Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Першую палову году рэзкіх зьменаў курсу ня будзе»


Яўген Прэйгерман

Яўген Прэйгерман

9 студзеня афіцыйны курс даляра вырас на 40 рублёў, тэндэнцыя паступовага росту курсу амэрыканскай валюты назіраецца ўсе дні новага году. Ці можна сказаць, што адбываецца плаўная дэвальвацыя беларускага рубля? Які курс можна прагназаваць на бліжэйшую і далейшую пэрспэктыву?

На гэтыя пытаньні адказвае дырэктар па дасьледаваньнях Лібэральнага клюбу Яўген Прэйгерман.

Цыганкоў: У апошні дзень мінулага году курс даляра складаў 8570 рублёў. За некалькі працоўных дзён студзеня курс пераважна рос і цяпер дасягнуў 8650 рублёў. Ці можна сказаць, што назіраецца пэўная тэндэнцыя, што ідзе ціхая дэвальвацыя беларускага рубля? Можа, гэта правільны і патрэбны беларускай эканоміцы працэс?

Прэйгерман: Калі Нацбанк сапраўды прытрымліваецца курсу неўмяшаньня ці ўмяшаньня толькі ў надзвычайных сытуацыях — то гэта цалкам нармальны працэс. Мы ведаем, што ўжо ня першы раз каля Новага году ў Беларусі ёсьць ажыятаж вакол курсу даляра. Таму калі адбываецца мяккая дэвальвацыя, то тут нічога кепскага няма.

Здаецца, галоўным дасягненьнем мінулага году ў эканоміцы якраз і была пэўная фінансавая стабілізацыя і адсутнасьць адміністратыўнага фармаваньня курсу. Тут былі і аб’ектыўныя прычыны — добрая замежнаэканамічная каньюнктура, бізнэс з растваральнікамі і гэтак далей.

Цыганкоў: Апошнія дні прагучала шмат прагнозаў наконт таго, якім можа быць курс рубля ў 2013 годзе. Які сцэнар вам здаецца найбольш рэалістычным?

Прэйгерман: Я б спаслаўся на цікавае апытаньне, якое правяла адна кансалтынгавая фірма. Яна апытала шэраг топ-мэнэджэраў беларускіх банкаў. Большасьць зь іх схіляецца да таго, што цягам першай паловы году будзе ісьці павольная дэвальвацыя. Адны кажуць пра 20 працэнтаў, іншыя — крыху больш.

Але прынамсі да паловы году большасьць з гэтых банкіраў ня бачаць нейкіх рэзкіх зьменаў курсу. Што тычыцца другой паловы году, то тут шмат у каго няма ўпэўненасьці. І тут два важныя чыньнікі. Па-першае, мы пакуль ня маем сталых коштаў на нафту — ёсьць дамоўленасьці толькі на першы квартал. Па-другое, праблемы замежнагандлёвага сальда. Калі нічога ня прыйдзе на замену бізнэсу з растваральнікамі, то дэфіцыт галоўнага балянсу стане вялікай праблемай.

Таксама мы ведаем, што сёлета даволі вялікія выплаты па замежных запазычанасьцях — звыш трох мільярдаў даляраў. Так што прагнозы можна рабіць толькі на першую палову году.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG