Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Чэхіі здымаюць са сьцен партрэты прэзыдэнта


Прычынай стала не заканчэньне другога прэзыдэнцкага тэрміну Вацлава Клаўса, а абвешчаная ім 1 студзеня шырокая амністыя.

Пра амністыю прэзыдэнт сказаў у сваім навагоднім віншаваньні народу і прымеркаваў яе да 20-годзьдзя ўзьнікненьня Чэхіі як самастойнай дзяржавы. Выходзіць на волю амніставаныя пачалі ўжо на наступны дзень. Пастановы аб вызваленьні судзьдзі прымалі проста ў турмах, дзе працавалі дзень і ноч. Пад амністыю патрапілі каля 7 тысяч вязьняў, тэрмін зьняволеньня якіх не перавышаў аднаго году, а таксама вязьні, старэйшыя за 75 гадоў. Такім чынам на волю патрапілі , як правіла, дробныя злодзеі, махляры ці неплацельшчыкі алімэнтаў. Адзін з вызваленых праз пару гадзінаў пасьля выхаду з турмы ў бойцы забіў свайго знаёмага.

Амністыя таксама прадугледжвае закрыцьцё справаў, сьледзтва па якіх цягнецца больш чым 8 гадоў. Паводле тлумачэньняў прэзыдэнта, гэты яго крок быў прадыктаваны эўрапэйскімі юрыдычнымі нарматывамі, якія не вітаюць зацягваньне судовага разьбіральніцтва. Аднак хутка выявілася, што ў Чэхіі такія доўгія разбіральніцтвы цягнуцца якраз у выпадках зьвязаных з карупцыяй, фінансавымі махінацыямі і эканамічнай злачыннасьцю. Як правіла, абвінавачаныя ў такіх працэсах маюць дастаткова грошай і добрых адвакатаў, каб сьледзтва зацягваць. Адзін з прыкладаў – сьледзтва па справе будаўнічай кампаніі H-system, якая пад вялікую рэкламу сабрала грошы сотняў грамадзянаў, заключыўшы зь ім дамовы аб будаўніцтве дамоў. Пазьней кампанія абвясьла пра свой крах, пакінуўшы забудоўшчыкаў з носам. Група сэнатараў заявіла, што амністыя прэзыдэнта Клаўса ў падобных выпадках дае выгаду толькі адной групе грамадзянаў, а іншых пазбаўляе права на кампэнсацыю шкоды. Сэнатары складаюць сваю скаргу ў Канстытуцыйны суд, а многія іншыя палітыкі прапаноўваюць падумаць, ці трэба ўвогуле пакідаць прэзыдэнту права амністыі.

Старасты некаторых чэскіх мястэчак на знак нязгоды з амністыяй, якая падрывае веру ў справядлівасьць, пачалі здымаць партрэты Клаўса са сьцен сваіх кабінэтаў. Паводле чэскага часопісу Tyden так ўчынілі ўжо 600 разгневаных старастаў. Тое самае зрабілі ў некаторых школах, але большасьць іх, на рашэньне пэдагогаў, да пратэсту не далучылася. Вывешваць ва ўстановах партрэт прэзыдэнта ў Чэхіі не загадваецца законам, гэта практыкуецца хутчэй як нефармальная традыцыя.

Прэзыдэнт Клаўс на сваім сайце назваў крытыку абвешчанай ім амністыі нападам на яго асобу і спробай аслабіць яго палітычную пазыцыю перад заканчэньнем паўнамоцтваў. Тэрмін прэзыдэнцтва Вацлава Клаўса сканчаецца 15 лютага. У пятніцу і суботу, 11 і 12 студзеня, у Чэхіі адбудуцца выбары яго наступніка. Упершыню чэскі прэзыдэнт будзе абірацца наўпрост народам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG