Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіч: Некалькі кандыдатаў патрабавалі мяне арыштаваць


Мікалай Статкевіч

Мікалай Статкевіч

Мікалай Статкевіч сьцьвярджае, што некаторыя экс-кандыдаты на прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году патрабавалі ягонага прэвэнтыўнага арышту перад 19 сьнежня.

«У маёй судовай справе былі паказаньні аднаго кандыдата, які распавёў, што за некалькі дзён да мерапрыемства на вуліцы зьвярнуўся да падпалкоўніка міліцыі (прозьвішча ня памятаю, здаецца, на Е), каб той перадаў начальству, што мяне трэба арыштаваць да 19-га. Ёсьць у справе і пацьвярджальныя паказаньні таго падпалкоўніка. Наколькі я ведаю, гэта быў не адзіны кандыдат, які патрабаваў майго прэвэнтыўнага арышту», — так піша ён у лісьце жонцы Марыне Адамовіч. Ліст пазначаны 24–25 сьнежня мінулага году.

«Мне імёны гэты людзей вядомыя, — кажа Марына Адамовіч. — Але агучваць іх цяпер немэтазгодна».

«Я крымінальнай справы Статкевіча ня бачыў, — адказвае лідэр „Гавары праўду“ Ўладзімер Някляеў. — У маёй крымінальнай справе было нешта падобнае. Але абвінавачваць бяздоказна людзей я не магу. Былі там і прозьвішчы. Але каб я іх назваў, то мне трэба паказаць дакумэнт. Гэтыя дакумэнты пакуль што там, дзе мы іх ня можам узяць».

Свае пытаньні Мікалай Статкевіч адрасуе якраз збольшага Ўладзімеру Някляеву, якога называе Пракопавічам. Менавіта зь ім побач ён быў у той вечар. Але, як вынікае зь ягонага ліста, міжволі. Прычым тое, што адбылося, ён называе ня менш як «падставай».

У прыватнасьці, Статкевіч сьцьвярджае, што ў офісе кампаніі «Гавары праўду» апынуўся нечакана для сябе. Маўляў, Някляеў не зьявіўся ў прызначаным для сустрэчы месцы. «Потым прыехаў яго шафёр, каб адвезьці на новае месца сустрэчы, які адмовіўся гаварыць, дзе тое месца. Але завёз на офіс. Сысьці адтуль зь Сяргеем мы не маглі, бо баяліся, што каля таго офісу нас удвох лёгка затрымаюць, а я ж абяцаў людзям быць на плошчы».

«Для мяне гэта шок, — узрушана паўтарае Марына. — Я ведала пра тое, што была нечаканая перамена месца, тайная дастаўка. Але тое, што была парушаная папярэдняя ўмова… Я некалькі дзён ужо не магу прыйсьці ў сябе».

Раскрываць людзей, імёны якіх згадваюцца ў лісьце, яна адмаўляецца.

Канкрэтна гэты момант лідэр «Гавары праўду» Ўладзімер Някляеў камэнтаваць ня стаў. «Гэта мы будзем абмяркоўваць толькі зь Міколам Статкевічам, — кажа ён. — Цяпер уголас пра гэта сказаць — гэта тое самае, што даваць паказаньні сьледчаму КДБ».

Выглядае, што Статкевіч сумняецца ў мэтазгоднасьці самога выхаду каманды Някляева з офісу, калі іх моцна зьбілі людзі ў форме супрацоўнікаў праваахоўных органаў.

«Але ж я і даўмецца ня мог, як яны зьбіраюцца ісьці. З пункту гледжаньня супрацьлеглага боку, які быў чамусьці папярэджаны пра гэты паход і яго фармат, гэта выглядала як зьвернуты да іх мэсыдж: „Нам пляваць, што вас далёка за 100 тысяч узброеных і падрыхтаваных. А мы, 30 хлопчыкаў і дзяўчатак, сілай прарвемся разам са сваім бусікам скрозь вас“, — піша Статкевіч.

Уладзімер Някляеў тлумачыць дзеяньні сваёй каманды такім чынам: «19 сьнежня 2010 году прыкладна а 13:30 была затрыманая рэзэрвовая машына „Гавары праўду“ з гукаўзмацняльнай апаратурай. Стала зразумела, што наш плян таемнага падвозу апаратуры да Плошчы праваліўся. Бо другая машына з гукаапаратурай, якая стаяла каля нашага офіса, была пад пільнай увагай».

Па словах Някляева, папярэдне са Статкевічам зьбіраліся ісьці на Плошчу асобна, але канфіскацыя апаратуры зьмяніла ўсе пляны.

Уладзімер Някляеў

Уладзімер Някляеў

«У дзьве гадзіны дня я публічна на выбарчым участку, дзе выкрэсьліваў зь бюлетэня Лукашэнку, заклікаў усіх, журналістаў у тым ліку, дапамагчы нам даставіць на плошчу гукаўзмацняльную апаратуру. Прыкрыць гэты мікрааўтобус. Тут няма ніякай таямніцы».

«Сёньня здаецца, — працягвае Някляеў, — што ўсё было прадвызначана. Але ў той час адназначнага адказу на пытаньне, як будзе паводзіць сябе ўлада, не было. Хутчэй быў адказ, што брутальных дзеяньняў ня будзе. З гэтага мы і зыходзілі. Таму і быў зьменены плян дастаўкі гукаўзмацняльнай апаратуры, безь якой Плошча не магла адбыцца».

«Ані разу за ўвесь час кампанія „Гавары праўду“ ня згадвала, што там быў Мікалай. Аднойчы толькі спадар Някляеў праз паўтара года пасьля Плошчы згадаў, — кажа Марына Адамовіч. — Для мяне ўсё гэта вельмі балюча».

«Я ня маю што тлумачыць, — адказвае Ўладзімер Някляеў. — Прычыны таго, што адбылося, не вядомыя ані мне, ані Міколу, ані спадарыні Марыне. Прычыны мы даведаемся толькі тады, калі будзем мець доступ да тых сэйфаў, дзе яны ляжаць. І адказы будзем мець толькі пасьля таго, як людзі, якія гэтыя брутальныя загады аддавалі, страцяць сваю ўладу. Тады яны адкажуць за ўсё, што яны нарабілі, а ня толькі за 19 сьнежня 2010-га».

Зьбіты пры нападзе на групу Някляева Статкевіч называе свой стан адной з прычынаў памылак, якія ён сам зрабіў на Плошчы:

«Напрыклад, я недакладна выказаўся падчас выступу на Кастрычніцкай. Некаторыя асьмялелыя адзін перад адным і перад людзьмі кандыдаты паўтарылі маю недакладнасьць. А потым мне прыйшлося пераймаць і заварочваць людзей ад Ружовага дома. На Незалежнасьці прыйшоў момант, калі людзей трэба было адтуль зводзіць. Сваёй гукаапаратуры ў мяне не было (як і грошай на яе :). Таму спрабаваў узяць мікрафон у Андрэевых хлопцаў. А тыя перадавалі яго на трыбуну і, калі я на яе залазіў, уніз. Злазіў я на тую трыбуну ледзь не з мэтровымі прыступкамі на пакалечанай назе двойчы і зразумеў, што болей не залезу. Потым мне той мікрафон самі далі, але зводзіць людзей было ўжо позна — не далі б прайсьці».
Фрагмэнт ліста Міколы Статкевіча

Фрагмэнт ліста Міколы Статкевіча


Мікалай Статкевіч лічыць, што некаторыя кандыдаты маглі быць зацікаўленыя ў тым, каб яго асабіста на Плошчы не было.

«Па-першае, калі б я ня здолеў дайсьці да плошчы, то некаторыя кандыдаты паспрабавалі б рэалізаваць загадзя сплянаваны імі „рымэйк“ 2006 году. Толькі давесьці людзей яны плянавалі ўжо не да плошчы Перамогі, а на 150 мэтраў далей — да будынку TV. Нібыта эфіру патрабаваць. Крутых заяў нарабілі, а тут трэба ж „за базар адказваць“. Праўда, у гэтага пляну была адна істотная (пад 90 кг) перашкода — я».

«Прайшло два гады, а ніводзін чалавек не палічыў мэтазгодным ініцыяваць публічную размову наконт таго, што адбылося, — кажа Марына Статкевіч. — Хоць пра тыя рэчы, якія тычацца простай чалавечай маралі. Але я ўжо нават і не чакаю».

Чаму цяпер Мікалай Статкевіч задае гэтыя пытаньні? Ён сам піша, што два гады чакаў тлумачэньняў: «Лічу, што я і так доўга чакаў з гэтымі пытаньнямі. Я нікога не абвінавачваю, не вылучаю кансьпіралягічных вэрсій. Я проста хачу пачуць хоць нейкае тлумачэньне гэтай „падставы“».

Марына ж Адамовіч у адказ на гэтае пытаньне перадае словы мужа: «Мікола сказаў, што да парлямэнцкай кампаніі не хацеў, каб любыя непаразуменьні былі скарыстаныя „за“ ці „супраць“. Людзі павінны былі самі вызначыцца».

Мы спыталіся ва Ўладзімера Някляева, ці спрабаваў ён адказаць Мікалаю Статкевічу на ягоныя пытаньні лістом. «Чытаюць гэтыя лісты іншыя людзі, — адказвае Някляеў. — Пісаць для іх тое, што я магу сказаць толькі Статкевічу, было б з майго боку глупствам».

«Тое, што гэты ліст дайшоў без усялякай цэнзуры, — гэта знак. Нейкім чынам гэта паказвае, што і Статкевіч, і іншыя палітвязьні ў хуткім часе могуць быць вызваленыя», — мяркуе Ўладзімер Някляеў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG