Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падазраванага па «шпіёнскай справе» зноў дапыталі ў КДБ


Наваполацкі актывіст аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Ільля Багданаў — сябар затрыманага «за шпіянаж» Андрэя Гайдукова. Гайдукоў знаходзіцца ў менскім СІЗА КДБ, а Багданава, другога падазраванага ў гэтай справе, пакуль пакінулі на волі.

Ільля Багданаў апавёў, што допыт у віцебскай абласной управе КДБ доўжыўся з 10 да 13 гадзінаў. Падрабязнасьцяў ён расказваць ня можа, бо даў падпіску аб неразгалошваньні.

Актывіст паведаміў толькі тое, што хадзіў са сваім адвакатам на размову са сьледчым Алегам Барысевічам, які вядзе справу Андрэя Гайдукова, і што гэтаксама з адвакатам прыйдзе і на вочную стаўку з Гайдуковым, якую заплянавалі праз некалькі дзён, прыблізна 15 студзеня.

Спадар Багданаў па-ранейшаму застаецца другім падазраваным у «шпіёнскай» справе. Але ў дачыненьні да яго не прымяняліся ніякія меры стрыманьня, кшталту арышту. Між тым як Андрэй Гайдукоў, якога вінавацяць у «здрадзе дзяржаве» праз агентурную дзейнасьць, знаходзіцца пад вартай ужо 2 месяцы.

Яго затрымалі 8 лістапада ў Віцебску нібыта падчас «закладкі тайніка са зьвесткамі, якія могуць цікавіць замежныя спэцслужбы». Спачатку Гайдукова адвезьлі ў менскі СІЗА КДБ, потым праз месяц перавялі ў віцебскі СІЗА, а напрыканцы мінулага году зноў перавезьлі ў Менск. Мяркуецца, што там, дзе яго трымаюць — у менскім СІЗА КДБ — і пройдзе вочная стаўка з Ільлём Багданавым.

Афіцыйных зьвестак пра «шпіёнскую справу», апрача паведамленьня пра затрыманьне Андрэя Гайдукова, амаль няма. Сваякі і знаёмыя Гайдукова лічаць абвінавачаньне хлопца ў шпіянажы абсурдным і расцэньваюць яго затрыманьне і арышт як помсту за грамадзкую дзейнасьць. Непасрэдна перад арыштам хлопец рыхтаваў дакумэнты на рэгістрацыю суполкі «Саюз маладых інтэлектуалаў».
XS
SM
MD
LG