Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Армэнія адмяніла візы для грамадзян Эўразьвязу


Сьцяг Армэніі
Сьцяг Армэніі

На гэты крок краіна пайшла ў аднабаковым парадку. Рашэньне ўступіла ў сілу 10 студзеня.

Бязьвізавы парадак уезду ў краіну датычыць ня толькі грамадзян Эўразьвязу, але і краін Шэнгенскай дамовы, якія ў Эўразьвяз не ўваходзяць. Замежнікі з гэтых краін могуць знаходзіцца ў Армэніі бяз візы да 180 дзён на працягу аднаго году.

Такім чынам Армэнія стала чацьвёртай краінай Усходняга партнэрства, якая пайшла на падобны крок. Раней Украіна, Грузія і Малдова адмянілі візы для эўрапэйцаў. Усе яны адпаведна чакаюць палёгкі ў візавых працэдурах для сваіх грамадзянаў і прыліву замежных турыстаў.

Спікер парлямэнту Армэніі Говік Абрамян у гэтыя дні знаходзіцца ў Брусэлі, дзе праходзіць перамовы з эўрапейскімі структурамі. Армэнія спадзяецца ўжо сёлета дабіцца сустрэчных крокаў ЭЗ у візавым пытаньні. Цана шэнгенскіх візаў для армянаў, як і для ўкраінцаў і расейцаў, цяпер складае 35 эўра (гэта зьніжаная стаўка ў параўнаньні з 60 эўра для беларусаў).

У справе візавай палітыкі Беларусь застаецца самай кансэрватыўнай і непрасунутай з усёй супольнасьці Ўсходняга партнэрства. Менск упарта адкладае і зацягвае разгляд сустрэчных прапановаў эўрапейскіх партнэраў. Адзіным да гэтага часу жэстам адкрытасьці стала рашэньне адмяніць візы для замежнікаў, якія прыедуць на хакейны чэмпіянат у 2014-м годзе.

Грамадзяне Беларусі могуць цешыцца хіба з таго, што на падставе ранейшых пагадненьняў ўезд у Армэнію для іх застаецца таксама бязьвізавым.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG