Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ведаеце, чым вылучаецца тэлеканал «Беларусь ТВ» сярод іншых — расейскіх, польскіх, кітайскіх, якія вяшчаюць на замежжа? Ня толькі зьместам, як многія маглі б падумаць, але і колерам.

Тэлеканал часта паказвае старыя беларускія фільмы (дзеля гэтага я яго і ўключаю), і ўсе яны зялёнага колеру. Такога зялёнага прыглушанага колеру стужак «Свема», на якіх здымалі кіно за савецкім часам і якія з часам становяцца ўсё менш і менш прыдатнымі для прагляду. Асабліва гэта заўважаецца на фоне прапагандысцкіх навінаў выключнай тэхнічнай якасьці.

Напрыклад, на гэтым тыдні я глядзела фільм Валерыя Рубінчыка «Дзікае паляваньне караля Стаха». Выдатнае кіно, бліскучая экранізацыя Караткевіча. Але глядзець гэты фільм у XXI стагодзьдзі на сучасным тэлевізары проста немагчыма. Сьветла-зялёныя твары галоўных герояў проста перашкаджаюць атрымаць асалоду ад кіно. Цалкам страчана каляровая канцэпцыя стужкі, якая стварала своеасаблівую атмасфэру.

Гук — гэта асобная тэма. Падчас прагляду нешта ўвесь час шыпіць, ня можаш адчуць розных адценьняў у вымаўленьні герояў. Я ўвесь час сябе стрымлівала, каб ня выключыць, бо маю «дрэнную» звычку глядзець кіно ў добрай якасьці.



Кадр з фільму Валерыя Рубінчыка

Празь некалькі гадоў гукавая і каляровая якасьць «Дзікага паляваньня караля Стаха», які можна залічыць да найлепшых фільмаў беларускага кіно, стане яшчэ горшай, і ніхто не захоча пераглядаць «зялёны» шэдэўр.

Мне незразумела, чаму на «Беларусьфільме», які даволі нядрэнна зарабляе грошы на здымках расейскіх сэрыялаў, дагэтуль не паклапаціліся пра рэстаўрацыю найлепшых фільмаў беларускага кіно. Гэта даўно і пасьпяхова робяць ува ўсім сьвеце. Калі я памыляюся і рэстаўрацыю старога кіно ўсё ж робяць, то чаму гэтага не відаць на тэлеканале, які мае прадстаўляць Беларусь у сьвеце?

Нядаўна я паглядзела знакаміты фільм Альфрэда Хічкока «Галавакружэньне», які сёлета заняў першае месца ў сьпісе найвялікшых фільмаў сьвету. Фільм быў адноўлены пасьля працяглай рэстаўрацыі ў 1996 годзе. Тады гэта выклікала шмат спрэчак. Была скарэктаваная каляровая гама фільму і практычна цалкам перазапісаны гук. Некаторыя абвінавачвалі рэстаўратараў у скажэньні рэжысэрскай задумы, паколькі яны выкарысталі спэцыяльны зялёны колер, які аднавілі, зыходзячы з колеру эмалі аўтамабіля галоўнай гераіні. Аднак другія палічылі, што гэтае акцэнтаваньне зялёнага колеру стала ключавым для разуменьня фільму.



Кадр з фільму Альфрэда Хічкока

І вось давайце параўнаем унікальны зялёны колер стужкі Хічкока і замшэлы зялёны колер фільму Рубінчыка. І тады адразу расстаўляюцца ўсе акцэнты. З такой якасьцю фільм Рубінчыка ды іншыя беларускія фільмы ня маюць шанцаў трапіць у ніводзін сусьветны кінарэйтынг, як, напрыклад, «Галавакружэньне», што сёлета апярэдзіла ў рэйтынгу найвялікшых фільмаў сьвету «Грамадзяніна Кейна». Нідзе ня зьявяцца торэнты гэтых фільмаў для пампаваньня аматарамі хатняга прагляду. І беларускае кіно застанецца ў энцыкляпэдыях, даведніках і навуковых працах нешматлікіх кіназнаўцаў.

Насамрэч гэта пытаньне захаваньня гістарычна-культурнай спадчыны Беларусі, такое самае, як, напрыклад, рэстаўрацыя цэркваў і палацаў, як захаваньне музэйных экспанатаў, старых кнігаў, карцінаў. Можа, таму і зарастае цьвільлю — як і шмат што — гісторыя беларускага кіно.
  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG