў 60-я, як быццам мірныя, гады, падчас разбурэньня цэркваў!

— Сяло наша не спалілі. Суседнія вёскі, дзе баі былі, паспальвалі. Нас Бог сьцярог. Царква наша. Я ж вянчалася ў ёй. Высокая, Беразіно відаць было. У 61-м паламалі. Трэба ж было яе ламаць. Знайшліся вось такія бандыты. Дырэктар школы, старшыня калгасу. Аднаго ўтапілі. Старшыню калгасу. Паклалі мордай у ваду, і лодка ля яго стаяла. Нататнік валяўся на выгане. Мусіць, не здаваўся. Людзі зьнішчылі за гэта за ўсё.

Больш за ўсё мяне цікавяць гісторыі пра чалавечнасьць у нечалавечыя часы. Старая Кацярына, як і яе муж, год прабыла на прымусовых працах у Нямеччыне.

— І на Одэры ногі мыла, і на Эльбе. Мне ня кепска было ў гаспадара. Што я буду гаварыць абы-што? Усякія немцы былі. Былі такія, што адзежу насілі мне. Давалі сваё, паношанае. І на Новы год хадзіла разам зь іхнай дачкой. Яна была Дзед Мароз, а я мех насіла. І мне падарункаў далі.

Падчас амэрыканскай бамбардзіроўкі мужу ледзь не адарвала нагу. І выратаваў остарбайтэра, які пацярпеў ад саюзьніцкай бомбы, нямецкі хірург. А саму Кацярыну ў акупаванай Беларусі лячыў вайсковы нямецкі лекар, які адмыслова хадзіў да яе з суседняй вёскі.

— Снарад як ляцеў, і яму ў нагу. Пяту перавярнула наперад, пальцамі назад. І нямецкі хірург зрабіў чалавекам. Былі немцы хлопцы неблагія. У мяне таксама нарыў быў на назе. Дык зь Ядліны хадзіў. Я пасьля тыя бінты мыла і партызанам аддавала. Немец, доктар.

— З суседняй вёскі?

— Немец хадзіў, лячыў мне нагу. Колькі ён бінтоў перанасіў, Божа!

— Гэта была яго добрая воля?

— Воля. Канечне. З сэрцам чалавек быў. Я ня ведала яго ні прозьвішча, ні імя. Чалавек.

Сёньняшняе Божына імкліва губляе працаздольных людзей. Сярэдняга веку, непітушчы, адкрыты для размовы Валеры, што працуе электрыкам на фэрме, — хутчэй вынятак з правіла. Тутэйшая гаспадарка — падшэфная ў сталічнай гандлёвай фірмы «ОМА».

— Вы лічыце, што вам пашанцавала з гаспадаром?

— Ёсьць хто незадаволены, мне асабіста нармальна. Усе незадаволеныя, што райвыканкам лезе да нас, прыватнікаў, у душу. Тое рабі, тое рабі. Чаго вы лезеце? Яны ж нават грошай не ўкладваюць да нас. Мы ж самі фэрму рэканструюем.

— Ім трэба апраўдваць сваё існаваньне.

Валеры ўсёй душой ухваляе некаторыя дэкрэты Лукашэнкі. Нават іх нумары ведае на памяць. І выступае са сваім бачаньнем новых, яшчэ больш справядлівых, дэкрэтаў.

— Ёсьць такі дэкрэт нумар 18. Прымусіць бацькоў, пазбаўленых бацькоўскіх правоў, працаваць, каб пакрыць выдаткі на ўтрыманьне дзяцей. Гэта правільна.

— Такія бацькі ў Божыне ёсьць?

— Ёсьць.

— І ходзяць працаваць?

— А куды яны дзенуцца?

— А што гэта значыць? Іх што, гвалтам туды ганяюць, з аўчаркамі?

— Ну, ня будуць хадзіць — участковы прыедзе. Могуць і ў ЛТП адправіць. Я асабіста за. Я яшчэ за тое… Мала ў нас цягаюць беспрацоўных. Якія ня хочуць працаваць. Колькі ў нас працоўных месцаў! А яны бадзяюцца. А прыйдзе пэнсія, усё роўна атрымае. А за што? Я бы іх прымусіў працаваць, на пэнсію.

Што будзе з Божынам праз гады? Ці стане яно дачным пасёлкам на рацэ? Ці верне былую славу мястэчка? Адно можна сказаць пэўна. Яно, дзякуючы Адаму Папругу, застанецца Божынам.

— Хто-небудзь «дзякуй» сказаў зь вяскоўцаў?

— Ніхто. Усім абыякава. Тут ужо вырасьлі зусім іншыя людзі. Якім усё да фені. Абы чарка і скварка. Але людзей я абудзіў. Я ўсіх жа абышоў. З усіх подпісы сабраў. І ўсё атрымалася. І абвясьцілі па радыё раніцай, што перайменавалі вёску. На душы было вельмі прыемна. Я ўжо 83-ці год жыву, а такой зьявы… Прыходзілася ж і скокаць, і лётаць, але такога не было. Я як убачыў гэты ўказальнік — «Божына» — як на сёмым небе апынуўся. Былая назва вярнулася. Божына.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG