Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск і Гамбург. Збудаваць паміж імі масты амаль немагчыма, калі яны і ўзьнікаюць, то ня там, дзе іх чакаюць, ды ўсё нейкія вяровачныя, здрадлівыя, часовыя... Такія хісткія, амаль уяўныя, яны пагойдваюцца над прорвай гісторыі — хутчэй ранішні міраж, чым надзейная апора. Канчаткова прачнуўшыся, у здаровым розуме на такія ўжо ня ступіш. Але ў тумане зімовай раніцы, у ачмурэньні ад прачытанага ўчора іх раптам заўважаеш, і вось ужо ідзеш, упэўнена, як люнатык, на той бераг, быццам нехта паклікаў.

Вось жа, на станцыі Гольстэнштрасэ вісіць вялізная рэкляма ніжняй бялізны. Сумны спэцдзядзька ў спэцадзеньні становіцца на свае спэцдрабіны, мачае свой спэцпэндзаль у спэцклей і пачынае вадзіць ім па азадку азяблай прыгажуні, гіганцкі здымак якой так нахабна зазірае ў вокны цягнікоў. Зьбіраецца наклеіць паўзьверх яе новую сяброўку сьнежня. Ён лашчыць пэндзлем адсырэлыя сьцёгны... Хто ляжа на яе месца? Не, гэта будзе тэатральная афіша. У Гамбургу ідзе «Анатэўка» — мюзыкл паводле твору Шолэм-Алэйхэма «Тэў’е-малочнік». І раптам туман радзее, мост проста перад табой, а на тым беразе ўжо шарэе Менск, Менск канца саракавых гадоў мінулага стагодзьдзя. З усімі ягонымі сумётамі і грузавікамі, з усімі ягонымі начамі і таямніцамі.

...Раніцай 13 студзеня 1948 году ў Менску на вуліцы Беларускай, недалёка ад яе перасячэньня з Гарбарнай (цяпер Ульлянаўская), мінакі пабачылі пры дарозе ў сумёце два трупы. Адзін зь іх, як высьветлілася ў той самы дзень, належаў літаратару Голубаву, другі — знакамітаму актору і рэжысэру Саламону Міхоэлсу. Паводле вэрсіі ўладаў, уначы іх зьбіла машына. Што адбылося насамрэч, стала вядома пазьней, калі ўлады зьмяніліся і на месца вэрсіяў прыйшла праўда, ці паўпраўда — бо і ўлада ж ніколі не зьмяняецца да поўнае непазнавальнасьці.



Міхоэлс прыехаў у Менск з Масквы 8 студзеня. Гэта была службовая паездка, ён меўся паглядзець два спэктаклі, што прэтэндавалі на Сталінскую прэмію: 10-га «Заслонава» ў Расейскім тэатры, 11-га «Алесю» у Опэрным. 9-га ён пайшоў у Беларускі дзяржаўны яўрэйскі тэатар на таго самага «Тэўе-малочніка» паводле Шолэм-Алэйхэма.

Таго самага Тэўе, які сказаў:

«Ці ведаеце вы, што бог на сьвеце ёсьць? Я не кажу: ваш бог, ці: мой бог, я кажу пра таго нашага агульнага бога, які сядзіць там наверсе і бачыць усе подласьці, што робяцца тут, унізе!»

дача Цанавы ў Сьцяпянцы

дача Цанавы ў Сьцяпянцы

Тут, унізе, усё ішло паводле пляну. «Я, відаць, хутка памру», — сказаў Міхоэлс у той дзень менскім знаёмым. Сказаў, яшчэ ня ведаючы, што яму падрыхтаваная роля ахвяры ў іншым спэктаклі — спэцапэрацыі па ліквідацыі амэрыканскага шпіёна Міхоэлса, то бок яго самога. Кіраваў апэрацыяй генэрал МГБ Агальцоў. 12 студзеня ўвечары Міхоэлса і літаратара Голубава, які быў няштатным агентам МГБ, не падазраючы, які канец яму падрыхтаваны, завезьлі на дачу Цанавы ў Сьцяпянцы і раздушылі там коламі грузавіка. А потым выкінулі трупы на вуліцы Беларускай, недалёка ад гатэлю.

Тут, унізе.

Менчукі не паверылі ў афіцыйную вэрсію. У яе не паверылі ўжо самыя першыя экспэрты-мэдыкі, бо сьляды на целах недвухсэнсоўна сьведчылі пра забойства, а не пра выпадковы наезд. Пасьля сьмерці Сталіна ўсё высьветліцца. На жаргоне тых гадоў, сацыялістычная законнасьць будзе адноўленая. Пацьвердзіць вэрсію забойства потым і Хрушчоў у сваіх мэмуарах: «Міхоэлса тады забілі, а забойцаў узнагародзілі». А ўжо праз чатыры месяцы пасьля забойства Міхоэлса будзе абвешчаная Дзяржава Ізраіль. Якую ня так проста будзе раздушыць пад коламі грузавіка і выкінуць на сумёт гісторыі. Ці сьпіхнуць у мора.

Здавалася б, час мусіць няўхільна аддаляць гэтыя падзеі і зрабіць іх нарэшце гісторыяй. Тыя месцы ў Менску, якія зьвязаныя з гібельлю Міхоэлса, маглі б калі-небудзь зрабіцца турыстычнымі адметнасьцямі. Або, на ўзор Гамбургу, тут мусілі б узьнікнуць свае штольпэрштайнэ, камяні, аб якія павінна спатыкацца памяць бесклапотнага мінака: яны ўбудаваныя ў вулічны брук, і на кожным — імя замучанай некалі ў горадзе ахвяры... Каб кожны мог па сваім мосьце дайсьці да таго, сталінскага Менску і падумаць пра нешта сваё. Калі-небудзь такое стане магчымым, але не цяпер. Бо і сучасны Менск, у якім так цяжка аб нешта спатыкнуцца, за апошнія пятнаццаць гадоў некалькі разоў рабіўся месцам спэцапэрацый па ліквідацыі розных «варожых шпіёнаў». Якіх да гэтага часу ніхто не знайшоў — як і саміх выканаўцаў. Тут, унізе, дагэтуль зьнікаюць людзі, і іх не адшукваюць ні на Беларускай, ні на Гарбарнай, ні ў Сьцяпянцы. Наогул, нідзе.

Затое усе ведаюць, дзе Нацыянальная бібліятэка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG