Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Узяцца за гэты тэкст мяне прымусілі апублікаваныя нядаўна вынікі перапісу насельніцтва Чэхіі, праведзенага ў 2011 годзе. Аказалася, што ў Чэскай Рэспубліцы жывуць 4129 грамадзянаў Рэспублікі Беларусь. Зь іх 2013 вызначылі сваю нацыянальнасьць як беларускую, а 826 чалавек заявілі, што іх родная мова — беларуская.

Мяне гэтыя вынікі непрыемна ўразілі. Асабліва тое, што менш за палову грамадзянаў Беларусі, што жывуць у Чэхіі, лічаць сябе беларусамі!

Напярэдадні Калядаў па старым стылі ўключыў быў беларускую дзяржаўную тэлевізію. У расейскамоўным выпуску навінаў карэспандэнтка, стоячы перад былым менскім кляштарам бэрнардынак, дзе цяпер месьціцца праваслаўная катэдра, казала нешта накшталт такога: «Сегодня у православных Сочельник. Такое название канун Рождества получил от сочива — традиционного рождественского блюда. Его готовят из толченой пшеницы с добавлением мёда, изюма и других сладостей...»

Праз гадзіну па гэтай жа тэлевізіі пачаўся беларускамоўны выпуск навінаў. І там карэспандэнтка заявіла нешта такое: «Сёньня ў праваслаўных беларусаў Куцьця. У гэты дзень да стала падаецца традыцыйная беларуская посная куцьця, якую гатуюць з панцаку і прыпраўляюць мёдам і макам...»

«Куцьця» і «Сочельник»... Можна сказаць, што гэта адна і тая ж страва і адна і тая ж зьява (хоць і розьняцца яны рэцэптамі прыгатаваньня — адна пераважна гатуецца зь ячменю, а другая з пшаніцы). Але можна сказаць і інакш: паміж гэтымі стравамі — прорва, якая падзяляе два суседнія народы, адзін зь якіх спрадвеку імкнецца падбіць і дэнацыяналізаваць другі, а той другі — усё яшчэ квола бароніцца.

Для мяне тыя два выпускі навінаў сталі чарговым сьведчаньнем рацыі Максіма Гарэцкага, які знайшоў у беларусаў «дзьве душы». Так з тымі дзьвюма душамі мы і жывем далей. І прыкладаў гэтаму процьма. То банэры з заклікамі за мову вывешваюць, то заяўляюць, што ВКЛ — беларуская дзяржава і ганарацца Радзівіламі, Сапегамі і іх замкамі, то кажуць, што мы з расейцамі адзін народ і плятуць нешта пра прапахлую нафталінам трыадзіную Расею.

Вынікі гэтага беларускага хістаньня добра праявіліся ў выніках чэскага перапісу. Менш за палову грамадзянаў Беларусі, прысутных у Чэхіі, лічаць сябе беларусамі і толькі пятая частка іх называе роднай мовай беларускую. Беларусы, па вялікім рахунку, усё яшчэ гной гісторыі — яны ўгнойваюць суседнія народы сваімі талентамі і сваімі генамі, бо ж уцякаюць у суседнія краіны і дэнацыяналізуюцца найбольш актыўныя.

У гэтай сувязі зноў прыгадваюцца леташнія дыскусіі пра патрэбу стварэньня беларускай культуры на расейскай мове. Здаецца мне, што 2116 грамадзянаў Беларусі, якія жывуць у Чэхіі і ня лічаць ужо сябе беларусамі, ніякай патрэбы у беларускай культуры ня маюць — хоць беларускамоўнай, хоць расейскамоўнай, хоць якой іншай. Яны ўжо маюць культуру — «великую русскую культуру» і «великий и могучий русский язык», а разам зь імі расейскамоўныя газэты і часопісы Чэхіі, расейскія крамы з савецкімі доктарскай каўбасой, ікрой і грэчкай, гастролі расейскіх зорак эстрады і расейскіх тэатраў, і, натуральна, спадарожнікавую расейскую тэлевізію. Да гэтага ж ліку можна дадаць і 1187 грамадзянаў Беларусі, якія маюць іншыя, чым беларуская, родныя мовы.

І ня важна, што «великие и могучие» культура і язык сёньня выхадцамі з нацыянальных ускраінаў былога СССР практыкуюцца ўжо ў іх масавых формах. Калі тэлевізія, то сэрыялы і танныя шоў, калі літаратура, то Дар’я Данцова, калі мова, дык «па жизни», «в натуре», «зуб даю», «мочить», «облом» і г. д.

Па вялікім рахунку, можна сказаць, што мы маем справу з Расейскай імпэрыяй, якая ў сваім савецкім выданьні ўсё яшчэ існуе калі не на мапе сьвету, дык у душах мільёнаў прадстаўнікоў народаў, якія фармальная ў яе ўжо не ўваходзяць.

Гэта і засьведчыў перапіс насельніцтва Чэхіі 2011 году. (Хоць поўнага даверу да гэтых лічбаў быць не павінна. Напрыклад, мая сям’я і яшчэ 20-30 маіх знаёмых адказалі на адно з пытаньняў аднолькава, але ў канечных выніках перапісу нашы адказы аказаліся ніяк ня ўлічаныя — супраць таго парамэтру стаяла лічба «0». Таксама не на карысьць Чэскага статыстычнага камітэту і лічбы па носьбітах расейскай мовы — там няясна, куды дзеліся больш за 60 тысяч неўкраінскамоўных грамадзянаў Украіны)

Тым ня менш вось вынікі чэскага перапісу па ўкраінцах. Грамадзянаў Украіны ў Чэхіі жыве 116 139 чалавек. Украінцамі сябе лічаць 53 253 чалавекі, а роднай моваю ўкраінскую назвалі 48 250. З аднаго боку, тут бачым спадчыну СССР і савецкі народ, але зь іншага — амаль усе, хто лічыць сябе ўкраінцамі, назвалі роднай мовай украінскую. Вядома, тут мова ідзе пераважна пра выхадцаў з Заходняй Украіны.

А вось вынікі па расейцах. Грамадзянаў Расеі тут 31 545 чалавек. Расейцаў сярод іх паводле нацыянальнасьці — 17 872 чалавекі, што ня дзіўна з увагі на шматнацыянальную структуру Расеі. А вось людзей, якія жывуць у Чэхіі і лічаць сваёй роднай мовай расейскую — набралася аж 31 622. Зразумела, што большасьць беларусаў у гэты лік і трапіла.

Якія ж высновы? Можна шмат захапляцца зьменамі ў лепшы бок, якія адбываюцца цяпер у сьвядомасьці жыхароў Беларусі, асабліва сярод моладзі. Можна шмат гаварыць аб фэномэне беларускамоўнай музыкі або аб маладых таленавітых літаратарах. Можна шукаць праяваў беларускай сьвядомасьці сярод чыноўнікаў рэжыму. Тым ня менш не абвергнуць і таго факту, што Беларусь сёньня перажывае стан пэрманэнтнай нацыянальнай катастрофы, якая не спыняецца з XVII стагодзьдзя. Цуд і ласка нябёсаў, што мы ўсё яшчэ ёсьць.

Здаецца, што ў стане гэтай нацыянальнай катастрофы і рэжыму, які яе падтрымлівае і паглыбляе, ніякая палітыка ў Беларусі ўжо немагчымыя. Застаецца толькі культурны супраціў.

Таму далучаюся да закліку Станіслава Шушкевіча і Сяргея Дубаўца да ўсіх, каму дарагая Беларусь — загаварыць па-беларуску. І дадаю яшчэ адзін заклік. Кожны беларускамоўны інтэлектуал, які можа, хай напіша кніжку па-беларуску. А лепш — некалькі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG