Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Манёнак: Беларусі выгадна, калі цэны на нафту ўпадуць


Тацяна Манёнак

Тацяна Манёнак

Цягам найбліжэйшых двух гадоў вытворчасьць нафты і нафтапрадуктаў у сьвеце павялічыцца і будзе значна перакрываць попыт на іх. А гэта прывядзе да зьмяншэньня цэнаў на сыравіну. Такія высновы зьмяшчаюцца ў справаздачы незалежнай Інфармацыйнай управы пры Міністэрстве энэргетыкі ЗША.

8 студзеня адмыслоўцы Міністэрства энэргетыкі ЗША падрыхтавалі першы сёлета прагноз разьвіцьця сытуацыі на глябальных энэргетычных рынках.

У 2013-м сярэдні кошт барэля нафты будзе 105 даляраў. А ў 2014-м — 99 даляраў ЗША. Летась сярэдні кошт быў 112 даляраў.

Як магчымы паварот падзеяў паўплывае на Беларусь, якая мае два сучасныя нафтаперапрацоўчыя заводы і прадае шмат нафтапрадуктаў на замежныя рынкі?

На гэтае пытаньне «Свабоды» адказвае эканамічная аглядальніца Тацяна Манёнак:

«Па-першае, такіх прагнозаў робіцца вельмі шмат. І прагнозаў даволі розных.

Па-другое, трэба абавязкова ўлічваць, што Беларусь мае вялікія прэфэрэнцыі. Як сябра Мытнага зьвязу яна атрымлівае расейскую нафту бяз мыта. Гэта — вельмі вялікі бонус, каля 400 даляраў на кожнай тоне нафты. І гэта таксама азначае, што Беларусь купляе нафту не па ўсясьветных цэнах, а значна таньней. Праўда, трэба вяртаць Расеі мыта за прадукты, зробленыя зь яе нафты і прададзеныя за мяжу. Але гэтае мыта істотна меншае за 400 даляраў. Таму Беларусь, можна сказаць, спэцыфічны ўдзельнік нафтавага рынку.

Калі цэны на нафту і сапраўды будуць зьніжацца, як гаворыцца ў гэтым прагнозе, то для Беларусі гэта выгадна. Аднак для нас больш важны паказьнік — цэны на прадукты з нафты. Важна, каб яны ў пэрспэктыве ня вельмі ўпалі і каб лаг паміж цэнамі на сырую нафту і на прадукты зь яе значна не зьніжаўся. Пакуль такога не назіраецца.

Відавочна, што калі прагноз спраўдзіцца, то прыбыткі будуць зьменшаныя. Але ж ня толькі для Беларусі, а для ўсіх нафтавых кампаніяў, для ўсіх нафтавых дзяржаў. Таму трэба ўжо сёньня думаць, як падвысіць маржу, як атрымаць болей грошай ад экспарту нафтапрадуктаў. Гэта можна зрабіць, напрыклад, падняўшы іх якасьць, наладзіўшы больш эфэктыўную лягістыку, знайшоўшы новыя рынкі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG