Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кошт новага прэзыдэнцкага парталу завышаны ў дзясяткі разоў


Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, згодна зь якім зь дзяржаўнага бюджэту выдаткоўваецца больш за 300 тысяч даляраў на мадэрнізацыю прэзыдэнцкага інтэрнэт-парталу. Як кажуць адмыслоўцы, гэта значныя сродкі нават па заходніх мерках. Дзеля чаго такія траты. http://app.sliderocket.com:80/app/fullplayer.aspx?id=F5BA37CF-79D5-17C3-4466-1E3C216FE482

Цяперашні сайт www.president.gov.by суправаджаецца ўдакладненьнем, што гэта «афіцыйны інтэрнэт-партал прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь». Само паняцьце «партал» мае на ўвазе перадусім ягоную мультымэдыйнасьць, аднак інтэрнэт-старонка кіраўніка Беларусі — ці ня самая кансэрватыўная на тле сайтаў іншых кіраўнікоў дзяржаў.

Большую частку займаюць афіцыйныя дакумэнты і пераказы прэзыдэнцкіх сустрэчаў. Ніякай асабістай інфармацыі, за выключэньнем сьціслага пераліку этапаў кар’ернага росту. Апошнім часам калі што і рэдагуецца, дык гэта дзень нараджэньня Лукашэнкі — ці то 30, ці 31 жніўня. Апошнія здымкі ў фотаальбоме — на пару зь Дзедам Марозам на прэзыдэнцкай ёлцы, а таксама падчас адкрыцьця Каляднага хакейнага турніру на прыз прэзыдэнта. Відэасправаздачаў ці адсылак на сацыяльныя сеткі няма.

Патрэба прыстасаваць прэзыдэнцкі сайт да вымогаў часу насьпявала даўно. Але ці такім коштам? Адмыслоўцы прызнаюць, што бюджэт у 300 тысяч даляраў значны нават па міжнародных стандартах, але ў гэтай справе шмат залежыць ад тэхнічных парамэтраў праекту. Гаворыць супрацоўнік менскай студыі па распрацоўцы сайтаў Андрэй Грачоў:

«Асабліва ў тэму не заглыбляўся — навіна праскочыла, ды ўсё, ня больш за гэта. Але ж ніхто ня ведае, якія патрабаваньні закладзеныя ў гэты бюджэт, што патрабуецца рэалізаваць. Таму меркаваць, вялікі гэта бюджэт ці ня надта, — досыць складана. Усё залежыць ад таго, якія перад распрацоўнікамі пастаўленыя задачы. Зноў жа, хто менавіта будзе распрацоўваць, на якой плятформе ўсё будзе трымацца. То бок вельмі шмат тэхнічных дэталяў, нюансаў, якія пакуль застаюцца таямніцай і ад якіх залежыць канчатковы каштарыс. Вядома, бюджэт надзвычай сур’ёзны, але, магчыма, адпаведна і адказнасьць будзе сур’ёзная, і тэхнічнае выкананьне такой задумы складанае. Цяжка пакуль нешта аналізаваць».



Згодна з расцэнкамі спэцыялізаваных беларускіх студый, распрацоўка звычайных сайтаў каштуе кліенту ад 1500 даляраў і больш. «Наварочаныя» інтэрнэт-старонкі, якія робяць сабе сур’ёзныя кампаніі, банкі, крамы, у максымальнай камплектацыі каштуюць 10–20 тысяч даляраў. Прыблізна ў такія ж грошы выліваюцца сайты прэзыдэнтаў суседніх зь Беларусьсю дзяржаў. Міхаіл Падаляк, журналіст з пулу ўкраінскага прэзыдэнта Віктара Януковіча, перакананы: нават у карумпаванай Украіне не адважыліся б закласьці такія выдаткі на «мадэрнізацыю»:

Міхаіл Падаляк
Міхаіл Падаляк
«Дзеля таго, каб зрабіць партал, у якім бясьпека будзе на найвышэйшым узроўні, які будзе абаронены ад DDoS-атакаў і г.д., — максымум да 50 тысяч даляраў. Гэта проста столь. Прычым з вэб-дызайнам, які будзе індывідуальным, унікальным. Бо кошт добрага сайту з абароннымі мэханізмамі, з хостынгам бясконцым — парадку 10 тысяч, максымальная цана. Прынамсі тут, на ўкраінскім рынку. Гэта каб было зразумела. Таму 300 тысяч за сайт — гэта разоў у 30 завышаны кошт. Як мінімум. Бо калі гэта толькі на распрацоўку сайту, на забесьпячэньне тэхнічнага складніка, на дызайн-распрацоўку, то, вядома, кошт вельмі завышаны. І я так разумею, што, безумоўна, нехта нажывецца. Звычайна бюджэт фармуецца зь дзьвюх частак. Першая — тэхнічная частка на распрацоўку, на дызайнаваньне і г.д. А другая частка — бюджэт на памесячныя аплаты, зьвязаныя зь бягучымі выдаткамі. Але я думаю, што калі зьбіраюцца ўкладаць 300 тысяч, то гэта ад 10 да 30 разоў завышаная аплата, адназначна».

Афіцыйнае інтэрнэт-прадстаўніцтва прэзыдэнта Ўкраіны www.president.gov.ua — гэта стужка навінаў, якой карыстаюцца ў тым ліку і журналісты. Тут навіны, зьвязаныя зь дзейнасьцю прэзыдэнта, зьяўляюцца раней, чым нават у інфармацыйных агенцтвах. Апроч афіцыйных дакумэнтаў, прадстаўленыя відэсправаздачы зь міжнародных візытаў, фотаальбомы, асабістыя зьвесткі пра Віктара Януковіча і ягоную сям’ю і г.д.

Яшчэ больш прасунутыя ў тэхнічным выкананьні інтэрнэт-старонкі вышэйшых кіраўнікоў Літвы і Польшчы. Так, сайт Далі Грыбаўскайце www.president.lt адкрываецца запрашэньнем напісаць ліст прэзыдэнту Літоўскай Рэспублікі. Тут жа — інструкцыя, як кантактаваць праз сацыяльныя сеткі Facebook, Twitter. На тытуле — жывая фотагалерэя зь мерапрыемстваў, у якіх брала ўдзел Даля Грыбаўскайце. Ёсьць вялікі архіў прэзыдэнцкіх аўдыё- і відэазапісаў.

Адной з самых інфармацыйна насычаных адмыслоўцы лічаць інтэрнэт-старонку прэзыдэнта Польшчы www.prezydent.pl Браніслава Камароўскага. Наведнікаў вітае ягоны фатаздымак з жонкай Ганнай (дарэчы, ёй прысьвечаны асобны разьдзел). Сайт ня толькі апэратыўна інфармуе пра падзеі ў дзяржаве, але і дае магчымасьць палякам свабодна выказваць сваю пазыцыю адносна працэсаў у краіне. А СМІ актыўна скарыстоўваюць бясплатна выкладзеныя фотаздымкі.

Крыху саступае ў насычанасьці сайт прэзыдэнта Латвіі www.president.lv Андрыса Бэрзіньша. Але, як кажа дарадца прэзыдэнта Ліга Крапанэ, кіраўніцтва краіны ўсяляк стымулюе спрашчэньне зносінаў на ўсіх узроўнях, таму якраз пачынаецца праца па карэннай мадэрнізацыі інтэрнэт-старонкі. Праўда, максымальны дазволены кошт гэтага праекту амаль у восем разоў меншы, чым у Беларусі:

«У нас сапраўды плянуецца праект мадэрнізацыі вэб-сайту, вы якраз своечасова
На гэтую канкрэтную паслугу Канцылярыя прэзыдэнта Латвіі можа патраціць ня болей чым 20 тысяч латаў (прыблізна 40 тысяч даляраў)

затэлефанавалі. Але праца яшчэ не пачатая, бо, паводле закону, нам трэба арганізаваць адкрыты конкурс для прэтэндэнтаў, якія змогуць прапанаваць свае ідэі. І самае галоўнае, мы павінны ўсё ўзважыць па цане. Таму ў нас гэты працэс пакуль на самым пачатку, і на 2013-ты гэта адна з нашых мэтаў. Вядома, вэб-сайт — надзвычай важная пляцоўка для камунікацый і з журналістамі, і з насельніцтвам. Але, яшчэ раз паўтару, у працэсе мадэрнізацыі прэзыдэнцкага сайту, згодна з нашым заканадаўствам, існуюць розныя абмежаваньні ў закупах паслугаў. Дык вось на гэтую канкрэтную паслугу Канцылярыя прэзыдэнта Латвіі можа патраціць ня болей чым 20 тысяч латаў. Калі перавесьці гэта, прыкладам, на даляры, то выйдзе прыблізна 40 тысяч даляраў».

А вось сайт прэзыдэнта Расеі www.kremlin.ru Ўладзімера Пуціна аб’ектыўна страціў сваю ранейшую адметнасьць. У 2008 годзе Дзьмітрый Мядзьведзеў, які займаў тады прэзыдэнцкую пасаду, унёс сьвежы струмень у пратакольныя справаздачы, арганізаваўшы прэзыдэнцкі «відэаблог». Развагі на палітычныя і сацыяльныя тэмы, уражаньні ад замежных візытаў, аналіз наступстваў фінансавага крызісу — усё гэта істотна ажывіла сайт. Увогуле Мядзьведзеў лічыўся адным з самых прасунутых «прэзыдэнтаў-інтэрнэтчыкаў», але зь яго сыходам відэаблогі на крамлёўскім партале спыніліся. Пуцін, як і Лукашэнка, ня надта пра гэта дбае.

Падчас адной з прэс-канфэрэнцыяў Аляксандар Лукашэнка прызнаўся, што слаба разьбіраецца ў кампутары, а апошнія навіны яму паведамляе «прасунуты» малодшы сын. Па словах Лукашэнкі, амаль кожную раніцу Міколка залазіць на прэзыдэнцкі сайт са словамі — «ну, паглядзім, што там сёньня пра цябе напісалі». Але відавочна, што прэзыдэнцкі сайт у цяперашнім выглядзе — зусім ня тое месца, дзе можна прачытаць нешта цікавае пра кіраўніка Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG