Лінкі ўнівэрсальнага доступу



Нарадзіўся 22.12.1952 у цэнтры Віцебску. Радзільня была каля дамка, дзе жылі Шагалы. Бацька па лёдзе рэчкі перанёс нованароджанага на другі бок Дзьвіны ў дамок Падголаў.

Скончыў «школу глядыятараў» — так неафіцыйна называлі Тэхнікум фізычнай культуры. Потым у БДУ атрымаў філязофскую адукацыю.

Дацэнт філязофіі, кандыдат філязофскіх навук. Тэма кандыдацкай дысэртацыі: «Прынцып дзейнасьці і станаўленьне дыялектычнай традыцыі сыстэматызацыі катэгорый філязофіі».

Два гады працаваў у дактарантуры БДУ над доктарскай «Структура і прыярытэты сацыяльна-палітычнай дынамікі посттаталітарных краінаў». Скончыць не пасьпеў, бо грымнуў рэфэрэндум 1996-га. На пачатку 1997-га быў абраны кіраўніком інфармацыйна-аналітычнага цэнтру Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня. ВС-13 ужо быў разагнаны, а яго прэзыдыюм заставаўся легітымным для краінаў ЭЗ і ЗША. Гэта апошні запіс у працоўнай кніжцы.

У 1990-м у Віцебску зь сябрамі (Барысам Хамайдам, Ул. Плешчанкам, С. Навумчыкам ды іншымі) утварылі клюб «За дэмакратычныя выбары», стварылі газэту «Выбар». Клюб і газэта праіснавалі да 1994 году. Гэта першая дэмакратычная газэта ў Беларусі і першае грамадзкае аб’яднаньне, якія былі закрытыя ўладатрымальнікамі. У тыя гады даволі працяглы час у клюбе і на старонках «Выбару» праводзілі сэмінар «Злачынная савецкая ўлада і мэтады барацьбы зь ёй». Увесну перад выбарамі прэзыдэнта ў 1994-м выпусьцілі і раскідалі па Віцебску «Выбар» накладам звыш 60 тыс. асобнікаў. У ім была надрукавана прэзыдэнцкая плятформа Зянона Пазьняка.

У 2002–2003-м гг. распрацаваў першую канцэпцыю законапраекту ЗША «Акт аб дэмакратыі ў Беларусі». Прэзэнтацыю канцэпцыі рабіў у Дзярждэпе ЗША на пачатку 2003 году.

Удзельнічаў у працы над «Народнай праграмай» Мілінкевіча.

Напісаныя і выдадзеныя кнігі:

«Падручнік па апазыцыйнай барацьбе» Менск, 1997.

Першая вэрсія раману «Куля для прэзыдэнта» выйшла ў 1997-м, амаль увесь наклад быў арыштаваны КДБ. Узбуджана крымінальная справа па «абразе вышэйшай дзяржаўнай асобы». Крымінальная справа па сёньня не закрыта — прыпынена.

Другая вэрсія раману «Куля для прэзыдэнта» выйшла ў 2004-м. Некалькі асобнікаў арыштавана. Пракуратура Менску распачала крымінальную справу.

У 2010-м у бібліятэцы Някляева арыштавана «Куля для прэзыдэнта» і цытатнік Лукашэнкі.

«Асновы палітычнай псыхалёгіі» пад рэдакцыяй прафэсара Ю. Хадыкі (1999).

«Кулі прэзыдэнта»: цытаты Лукашэнкі (Менск, 2006).

Звыш 30 выданьняў кніжак «Народны тэлевізар» — цытаты Лукашэнкі. Цытатнікі неаднаразова арыштоўваліся. Апошні раз — у прафсаюзе РЭП Фядыніча ў 2010 годзе супрацоўнікамі абласнога КДБ па Менскай вобласьці. Раманы «Куля для прэзыдэнта» з 1997-га году і цытатнікі зьняволеныя па сёньня.

У 2008 годзе прыдумаў і ініцыяваў першую агульнанацыянальную дыктоўку па беларускай мове. Прыдумаў сумесныя дыктоўкі па беларускай мове кіраўнікоў СМІ Беларусі, бацькоў рэпрэсаваных з амбасадарамі краінаў ЭЗ, ЗША, Украіны, Ізраілю і займаўся іх арганізацыяй усе гэтыя гады.

У 2012-м быў вылучаны ад БНФ кандыдатам у дэпутаты парлямэнту і пасьля выступу па БТ і радыё зьняўся з выбараў. Падчас выступаў заявіў пра неабходнасьць усталяваньня мяжы з Расеяй, выхаду Беларусі з усіх хаўрусаў з Расеяй, скасаваньня мыта на легкавыя аўто... Заявіў, што разглядае гэтыя выбары ў парлямэнт як першы этап выбараў прэзыдэнта.

З 20 верасьня 2012 году пад сьледзтвам падатковай інспэкцыі. Правяраюць фінансы за 10 год. Праверылі нават маці, якая памерла ў 2004-м. Праверылі дарослых дзяцей і родную сястру.

З 1996-га году па сёньня прапаноўваў плятформу для аб’яднаньня апазыцыі «Наш Дом — Беларусь».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG