Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская апазыцыя хоча да 25 сакавіка 2013 году распрацаваць схему, паводле якой будзе абірацца адзіны кандыдат ад дэмакратычных сілаў на прэзыдэнцкія выбары 2015 году.

Перамовы на гэты конт ужо пачалі партыя БНФ, рух «За свабоду» і грамадзянская кампанія «Гавары праўду». Лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч сёньня сказаў «Свабодзе», што цягам студзеня кола ўдзельнікаў перамоваў «істотна пашырыцца».

Ніколі раней беларуская апазыцыя не пачынала пошук адзінага кандыдата на прэзыдэнта так рана. Старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч тлумачыць гэта наступным чынам:

Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч

«Сойм нашай партыі даручыў кіраўніцтву і зьвярнуўся да калегаў па дэмакратычным лягеры вызначыцца з магчымай працэдурай абраньня адзінага кандыдата да 25 сакавіка гэтага году. Гэта робіцца таму, што папярэднія кампаніі паказалі — абсалютна недастаткова мець прозьвішча адзінага кандыдата на момант афіцыйнага абвяшчэньня выбараў альбо за два-тры месяцы да іх пачатку.

Каб наш кандыдат меў сур’ёзную падтрымку, важна, каб яго імя было ня проста вядома, а шырока распаўсюджана. А для гэтага можна скарыстаць кампанію па правядзеньні мясцовых выбараў, якая папярэднічае прэзыдэнцкай. Яе вельмі зручна скарыстаць як этап падрыхтоўкі да выбараў прэзыдэнта».

На добры толк, апазыцыя павінна была заняцца гэтай справай адразу пасьля заканчэньня апошніх прэзыдэнцкіх выбараў, — лічыць палітоляг Віктар Чарноў:

Віктар Чарноў

Віктар Чарноў

«Выбары, у якіх у якасьці адзінага дэмакратычнага кандыдата ўдзельнічаў Уладзімер Ганчарык, паказалі, што тады болей выбарцаў галасавалі за адзіную фігуру. Таму такія кансультацыі патрэбна абавязкова пачынаць. Спачатку яны могуць праходзіць унутры партыяў, пасьля — паміж падобнымі партыямі. Але ў выніку трэба выходзіць на адзіны „круглы стол“, на перамоўны працэс паміж усімі асноўнымі суб’ектамі беларускай апазыцыі».

Пакуль перамовы вядуць тры суб’екты. Сустаршыня аргкамітэту ў справе стварэньня партыі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі сказаў «Свабодзе», што далучыцца да перамоваў у гэтым фармаце яму не прапаноўвалі:

Віталь Рымашэўскі

Віталь Рымашэўскі

«Увогуле, я лічу, што на сёньняшні дзень ёсьць больш актуальныя задачы, якія трэба вырашаць. І калі ставіць задачу, абмяркоўваць наступныя выбары, то гэта можа адцягнуць увагу ад іншага. Каб не атрымалася, што галоўнае — выбары. І больш нічога.

Я лічу, ёсьць вельмі актуальныя праблемы, якія апазыцыі трэба вырашаць сёньня. На некаторых прадпрыемствах цяпер проста жахлівае становішча, узьнікаюць стыхійныя пратэсты. А апазыцыя відавочна да іх не далучаная. Ёсьць і іншыя рэчы, якія трэба рабіць разам. Гэта — пазыцыя нашай партыі. І таму бліжэйшым часам мы будзем займацца практычнай дзейнасьцю».

Аляксей Янукевіч кажа, што перамовы трох суб’ектаў — гэта толькі пачатак працэсу:

«Мы гэтыя перамовы вядзем акуратна. Нельга сказаць, што тут адбываецца нешта інтэнсіўнае. Невялікі запас часу яшчэ ёсьць. І адной з тэмаў нашых кансультацыяў ёсьць максымальнае пашырэньне кола перамоўшчыкаў. Я думаю, што цягам студзеня мы гэтае кола істотна пашырым».

Лідэр партыі БНФ таксама сказаў «Свабодзе», што пакуль ніякія канкрэтныя прозьвішчы магчымага адзінага кандыдата не называюцца. «Гэта будзе пасьля» — сказаў Аляксей Янукевіч.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG