Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кітайцы пакінулі Беларусь без валютнай выручкі


Падзеньне коштаў на калійныя ўгнаеньні на ўсясьветным рынку будзе мець нэгатыўныя наступствы для беларускай эканомікі.

Так экспэрты камэнтуюць падпісаньне кантракту паміж канадзкім трэйдэрам калійных угнаеньняў Canpotex і кітайскай кампаніяй Sinochem. Згодна зь ім Кітаю будзе пастаўлены 1 мільён тон хлёрыстага калію па цэнах, ніжэйшых за папярэднія на 70 даляраў.

У Беларускай калійнай кампаніі карэспандэнту «Свабоды» паведамілі, што кантракты з Кітаем і Індыяй на пастаўку калійных угнаеньняў у гэтым годзе пакуль не падпісаныя. Прэсавы сакратар Філіп Грыцкоў сказаў, што пакуль не камэнтуе меркаваньні ў СМІ адносна таго, што «Беларуская калійная кампанія» можа падпісаць гэтыя кантракты па ніжэйшых цэнах.

«Перамовы з Кітаем і Індыяй пакуль ідуць, і як толькі ў нас будзе афіцыйнае пацьверджаньне, тады ўжо будзем гатовыя адказваць на пытаньні журналістаў».

Карэспандэнт: «А чаму так зацягнуліся перамовы з кітайскім і індыйскім бакамі?»

Грыцкоў: «Асноўная прычына — гэта вялікія складзкія запасы ў найбуйнейшых імпартэраў. Цяпер актыўна абмяркоўваецца тэма з Кітаем, то бок да апошняга часу ў кітайскіх спажыўцоў былі вялікія аб’ёмы ўгнаеньняў, што дазваляла ім зусім нармальна існаваць, і неабходнасьці заключэньня сьвежых пагадненьняў не было».

Што тычыцца Індыі, то там было некалькі прычынаў, адзначае Філіп Грыцкоў:

«Складзкія запасы — раз. А па-другое — у іх была дэвальвацыя нацыянальнай валюты. Гэта таксама нэгатыўна адбілася на пакупніцкай здольнасьці буйных імпартэраў».

Паводле эканаміста Барыса Жалібы, пасьля таго як Кітай, асноўны пакупнік, зьбіў цэны на ўгнаеньні, Індыя і Бразылія, натуральна, таксама глядзяць на кошты.

Барыс Жаліба
Барыс Жаліба
«Доўгатэрміновыя дагаворы з Кітаем былі больш выгадныя, чым, скажам, з Бразыліяй. Але Кітай апошнім часам стаў менш згаворлівы, перамовы ішлі цяжка і не такія выгадныя кантракты, якія яны хочуць падпісаць. Ён дывэрсыфікуе свой попыт. Ён купляе і ў Канадзе, а Канада — гэта найбуйнейшы пастаўшчык угнаеньняў, і ў Расеі, і ў Беларусі. Кітайцы жорстка адстойваюць свае інтарэсы. Вядома, кітайцы зьбіваюць цэны».

Ужо ў мінулым годзе аб’ёмы экспарту «Беларуськалія» зьменшыліся. Цяперашняе падзеньне коштаў на ўсясьветным рынку можа балюча ўдарыць па беларускім бюджэце, бо пасьля нафтапрадуктаў хлёрысты калій — другая паводле значнасьці крыніца паступленьня валютнай выручкі.

«І калі справа тут будзе складацца ня так, як разьлічвалі на „Беларуськаліі“, гэта адаб’ецца нэгатыўна на агульным паступленьні валютнай выручкі ў краіну. У лепшыя гады хлёрысты калій даваў дзесьці 10–12% усёй валютнай выручкі. Гэта шмат. Ад гэтых перамоў з Кітаем, Індыяй, Бразыліяй залежыць, які будзе курс беларускага рубля. І як пасьпяхова мы дамо рады з даўгамі».

Кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка адзначае, што стратэгія Беларусі на продаж нетраў пазбаўляе краіну будучыні. Хоць страты ад падзеньня цэнаў на ўгнаеньні ня будуць істотнымі.

Леанід Заіка
Леанід Заіка
«Прадаваць свае нетры — гэта стала дрэннай рысай апошніх 20-ці гадоў. Час спыняць гэту сыравінную тэму: каб нешта прадаць. Гэта такая калгасная, лукашэнкаўская тэма. Працаваць трэба. І чым раней усясьветная эканоміка ткне нас носам у гэтыя дэтэрмінацыі, тым лепш працаваць будзем. У Японіі няма ніякіх рэсурсаў — краіна цудоўна жыве. Гэта пракляцьце, калі ёсьць рэсурсы і імі гандлююць, гандлююць целам зямлі».

Спадар Заіка адзначае, што кітайцы — «нармальныя гандляры» і жывуць у рамках законаў усясьветнай эканомікі.

«Ну, а па дружбе можна даць 16 мільёнаў даляраў, каб паказаць, што кітайцы любяць. Правай рукой далі 16, а левай аднялі 300. Кітай як спажывец хацеў купіць калійны камбінат. І, я думаю, не разьвітаўся з гэтай ідэяй. А наагул, мадэль можа быць добрая — апусьціць угнаеньні па цэнах. Тут прэзыдэнт, беларускае кіраўніцтва занэрвуецца. Прапанаваць ім мільярдаў 20 за калійны камбінат. Яны прададуць, а потым падняць цэны».



Як паведамляе Інтэрфакс, Canpotex 31 сьнежня абвясьціў пра заключэньне кантракту з кітайскай Sinochem на пастаўку 1 мільёна тон хлёрыстага калію ў першым паўгодзьдзі 2013 году. Кошт хлёрыстага калію зьніжаны на 70 даляраў за тону ў параўнаньні з цаной мінулага кантракту, заключанага ў сакавіку 2012 году. Беларуская калійная кампанія (трэйдэр «Уралкалія» і «Беларуськалія») адгружала хлёрысты калій у 2012 годзе ў Кітай па 470 даляраў за тону, у Індыю — па 490 даляраў за тону.
Алесь Дашчынскі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG