Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лінкявічус: Палітвязьні — перашкода ў адносінах Літвы зь Беларусьсю


Міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус адказаў на пытаньне, што важней: грузы ў Клайпeдзе ці беларускія палітвязьні ў турмах.

У інтэрвію парталу delfi.lt міністар Лінкявічус назваў Літву варотамі ў Эўропу для Беларусі:

«Мы штодня выдаем беларусам каля тысячы віз. Гэта велізарная фабрыка па вытворчасьці віз. І я, як былы пасол, магу сказаць, што мы ледзь не траціну віз выдаем бясплатна. Спартсмэнам, моладзі, прадпрымальнікам, я ўжо не кажу пра няшчасныя выпадкі і да т. п. Гэта значыць, мы стараемся, каб беларусам было лягчэй ўбачыць сьвет, убачыць Эўропу, праз нас яны могуць трапіць у Эўропу ».

Новы міністар замежных спраў Літвы, які раней быў паслом гэтай краіны ў Беларусі, заявіў:

«Беларусы — партнэры, зь якімі можна і трэба гаварыць, і гэта павінны рабіць як Літва, так і Эўразьвяз. Толькі ў такім выпадку мы зможам убачыць нейкія зьмены».

«На пытаньне, што важней: правы чалавека ці грузы ў Клайпедзе, — мы не павінны так схематычна ставіцца да сытуацыі. Усё важна. Мы не зьбіраемся ўздымаць эканамічныя інтарэсы вышэй за правы чалавека. Але грузы ў Клайпеду важныя як для Літвы, так і для Беларусі. Эканамічнае супрацоўніцтва таксама згуртоўвае, прымушае гаварыць больш канструктыўна, яно прымушае прагматычных людзей задумацца пра гэтыя перашкоды, якія замінаюць супрацоўніцтву.

Гэтыя перашкоды — палітвязьні, парушэньні правоў чалавека і іншае. Адны лічаць, што Беларусь трэба „абнесьці сцяной“, ізаляваць, пакараць, але я асабіста прытрымліваюся іншага меркаваньня. Ня трэба ўзводзіць сьцены. Трэба знайсьці магчымасьць паўплываць на нашых калегаў, больш мець зносіны, супрацоўнічаць. Я адчуў, што зь імі можна гаварыць», — сказаў новы міністар замежных спраў Літвы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG